Top.Mail.Ru

Ірына Карнаухава. «Дробка солі»

Ірына Карнаухава мае музычную і педагагічную адукацыю. Каля дзесяці гадоў узначальвала Міханавіцкую школу мастацтваў Мінскага раёна. Арганізатар і кіраўнік народнага клуба паэтаў і кампазітараў «Жывіца» пры Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці. Аўтар двух дзясяткаў кніг для дзяцей і дарослых. Пераможца і неаднаразовы ўдзельнік конкурсу апавяданняў «Звязды».


У цэнтры прозы літаратаркі — узаемаадносіны людзей, розныя жыццёвыя сітуацыі, мімалётнае і вечнае. Стылю асобных твораў уласцівы гумар — такога кшталту апавяданне «Дробка солі». Ці то верыць, ці не ў дзейснасць абраду, які ладзіла Ларыса, няхай вырашае чытач. А вось сама гераіня нечаканым вынікам аказалася цалкам задаволеная. Праўда, не адразу…

Алена БРАВА

— Рукой вяду, бяду адвяду, што мне жадаюць — сабе вяртаюць. Што да мяне прыйшло, назад усё сышло. Сапраўды! — сказала Ларыса і шпурнула дробку солі з балкона. Пасля другога разу знізу з цемры пачуўся неперадавальны «народны фальклор». Але Ларыса ўжо не магла спыніцца: абрад трэба было здзейсніць тройчы.

— Каб цябе разарвала!.. Што за дрэнь на галаву сыплецца?!

Мужчынскі басавіты голас спачатку ўвёў маладую жанчыну ў ступар, але потым яна вырашыла папрасіць прабачэння і вымавіла як мага цішэй:

— Ой, мужчына! Вы не лайцеся так гучна. А то суседзі міліцыю выклічуць. Я ж не хацела…

— Гэта што яшчэ за курыца там квохча, — раўнуў бас.

— Я ж прашу вас: цішэй... Я зараз спушчуся. Не сыходзьце.

Ларыса хутка накінула на плечы плашч і ў тапках пабегла са свайго чацвёртага паверха па пад’ездзе. На вуліцы пад балконамі стаяў высокі мажны мужчына.

— Ой! Выбачайце! Гэта я ненаўмысна... Абрад, разумееце...

— Які яшчэ абрад?!

— На убываючым месяцы... Тры разы... Соллю...

— Дык гэта яшчэ і соль была?! — зноў раўнуў мужык.

— Калі ласка, не шуміце... Я ж не хацела... Гэта Машка мне сказала...

— Яшчэ і Машка сыпала?

— Не. Машка — мая сяброўка. Яна прынесла замову...

— Яна марская або каменная?

— Хто? Машка?

— Якая Машка?! Соль!.. Во дзеўкі даюць! Здаецца, яшчэ маладая, — незнаёмец наблізіўся, каб разгледзець Ларыску, — ды не, старая. А глупствам усё займаецца.

— Вы не зразумелі...

Ларыса ледзь не сказала — Фёдар: чамусьці ёй здалося, што менавіта так завуць гэтага атланта, які несвоечасова трапіўся ёй.

— Абарону ставіла... Ад чалавечай злосці і для пазбаўлення ад нячыстай сілы…

Мужчына нават папярхнуўся і ледзь не заглынуў цыгарэту:

— Ад чаго? Ад нячысцікаў? А яны ў цябе водзяцца? Напэўна, так, раз сама на ведзьму падобная.

Толькі зараз Ларыска сцяміла, што выгляд у яе яшчэ той: з ручніком на галаве ў выглядзе турбана (вырашыла ўмацаваць і адначасова пафарбаваць валасы хной), з намазанымі бровамі і патчамі на павеках пад вачыма, у плашчы, накінутым на доўгі халат, і тапках... Сапраўды — Баба-Яга. Чырвань заліла твар. Але добра, што час каля поўначы, — не дужа заўважна. Ларысцы нічога не заставалася, як ісці ў наступленне:

— А вы чаго пад балконамі цягаецеся ў такі час? Каго вартуеце? Рабаваць прыйшлі? Вось я зараз выклічу міліцыю…

Ларысу панесла. Але мужчына перапыніў яе контрнаступленне:

— Дык я яшчэ і вінаваты?! Ну трэба ж: прыехаў да сябра ў госці, выйшаў пакурыць, а тут табе галаву, як попелам, пасыпаюць…

І так разышоўся, што Ларыса хутка рэціравалася на свой чацвёрты паверх. «Ага! Дапамог абрад... Паставіла абарону... Бачу, якія істотныя змены з’явіліся адразу ў жыцці... Бумеранг спрацаваў умомант». Хна на галаве ўжо высахла, давялося доўга змываць яе, з-за чаго Ларыска злавалася чамусьці на таго мацака. Спаць яна лягла без настрою, а другой гадзіне.

Раніцай прыдзірліва паглядзела на свой адбітак у люстэрку. Убачанае яе задаволіла (што бывае вельмі рэдка), тым больш пасля недасыпу. Вялікая шапка рудых валасоў рассыпалася па плячах, прыгожыя бровы і вочы з макіяжам прыцягвалі погляд. А точаная фігурка, лёгкая шыфонавая блузка і падоўжаная спадніца памяншалі ўзрост гадоў на пятнаццаць. «Прыгожая, чартоўка!» — пранеслася ў галаве. Зірнуўшы на гадзіннік, Ларыса хутка змяніла тапкі на стыльныя туфлікі і выскачыла за дзверы. Сёння спазняцца ніяк нельга: едзе праверка з глаўка.

— Ларыса! Заходзь адвячоркам, — на першым паверсе яе дагнаў Пашка з сорак дзявятай кватэры, — да мяне сябар прыехаў. Пазнаёмлю.

— Падумаю.

— А што тут думаць? Проста прыходзь.

— О-кей!

Пасля работы Ларыса забегла ў кандытарскую і ўзяла набор пірожных. Яна рэдка дазваляла сабе купляць такія прысмакі. Але сёння была нагода: з пустымі рукамі ісці ў госці нязручна. Пашка адчыніў ёй дзверы. Акрамя яго жонкі Веры, за сталом сядзеў той самы мужчына, якога Ларыса «прычасціла» соллю. Яна аслупянела, збянтэжылася, не ведаючы, як сябе паводзіць, але хутка зразумела, што ён яе не пазнаў. Паступова скаванасць прайшла, і Ларыса ўжо рагатала з усімі разам. Але непрыкметна пазірала на сябра Пашы: у цемры яна яго добра і не разгледзела.

— Я ж забыўся расказаць, што ноччу са мной адбылося! Я выйшаў папаліць на вуліцу...

— Дык мог бы на балконе...

— Я і хацеў, але дзверы так гучна зарыпелі, што вырашыў лепш спусціцца, каб вас не абудзіць. І вось стаю я пад балконамі, а зверху на галаву раптам пачынае нешта сыпацца, ды нейкія дзіўныя мармытанні даносяцца. Я, вядома, не стрымаўся і паслаў па матухне.

— І што гэта было? — пацікавіўся Паша.

— Соль!

— Соль? — перапытала Вера.

— Так, звычайная соль. Па шчырасці, спачатку я нават спужаўся. Хто яго ведае, што можа адбыцца? І што там сыпалася на галаву — порах ці, можа, фосфар...

— І што далей?

— Праз некалькі хвілін з пад’езда выскачыла нейкая дзіўнаватая старая і пачала нешта балбатаць пра замову, абрад... А потым раптам абвінаваціла мяне ў тым, што, бачыце, не ў тым месцы стаяў.

— Цікава, хто гэта можа быць? — сказала Вера, у думках перабіраючы жыхароў усіх кватэр. — Няма ў нас такіх у пад’ездзе.

Але Фёдар (Ларыска трапіла ў кропку з імем мужчыны, ну ніякае іншае не пасавала гэтаму бугаю; «Федзя, Федзя! З’еў мядзведзя...» — успомнілася з дзіцячай лічылкі.) так маляўніча і вобразна апісаў ведзьму, што Пашка нават прысвіснуў. Ларыса маўчала. Пашкіна жонка ўжо ўслых перабрала ўсіх суседзяў, але пад апісанне ніхто не падыходзіў.

— А можа, гэтая старая да кагосьці ў госці прыходзіла? — выказала здагадку Ларыса, хапаючыся за прыдуманую версію як за саломінку. І з палёгкай выдыхнула, калі ўсе пагадзіліся з гэтым. Яшчэ паўгадзіны яны жартавалі над Фёдарам і яго прыгодай…

Нават пражыўшы пятнаццаць гадоў у шлюбе, Ларыса так і не адважылася расказаць мужу пра той няшчасны (а можа, наадварот, шчаслівы!) абрад. Бо ён не толькі ачысціў яе жыццё ад негатыву, але і «прысушыў» да Ларысы суджанага. Раптам Фёдар падумае, што яна насамрэч вядзьмарка?!

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю