Прадпрыемствы Магілёўскай вобласці вядуць знешнеэканамічную дзейнасць з больш чым 100 краінамі свету. Аб гэтым у час міжнароднага эканамічнага форуму «Млын поспеху» паведаміў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, перадае БелТА.
На форуме старшыня аблвыканкама расказаў аб магчымасцях рэгіёна. «Тэрытарыяльна вобласць займае каля 30 тыс. кв.км і мае адкрытую граніцу з Расійскай Федэрацыяй. Гэта не толькі выхад на агульны мытны рынак з колькасцю насельніцтва больш як 180 млн чалавек, але і магчымасць выкарыстоўваць нашу развітую інфраструктуру, у тым ліку чыгуначную, для пабудовы аптымальнага лагістычнага маршруту ў краіны Блізкага Усходу, Афрыку, Кітай і гэтак далей, — падкрэсліў ён. — У цэлым геаграфія знешнеэканамічнай дзейнасці прадпрыемстваў Магілёўшчыны ахоплівае больш як 100 краін свету, а гадавы аб’ём экспарту тавараў і паслуг перавышае $2,6 млрд».

Рэгіён валодае магутным інтэлектуальным патэнцыялам. «Пяць ВНУ і шырокая сетка сярэдніх спецыяльных адукацыйных устаноў даюць нам магчымасць рыхтаваць высакакласных спецыялістаў па розных напрамках. Наладжана ўзаемасувязь устаноў вышэйшай адукацыі і канкрэтных арганізацый. Праграмы навучання карэкціруюцца пад канкрэтныя патрэбы машынабудаўнічых і хімічных прадпрыемстваў, — пералічыў ён. — Укараняюцца ўласныя лічбавыя і навуковыя распрацоўкі. Так, на базе «Тэхнапарка „Магілёў“ малыя інавацыйныя кампаніі ствараюць аўтаматызаваныя сістэмы для прадпрыемстваў вобласці. Укараняюцца тэхналогіі чацвёртай прамысловай рэвалюцыі, дзякуючы якім мы зможам забяспечыць незалежнасць ключавых галін эканомікі ад знешніх пастаўшчыкоў тэхналогій. У навукова-практычным цэнтры Горацкай сельгасакадэміі напрацаваны кампетэнцыі ў сферы сельскай гаспадаркі, у тым ліку па вырошчванні ягадных і фруктовых культур, агародніны закрытага грунту».