Гэтымі днямі Беларусь з візітам па запрашэнні Палаты прадстаўнікоў наведвае іранская парламенцкая дэлегацыя на чале з кіраўніком рабочай групы Сходу ісламскага савета Ісламскай Рэспублікі Іран па супрацоўніцтве з Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь Аліясгарам Багерзадэ.
Сустракаючыся з іранскімі гасцямі, намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў Вадзім Іпатаў заявіў: «Мы разглядаем Іран у якасці важнага партнёра ў рэгіёне, аўтарытэтнага ўдзельніка міжнародных адносін і імкнёмся да ўстанаўлення стратэгічнага партнёрства. У нас адзінае разуменне працэсаў, што адбываюцца ў свеце, і імкненне да фарміравання справядлівага шматпалярнага светаўладкавання. Мы прайшлі ўжо сур’ёзны шлях дыпламатычных адносін — 32 гады, як мы ўзаемадзейнічаем на гэтым узроўні. Для нас вельмі важныя кантакты на найвышэйшым і высокім узроўні. У кастрычніку мінулага года Прэзідэнтамі Беларусі і Ірана на сустрэчы падчас саміту БРІКС у Казані дасягнута дамоўленасць аб падпісанні сумеснай заявы аб паглыбленым развіцці міждзяржаўных адносін».
Віцэ-спікер нагадаў, паміж нашымі краінамі падпісана Дарожная карта ўсебаковага супрацоўніцтва на 2023-2026 гады. «Менавіта на гэтым прапануем сканцэнтраваць нашы намаганні, — адзначыў ён. — Тут нашым краінам ужо ўдалося дасягнуць пэўных вынікаў, але, улічваючы вытворчыя магутнасці, узровень навукова-тэхнічнага і інавацыйнага развіцця краін, а таксама ёмістасць рынкаў ЕАЭС і ШАС, патэнцыял, безумоўна, значна шырэйшы. Асабліва ў частцы развіцця міжрэгіяльнага супрацоўніцтва».

Вадзім Іпатаў дадаў, што Беларусь высока цэніць трывалыя адносіны і ўзровень узаемнай падтрымкі з Іранам у ААН і іншых міжнародных арганізацыях і выказаў удзячнасць Ірану за падтрымку нашай краіны ў Азіяцкай парламенцкай асамблеі. Ён таксама выказаў зацікаўленасць беларускага боку ў далейшым паглыбленні міжпарламенцкіх сувязяў. Паводле яго слоў, актыўны дыялог парламентарыяў Беларусі і Ірана ў поўнай меры адпавядае ўзаемным інтарэсам супрацоўніцтва краін на вышэйшым і высокім узроўні. Віцэ-спікер таксама пацвердзіў гатоўнасць прыняць старшыню Сходу ісламскага савета Ірана Махамада-Багера Галібафа ў Беларусі ў любы зручны для яго час.
Беларускі бок нацэлены на практычнае супрацоўніцтва з Іранам па ўсіх напрамках, якія маюць узаемную цікавасць, адзначыў віцэ-спікер. Ён нагадаў, што ў рамках візіту дэлегацыі пад кіраўніцтвам Старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергяенкі ў Тэгеран у 2024 годзе для ўдзелу ў цырымоніі інаўгурацыі Прэзідэнта Ірана Масуда Пезешкіана адбыўся шэраг сустрэч з кіраўніцтвам Ірана. Былі абазначаны такія напрамкі беларуска-іранскага супрацоўніцтва, як развіццё дагаворна-прававой базы, пашырэнне ўзаемавыгадных эканамічных і гуманітарных сувязей. «Гэтаму ў многім садзейнічае работа беларуска-іранскіх парламенцкіх груп дружбы. Мы павінны захоўваць гэту станоўчую дынаміку ўзаемадзеяння і пашыраць наша супрацоўніцтва», — падкрэсліў Вадзім Іпатаў.
Іран зацікаўлены развіваць адносіны з Беларуссю па ўсіх напрамках, заявіў журналістам па выніках сустрэчы Аліясгар Багерзадэ «На гэты момант мы бачым аднабаковыя несправядлівыя санкцыі, абмежаванні з боку калектыўнага Захаду супраць Ісламскай Рэспублікі Іран, а таксама супраць Рэспублікі Беларусь. Нашы краіны павінны рухацца побач, супрацоўнічаць у розных галінах і такім чынам развіваць нашы адносіны яшчэ больш», — адзначыў кіраўнік рабочай групы.
Аліясгар Багерзадэ падкрэсліў, што Беларусь і Іран падтрымліваюць адна адну ў міжнародных арганізацыях.

«Таксама хацеў бы адзначыць, што тавараабарот паміж нашымі краінамі ў параўнанні з папярэднімі гадамі вырас намнога. Мы прыехалі з афіцыйным візітам, каб садзейнічаць пашырэнню адносін, павялічваць тавараабарот, развіваць адносіны ў палітычнай, культурнай, эканамічнай, парламенцкай сферах, — дапоўніў ён. — Паміж Іранам і Рэспублікай Беларусь падпісаны. Шматлікія пагадненні, у прыватнасці, можна адзначыць дарожную карту супрацоўніцтва. І ў далейшым візіт старшыні парламента Ірана Махамада-Багера Галібафа ў Беларусь дазволіць дасягнуць яшчэ большага паміж нашымі краінамі. Таксама ў хуткім часе плануем візіт Прэзідэнта Ірана ў Рэспубліку Беларусь».
У праграме візіту іранскай дэлегацыі — у тым ліку і наведванне шэрагу беларускіх прадпрыемстваў у галіне машынабудавання, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
Паводле БелТА