Top.Mail.Ru

Іпатаў расказаў б асаблівасцях чацвёртай сесіі Палаты прадстаўнікоў восьмага склікання

«Мы павінны разумець, што мы ў канчатковым выніку прымаем»

Чарговая сесія Палаты прадстаўнікоў пачалася 15 верасня — напярэдадні Дня народнага адзінства і трыццацігадовага юбілею першага Усебеларускага народнага сходу. Аб іншых асаблівасцях сесіі і яе задачах у праграме «Актуальны мікрафон» на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё расказаў намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў Вадзім ІПАТАЎ.

На карысць людзей, на карысць краіны

Асобны акцэнт парламентарыі традыцыйна робяць на падрыхтоўцы бюджэтна-падатковага пакета на наступны год. Рэспубліканскі бюджэт павінен адпавядаць Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026–2030 гады, і дэпутаты ўключаюцца ў гэту работу яшчэ на стадыі распрацоўкі адпаведных дакументаў, расказаў Вадзім Іпатаў.

Паводле яго слоў, заўсёды захоўваецца сацыяльная накіраванасць бюджэту. «Нас, як звычайных грамадзян, хвалюе перш за ўсё сістэма адукацыі, медыцына, культура, развіццё спорту, — адзначыў Вадзім Іпатаў. — Таксама падтрымка шматдзетных сем’яў, абарона чалавека працы — стыпендыі, зарплаты, пенсіі. Гэта тыя важныя элементы жыцця, якія цікавяць кожнага з нас».

Дарэчы, Вадзім Іпатаў падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва з іншымі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі, дыпламатыі як неад’емнай часткі работы парламента. На яго думку, замыканне ў сваім асяроддзі не дазволіць краіне развівацца, бо эканамічныя працэсы паміж дзяржавамі ўплываюць на даходы і жыццё людзей.

Адзін з перспектыўных напрамкаў — Кітай, не абыходзяць бокам і асноўнага стратэгічнага партнёра — Расію. Увага ўдзяляецца таксама Паўднёва-Усходняй Азіі і Афрыцы. «Гэта нашы сябры, якія ўспрымаюць нас як краіну, што адказвае за ўзятыя на сябе абавязацельствы, краіну, якая верная сваім прынцыпам і якая сёння гаворыць голасна аб неабходнасці фарміравання новага светапарадку, дзе няма месца непавагі паміж краінамі, спроб умешвацца ва ўнутраныя справы», — адзначыў Вадзім Іпатаў.

Дзе закон — там і парадак

Актыўную цікавасць сёння выклікаюць пытанні прававога забеспячэння лічбавага рубля — як у прафесійным асяроддзі, так і сярод звычайных грамадзян. Вадзім Іпатаў пацвердзіў, што работа над заканадаўствам па гэтай тэме ідзе дастаткова даўно і асцярожна. Лічбавы рубель — гэта адна з форм безнаяўнага разліку, але на спецыяльных лічбавых рахунках, якія будуць адкрыты ў Нацыянальным банку.

«Мы не павінны фантазіраваць у гэтай сферы, — падкрэсліў ён. — Неабходна прапрацаваць усе выклікі і пагрозы, якія магчымыя пры выкарыстанні гэтай сістэмы». Намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў таксама адзначыў, што ўжо адбылося некалькі рабочых сустрэч з Нацыянальным банкам: «Мы павінны разумець, што мы ў канчатковым выніку прымаем і як гэта адаб’ецца на развіцці нашай эканомікі».

Дарэчы, на першым пасяджэнні ўжо былі разгледжаны два блокі пытанняў: заканадаўчыя ініцыятывы, якія датычацца развіцця аграрнага сектара дзяржавы (тэмы меліярацыі, жывёлагадоўлі, ветэрынарыі і рыбаводства). Другая група была прысвечана знешнепалітычнай дзейнасці: ратыфікацыі дагавораў з Расіяй і Ганай па шэрагу канкрэтных кірункаў.

У рабоце — законапраекты ў сферы прамысловай бяспекі, перавозкі небяспечных грузаў, а таксама падрыхтоўка да разгляду змяненняў у Працоўны кодэкс, Кодэкс аб ахове здароўя. «Работа па кансалідацыі ўсіх норм у адзін дакумент — гэта правільна, каб нашы грамадзяне атрымалі дакумент сістэмны, комплексны, які цалкам асвятляе сферу аховы здароўя», — падкрэсліў Вадзім Іпатаў. У парадак дня чацвёртай сесіі ўключаны таксама законапраекты, якія датычацца ваеннай і дэмаграфічнай бяспекі, а таксама сямейнай палітыкі. Але і пералічанае — гэта толькі невялікая частка таго, што будзе разгледжана дэпутатамі.

Аміна НАЗАРАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю