Top.Mail.Ru

Ісачанка: моцная і шчаслівая сям’я — аснова працвітання краіны

Ва ўрачыстай абстаноўцы ў Музеі Славы Магілёўшчыны жанчын рэгіёна павіншавалі з Днём маці, перадае БелТА.


Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка адзначыў, што Дзень маці — гэта свята, якое адклікаецца ў сэрцы кожнага з асаблівай цеплынёй. Ёсць словы, сэнс якіх не трэба тлумачыць: мама, род, Радзіма, але толькі з узростам пачынаеш усведамляць, як глыбока яны злучаны паміж сабой. «Менавіта мама адкрывае дзіцяці свет. Вучыць яго гаварыць, суперажываць, адрозніваць дабро ад зла. Побач з ёй яно ўпершыню даведаецца, што такое клопат і справядлівасць. Гэтыя першыя ўрокі становяцца для яго маральным арыенцірам на ўсё жыццё, — сказаў ён. — Мы часта гаворым аб патрыятызме, як аб нечым вялікім — аб подзвігах, аб служэнні, аб абароне Айчыны. Але дзіця не стане любіць Радзіму па падручніку, калі ў сям’і яму не прывілі любоў да свайго дому, да краіны, да памяці продкаў. Гэта робіць маці. Яна расказвае пра прадзеда, які ваяваў. Яна вучыць малога берагчы хлеб і паважаць чужую працу. Так паняцце „Радзіма“ становіцца дарагім і асабістым».


У Беларусі заўсёды ўдзялялі асаблівую ўвагу дзяцінству і мацярынству. «Клопат аб сям’і — не разавая акцыя, а сістэмная праца, пабудаваная так, каб маці адчувала: дзяржава не проста гаворыць „дзякуй“, а рэальна дапамагае. Бо моцная, шчаслівая сям’я — гэта ёсць сучаснасць і будучыня нашай краіны — аснова нацыянальнай бяспекі і працвітання. Але ніякія праграмы не заменяць галоўнага — мацярынскага цяпла, душэўнай шчодрасці і мудрасці», — падкрэсліў Анатоль Ісачэнка, выказаўшы асаблівыя словы ўдзячнасці шматдзетным і прыёмным маці, якія падарылі дзецям сям’ю, пачуццё абароненасці і ўпэўненасць, што іх любяць і заўсёды чакаюць дома.

«Дзякуй вам за бясконцае цярпенне, за бяссонныя ночы, за ўменне знаходзіць патрэбныя словы ў самыя цяжкія хвіліны. Дзякуй за тое цяпло, якое вашы дзеці нясуць з сабой у дарослае жыццё. Жадаю вам моцнага здароўя, сямейнага шчасця і дабрабыту. Няхай у вашых дамах заўсёды будзе мір, утульнасць і спакой», — пажадаў ён жанчынам.


Сёння сямі жанчынам з розных куткоў рэгіёна ўручылі ордэн Маці. Сярод іх — маці пецярых Людміла Шышкова з Мсціслаўля. «Вялікая сям’я для мяне — гэта апора і падтрымка. Усе дзеці — добрыя, муж у мяне цудоўны. Аб вялікай сям’і адразу думак не было, а пасля з’яўлення другой дачкі — вырашылі, што ў нас іх будзе пяць, — падзялілася жанчына. — Вялікіх клопатаў з такой сям’ёй няма. А быць мамай — гэта шчасце і гармонія. Дзякуючы падтрымцы дзяржавы (з дапамогай мацярынскага капіталу) мы набылі другое жыллё — дом. У нас ёсць кватэра — бралі пад ільготны крэдыт. Таму дзяржава нам вельмі дапамагла, мы ўдзячныя ад усёй душы».

Гаворачы аб узнагародзе, Людміла Шышкова не магла стрымаць слёз: «Уручэнне ордэна Маці — самая хвалюючая і важная для мяне падзея, гэта гонар. Гэта самая вялікая ўзнагарода ў жыцці: я змагла выхаваць сваіх дзяцей годна, з павагай да людзей і свету, дзе яны жывуць».

Сярод удзельніц урачыстага мерапрыемства — Вольга Гарачава, уладальніца тытула «Прыгажосць Беларусі — 2025», маці чатырох дзяцей з Бабруйска. Для яе шчасце жанчыны — у дзецях. «У нас з мужам чацвёра дзяцей. Вялікая сям’я — гэта весела, выдатна, ты акружаны вялікім клопатам і любоўю, — сказала яна. — Быць мамай — цяжкая праца. Але спраўляемся выдатна, кожны з раніцы зараджае адзін аднаго добрай энергіяй, і так мы праводзім увесь дзень: весяла і ў клопаце адно пра аднаго».


Як падзялілася Вольга Гарачава, прыклад яе маці ва ўсім стаў для яе апорай. «А яшчэ важная дысцыпліна, калі ў цябе ўвесь дзень распісаны, колькі каму часу можаш удзяліць, што пакінуць на сябе, — расказала яна. — Атрымліваць віншаванні заўсёды прыемна, а ў такой абстаноўцы — асабліва. Прыемна, што пра нас не забываюцца і клапоцяцца».

Паводле слоў старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама Марыі Шапнеўскай, у рэгіёне робіцца вельмі шмат для падтрымкі мацярынства. «У вобласці больш як 12 тыс. шматдзетных сем’яў. Больш за 1,7 тыс. маці ўзнагароджаны ордэнам Маці. У гэтым годзе яго атрымалі 62 жанчыны, а на прыёме яшчэ 7 прыгажунь папоўнілі іх колькасць», — адзначыла яна.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю