«Залаты шлягер» — гэта брэнд не толькі рэгіёна, але і ўсёй Беларусі. Такім меркаваннем з журналістамі ўчора падчас урачыстага адкрыцця Міжнароднага музычнага фестывалю «Залаты шлягер» у Магілёве падзяліўся старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, паведамляе БелТА.
Анатоль Ісачанка нагадаў, што 30 гадоў таму Аляксандр Лукашэнка падтрымаў ідэю праводзіць фестываль на магілёўскай зямлі. І ўвесь гэты час фестываль працягвае радаваць гледачоў, слухачоў і артыстаў сваёй унікальнай атмасферай. Ён набыў славу, павагу і пашану ў многіх пакаленняў. «Таму што ідэя была ў тым, каб увасобіць і злучыць у сабе розныя эпохі. І сёння на канцэрты прыходзяць розныя пакаленні і адчуваюць сябе аднолькава камфортна», — сказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама.
За час існавання гэтай маштабнай культурнай падзеі, на сцэну фестывалю падымаліся многія знакамітыя артысты, яго наведалі прадстаўнікі больш як 25 краін.
«Фестываль — гэта не толькі канцэрт з удзелам зорак, ён шырэй і больш. Гэта творчыя сустрэчы і вечары, выставы, кінапаказы. Гэта ўсёабдымнае мерапрыемства, якое аб’ядноўвае людзей. Напэўна, таму ён і крочыць цэлых 30 гадоў і будзе развівацца далей. Мы вітаем яго на Магілёўшчыне кожны год, бо „Залаты шлягер“ ужо брэнд не толькі Магілёўскай вобласці, але і ўсёй Беларусі», — сказаў кіраўнік рэгіёна.
Ён павіншаваў усіх са святам творчасці і выдатнага настрою: «Кожны з нас на фестывалі знаходзіць тое, што яму трэба. Хочацца пажадаць добрага настрою ўсім, хто сядзіць у зале і выходзіць на сцэну. Артыстам жадаю ўдзячнай публікі — каб глядач заўсёды сустракаў з непадробнай цікавасцю, а таксама каб іх музыка заваёўвала сэрцы розных пакаленняў».