Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка падчас нарады з кіраўніком дзяржавы расказаў аб выніках праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці за 2020—2025 гады, паведаміла БелТА.
Указы па комплексным сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці (тэрыторыя Крычаўскага, Клімавіцкага, Краснапольскага, Касцюковіцкага, Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага і Хоцімскага раёнаў) прымаліся ў 2015 і 2020 гадах.
Паводле слоў Анатоля Ісачанкі, у рамках дзеючай праграмы рэалізоўваліся мерапрыемствы, накіраваныя на развіццё сацыяльнай і вытворчай сфер. Усяго праграма ўключала 164 мерапрыемствы, з якіх было выканана 139. Шэсць мерапрыемстваў знаходзіцца ў стадыі рэалізацыі. Астатнія 19 мерапрыемстваў не былі выкананыя.
Анатоль Ісачанка падкрэсліў, што для развіцця рэгіёна неабходна было вырашаць дзве асноўныя задачы — стварэнне спрыяльных умоў для пражывання грамадзян і ўмацаванне эканамічнага патэнцыялу.
«Заўсёды ідэалагічна было так: стварэнне ўмоў для грамадзян, а потым — эканоміка. Рабяты, так не будзе. Гэта мы ўжо так распесцілі сваіх людзей, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Будзе эканоміка — будуць і грамадзяне жыць нармальна. Таму наперадзе эканоміка, вытворчасці. А ў нас утрыманства вельмі моцна развіта».
Па словах Анатоля Ісачанкі, у выніку рэалізацыі праграмы намецілася станоўчая тэндэнцыя развіцця сацыяльнай сферы. З мэтай забеспячэння кадравай патрэбы арганізацый рэгіёна праводзіцца сістэмная работа па павелічэнні колькасці навучэнцаў у мясцовых каледжах. За пяць гадоў гэты паказчык вырас на 20%.
«Усяго на развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы рэгіёна за 10 гадоў было накіравана больш за 3 млрд рублёў інвестыцый у асноўны капітал. Гэта ў 1,4 раза вышэй за ўзровень 2015 года», — падкрэсліў старшыня Магілёўскага аблвыканкама.