Top.Mail.Ru

Ірына Казакова: Да сваёй зямлі нашы продкі ставіліся як да маці

У дзяцінстве яе захапіла стыхія народнай культуры, вывучэнню якой яна прысвяціла жыццё, стварыўшы ўласны напрамак у фалькларыстыцы.


Чаму можна павучыцца ў нашых продкаў? Чым блізкія традыцыйныя культуры Беларусі і Кітая? Чаму ўдзел у жаночым руху пашырае магчымасці дапамагаць людзям? Пра гэта і не толькі — у гутарцы з прафесарам кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства філфака БДУ, доктарам навук, прафесарам, фалькларыстам, этнакультуролагам, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшынёй пярвічнай арганізацыі БСЖ БДУ, уладальніцай звання «Жанчына года — 2022» ў намінацыі «Духоўнасць і культура» Ірынай Казаковай.

БДУ — жыццё і лёс

— У адным інтэрв’ю Вы сказалі, што БДУ для Вас — не проста месца працы…

— Сапраўды, 5 гадоў вучобы і 35 выкладання — ужо больш за 40 гадоў майго жыццёвага шляху звязаныя з БДУ, які я палюбіла адразу. У мяне адзіны запіс у працоўнай кніжцы.

— Як прыйшлі ў прафесію, Ірына Валер’еўна?

— Заўсёды ведала, што буду філолагам. Я гуманітарый ад нараджэння. У дзяцінстве шмат чытала, пісала выдатныя сачыненні. І беларуская, і руская культуры для мяне родныя. Для паступлення выбрала галоўную ВНУ краіны. Вучылася лёгка і з задавальненнем. У нас былі цудоўныя выкладчыкі. Адзін з лепшых успамінаў студэнцтва — удзел у тэатральнай студыі «Летуценнікі», якую стварыла выдатны педагог М. Б. Яфімава. У спектаклі паводле аднайменнай п’есы Янкі Купалы я іграла Паўлінку. 

— А навукай калі пачалі займацца?

— Я заканчвала вучобу, калі дацэнт У. А. Навумовіч ствараў на філфаку кафедру беларусазнаўства, на працу туды запрасілі найлепшых студэнтаў з нашага курса, мяне ў ліку першых. Адначасова я атрымала запрашэнне паступаць у аспірантуру Акадэміі навук. Тады нельга было вучыцца стацыянарна ў аспірантуры і працаваць, а я не хацела расставацца з БДУ, але і навукай вельмі хацела займацца. Мой навуковы кіраўнік А. С. Фядосік, якога лічу сваім сапраўдным навуковым бацькам, дабіўся, каб мне далі завочнае месца ў аспірантуры. Так у 24 гады я стала кандыдатам, а ў 32 — доктарам навук, адным з самых маладых дактароў навук у рэспубліцы сярод жанчын.

За тры гадзіны запісала 116 песень

— Вы аўтар больш за 200 друкаваных прац, у тым ліку сямі манаграфій, прысвечаных беларускай духоўнай спадчыне і традыцыйнай культуры. Што заахвоціла Вас вывучаць народную культуру?

— Усё пачалося ў дзяцінстве. Мае бацькі з Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці. Абодва маіх дзеда аддалі жыццё за Радзіму на франтах Вялікай Айчыннай, бабулі выйшлі замуж у другі раз — таксама за франтавікоў. Таму вайна пакінула след у гісторыі нашай сям’і. У Хоцімскім рэгіёне захавалася вельмі цікавая народная творчасць. Калі я прыязджала туды ўлетку, была ўзрушаная цудоўнымі людзьмі, якія там жылі. І акуналася ў стыхію народнай культуры! Па вечарах мы спявалі беларускія песні, я бывала на вяселлях, мясцовых святах, слухала легенды, казкі і літаральна ўбірала ў сябе ўсё гэта. У нашай сям’і заўсёды шанавалі традыцыі. Дарэчы, на Вялікдзень я пяку куліч, рэцэпт якога застаўся ад прабабулі!

— Пра Вас кажуць як пра заснавальніка сваёй школы фалькларыстыкі…

— Першая мая манаграфія — «Этнічныя традыцыі ў духоўнай культуры беларусаў» — прысвечана старажытным сямейным абрадам і заснавана на тым матэрыяле, які я сабрала ў Хоцімскім раёне. Вывучаючы жывыя народныя традыцыі, адкрыла шмат цікавага — напрыклад, запісала старажытную малітву нявесты Сонцу. Тэкстаў яе не захавалася, а мне пашанцавала сустрэць 93-гадовую жанчыну, якая ад сваёй прабабулі чула пачатак гэтай малітвы. 

З магнітафонам я абыйшла амаль усю Беларусь, сустрэла мноства выдатных людзей — носьбітаў народнай спадчыны. Аднойчы за 3 гадзіны запісала ад адной жанчыны 116 песень! З гэтага ўсё і пачалося. Лічу, што навукоўцы павінны вельмі беражліва ставіцца да народнай спадчыны і захоўваць этнічную свядомасць, этнапсіхалогію, лепшыя традыцыі нашага народа.

— Чаму можна павучыцца ў нашых продкаў, Ірына Валер’еўна? І якія каштоўнасці традыцыйнай культуры блізкія асабіста Вам?

— Сёння мы гаворым пра духоўнасць, сапраўдныя сямейныя каштоўнасці, а ў народнай творчасці ж закладзены ўсе маральныя законы. Чалавек павінен рабіць дабро, не быць подлым, працаваць на карысць сваёй зямлі, любіць сваю сям’ю і сваю Радзіму. У складаныя моманты жыцця мяне падтрымліваюць традыцыйныя для беларусаў здаровы аптымізм, гумар і нават фаталізм: «Трэба жыць як набяжыць», «Што людзям, то і нам».

Кіраўніком нашай дзяржавы пастаўлены сёння перад адукацыяй вельмі сур’ёзныя задачы. Думаючы над тым, што асабіста я магу зрабіць, распрацавала новы курс «Традыцыі патрыятызму ў беларускай культуры». Паняцце сапраўднага патрыятызму закладзена ў беларускай культуры спрадвеку. Міфалагема Маці-Зямлі, вобраз Зямлі-Карміцелькі — да сваёй зямлі нашы продкі ставіліся як да маці, якую трэба любіць, шанаваць і абараняць. Гэта добра адлюстравана ў фальклоры. Са студэнтамі я паглыбляюся ва ўсе пласты нашай культуры, каб паказаць: любоў да свайго, роднага — арганічная, здаўна ўласцівая беларусам. І мне радасна атрымліваць ад студэнтаў вельмі добры водгук на гэты курс.

— На філалагічным факультэце БДУ Вы заснавалі фальклорна-этнаграфічны кабінет-музей беларускай народнай культуры…

— Музей адкрыўся да 85-годдзя БДУ, значная частка экспанатаў — з маёй асабістай калекцыі. Ствараць яго мне дапамагалі многія людзі. Тут прадстаўлены аўтэнтычныя прадметы народнага побыту — адзенне, прадметы штодзённага ўжытку, узоры ткацтва, габелены, саломапляценне і многае іншае. У музеі праходзяць экскурсіі, сустрэчы, майстар-класы народных майстроў. Да дзяржаўных, рэлігійных і народных святаў праводзім выстаўкі. 

Кітай, далёкі і блізкі

— У сваіх даследаваннях Вы праводзіце паралель паміж народнай культурай Беларусі і Кітая. Ці сапраўды ёсць агульнае ў такіх геаграфічна далёкіх адна ад адной краін?

— На самай справе мы дастаткова блізкія. У міфалагічнай свядомасці любога народа прысутнічаюць архетыпы маці, бацькі, роду, дома, вады, зямлі. Нашы народы аб’ядноўвае захаванне традыцый, пошук гармоніі чалавека з навакольным светам, погляды на выхаванне дзяцей, на ролю жанчыны. Яна нясе дабро, гасціннасць, адданая сваёй сям’і, дзецям, мужу, а яе прыгажосць павінна спалучацца з розумам і працавітасцю. У беларусаў ёсць прыказка: «Броўкі як сярпочкі, а ніўка не зжатая». Калі гаспадыня гультайка, то і прыгажосць яе не на карысць. Для кітайцаў у жанчыне таксама важная гармонія знешняга і ўнутранага.

У нашых традыцыйных культурах у жанчыны было дзве асноўныя ролі — рытуальная і бытавая. Зварот да вышэйшых сіл прыроды па дапамогу ажыццяўляла ў беларусаў жанчына-маці (у Кітаі таксама і мужчыны, асабліва імператар). Жаночыя вобразы, звязаныя з таямнічымі сіламі прыроды, з поўняй і месяцам, са звышнатуральнымі з’явамі, ёсць у казках абодвух народаў. Беларусы і кітайцы падобныя працавітасцю, добразычлівасцю, стаўленнем да сям’і, дзяцей, бацькоў. Шмат агульнага ў тым, што датычыцца каляндарных святаў, культу продкаў.

Вынікам супастаўлення нашых культур сталі мая манаграфія «Беларуская і кітайская традыцыйныя народныя культуры: параўнальны аспект» і манаграфія майго вучня і першага майго кітайскага аспіранта Чжана Хуншаня «Семейно-обрядовый фольклор белорусов и китайцев в компаративном аспекте». Разам мы стварылі на філфаку кабінет параўнальнага вывучэння беларускай і кітайскай традыцыйных культур. Чжан Хуншань, зараз ужо дацэнт, працуе ў Хайнаньскім універсітэце і нясе свае веды пра Беларусь маладому пакаленню кітайцаў.

«Разам мы можам больш»

— Вы ўзначальваеце пярвічную арганізацыю БСЖ БДУ. Чаму для Вас важна ўдзельнічаць у жаночым руху?

— Перш за ўсё, я цаню Беларускі саюз жанчын за пашырэнне магчымасцяў рабіць дабро. Калі мы разам, то можам дапамагчы большай колькасці людзей: дзецям, шматдзетным сем’ям, жанчынам у складанай сітуацыі. БСЖ арганізуе, напрыклад, інклюзіўныя творчыя праекты, дзе людзі з асаблівасцямі раскрываюць свае таленты. За нашай пярвічнай арганізацыяй замацаваны дзіцячы дом сямейнага тыпу, дзе выхоўваюцца 7 прыёмных дзяцей. Дзяржава клапоціцца пра іх, у дзяцей ёсць усё неабходнае, але для нас, жанчын ПА БСЖ БДУ, важна здзейсніць мару дзіцяці, стаць ім таксама крыху мамамі, — і мы менавіта гэта і робім, а не проста ўручаем падарункі. 

У нас выдатныя кіраўнікі. Гэта старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская, старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Вольга Чамаданава, Маскоўскай раённай арганізацыі г. Мінска Таццяна Калядка. Захапленне і павагу выклікае старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталля Іванаўна Качанава. Такія жанчыны натхняюць, вядуць наперад, да вялікіх спраў! І мы вельмі паважаем нашага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнка не толькі як дзяржаўнага дзеяча, але таксама бачым у ім сапраўднага мужчыну — сумленнага, надзейнага, моцнага, смелага і мудрага. Ён бясспрэчны лідар і сапраўдны Бацька! А мы ўсе разам павінны захаваць і перадаць будучым пакаленням тое, што маем сёння, усе вялікія дасягненні Беларусі — гэта магчымасць жыць у міры, забяспечаная нашым аграрным сектарам харчовая бяспека, захаванне скарбаў народнай культуры і многае іншае. 

— Якія праекты рэалізуе пярвічная арганізацыя БСЖ БДУ?

— У арганізацыі 480 чалавек, сярод іх 20 дактароў навук. Працуюць клубы па напрамках. «Камея-клуб» праводзіць навуковыя даследаванні, канферэнцыі, на якіх мы гаворым пра ролю жанчын у развіцці навукі і адукацыі. Прайшлі канферэнцыі, прысвечаныя жанчынам-навукоўцам Беларусі, Расіі, Казахстана, Кітая і інш. Заснавалі электронны рэцэнзуемы навукова-асветніцкі часопіс «Сафія», яго галоўным рэдактарам з’яўляюся я, а ў рэдкалегіі — навукоўцы з 7 краін. Часопіс уваходзіць у навуковую базу РІНЦ і міжнародную кітайскую CNKI. 

Клуб «Еўфрасіння» займаецца духоўна-асветніцкай, экскурсійнай, выставачнай дзейнасцю. Рэалізуем праект «Беларускія мадонны», прысвечаны ролі жанчын у развіцці асветы, грамадскіх інстытутаў, культуры, літаратуры, духоўнасці. Распрацавана таксама звыш 50 экскурсійных маршрутаў, прысвечаных ваенным падзеям. Акрамя таго, рэалізуем праекты для нашых ветэранаў і дзяцей вайны, для студэнтаў, у якіх няма бацькоў, і іншыя. Сярод нашых клубаў — «Алімпія БДУ» (па прапагандзе ЗЛЖ), «Спадарыня» — для жанчын — ветэранаў працы. Актыўна развіваецца маладзёжнае крыло з рознабаковай валанцёрскай дзейнасцю. І гэта далёка не ўсё, што мы робім.

Галоўнае — быць чалавекам

— Чым любіце займацца ў вольны час?

— Я збіраю лялек, прычым тэма маёй калекцыі — жанчыны свету ў нацыянальным адзенні. Цяпер у мяне 365 лялек з 50 краін. Таксама вельмі люблю жывёл, імкнуся ім дапамагаць.

— Гарманічна спалучаць навуку, выкладанне, грамадскую дзейнасць і сямейныя ролі няпроста. Вам гэта ўдаецца?

— Так. У мяне шчаслівы шлюб. Замужам я ў другі раз — у 36 гадоў сустрэла сваё сапраўднае каханне. Мы з мужам ужо 20 год разам. Ён па другой адукацыі фізік, наш саюз фізіка і лірыка склаўся вельмі гарманічна. Мая дачка па адукацыі — магістр гісторыка-культурнай спадчыны і турызму, займаецца навукай, развіццём беларускага турызму і не толькі, яна вельмі рознабаковы чалавек.

— У чым, на Ваш погляд, прызначэнне чалавека?

— Быць Чалавекам. Не даць згаснуць іскры Божай, якая ёсць у кожным з нас. А жанчыне Бог даў на адну функцыю больш, таму і адказнасць на нас ляжыць вялікая.

— Якія якасці шануеце ў людзях, а якія, наадварот, не прымаеце?

— Шаную шчырасць, для мяне важна, каб чалавек не хлусіў, не здраджваў. Не прымаю подласць, абыякавасць.

— Вы шчаслівы чалавек, Ірына Валер’еўна?

— Так, хоць абсалютным шчасце не бывае. У мяне дастаткова рана пайшла з жыцця маці, і следам за ёй бацька. Вельмі па іх сумую. А ў Бога прашу толькі мірнага неба над любай Беларуссю і здароўя родным, блізкім і сабе.

Фота аўтара і прадастаўлена суразмоўніцай

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю