Top.Mail.Ru

Іск да кампаніі Meta на трыльён долараў закончыўся для карпарацыі добраахвотнымі ахвяраваннямі ў 18 мільярдаў долараў

Абмежаванні замест асуджэння

Днямі суд зацвердзіў рашэнне ў рамках разбору паміж карпарацыяй Meta і амерыканскімі штатамі. Апошнія патрабавалі прыцягнуць да адказнасці тэхнагіганта за згубны ўплыў сацыяльных сетак на падлеткаў: як на іх інтэлектуальны, так і псіхалагічны стан, ды і ў цэлым на здароўе. Іск быў пададзены яшчэ ў 2023 годзе і закончыўся, можна сказаць, перамогай карпарацыі. У рамках пагаднення з істцамі карпарацыя ўзяла на сябе абавязацельствы ўвесці некаторыя абмежаванні на сваіх платформах для падлеткаў. Але з шэрагам агаворак, таму складана сказаць, ці будуць яны выкананы ўвогуле.

Калі казаць пра грошы, то карпарацыя абышлася лёгкім спалохам. Штаты патрабавалі кампенсацыі за шкоду ў памеры трыльёна долараў. Але, відаць, лабізм дазволіў аднаму з лідараў фондавага рынку выкруціцца, дабіцца міравога пагаднення. Згодна з ім, Meta абавязваецца добраахвотна пералічыць штатам на аздараўленчыя і сацыяльныя праекты 18 мільярдаў долараў. І не адразу, а на працягу 10 гадоў. І тое не ў поўнай меры, паколькі яна можа скараціць ахвяраванні, калі YouTube, TіkTok і іншыя іх канкурэнты не ўвядуць аналагічныя меры па абароне дзяцей.

Што датычыцца Нью-Мексіка, то, як сцвярджае Meta, гэты штат «аддаў перавагу шляху судовых разбораў замест сумеснай работы над пошукам рашэння».

Фларыда — адзіны штат, які не ўдзельнічае ў пагадненні. Яе генеральны пракурор заявіў, што сума выплаты — гэта «капейкі» для «карпарацыі коштам у трыльён долараў».

На самай справе слуга юстыцыі крыху памыліўся: капіталізацыя Meta перавышае 1,5 трыльёна. Відаць, гэта яе і ратуе ад сур’ёзнага пераследу законам. Штраф па справядлівасці мог бы прывесці да сур’ёзнага зніжэння кошту карпарацыі, а гэтага вялікія босы з Уол-стрыт не маглі дапусціць. Бізнес вышэй за ўсё: амерыканскі прынцып у дзеянні. І дзеля фондавых індэксаў можна заплюшчыць вочы на псіхічнае здароўе нацыі. А яно пад пагрозай.

  • Штогод даследчы цэнтр Pew Research Center публікуе вынікі апытання аб досведзе амерыканскіх падлеткаў у выкарыстанні сацыяльных сетак і нязменна выяўляе, што многія з іх паведамляюць аб прамых негатыўных наступствах на ўласным досведзе. У 2024 годзе амаль трэць рэспандэнтаў паведамілі, што карыстаюцца хоць бы адной платформай сацыяльных сетак «амаль пастаянна». Сярод дзяўчынак-падлеткаў 20 % заявілі, што гэта падрывае іх упэўненасць у сабе, 25 % — што гэта шкодзіць іх псіхічнаму здароўю, 50 % — што гэта негатыўна ўплывае на іх сон. 34 % дзяўчынак-падлеткаў (і 20 % хлопчыкаў-падлеткаў) заявілі, што гэта пагаршае іх самаадчуванне. У цэлым гаворка ідзе аб многіх мільёнах амерыканскіх падлеткаў. Апытанне Pew, праведзенае ў 2025 годзе сярод амерыканскіх падлеткаў і іх бацькоў, паказала, што 44 % бацькоў назвалі сацыяльныя сеткі адзіным найбольш негатыўным фактарам, які ўплывае на псіхічнае здароўе падлеткаў, апярэдзіўшы «тэхналогіі ў цэлым».

У даследаванні 2024 года, праведзеным тэлеканалам NBC, былі апытаны 559 дырэктараў пачатковых і сярэдніх школ ЗША аб уплыве смартфонаў і сацыяльных сетак на іх вучняў. Толькі 1,3 % з іх лічылі, што асцярогі наконт гэтых тэхналогій «перабольшаныя». А 42,2 % дырэктараў заявілі, што цвёрда перакананыя ў тым, што смартфоны і сацыяльныя сеткі з’яўляюцца «асноўнымі прычынамі пагаршэння псіхічнага здароўя навучэнцаў». На пытанне аб уплыве смартфонаў на іх вучняў пераважная большасць адказала, што назірае наступныя шкодныя эфекты: адцягненне ўвагі і стомленасць; дэпрэсію, трывогу і адзіноту; канфлікты і здзекі сярод навучэнцаў.

У кастрычніку 2021 года інфарматар Facebook Фрэнсіс Хаўген апублікавала тысячы ўнутраных дакументаў і скрыншотаў. Апошнія сведчылі аб тым, што кампанія выдатна ведала аб шматлікіх шкодных наступствах, якія яе платформы прычынялі падлеткам. У прыватнасці, асобнае ўнутранае даследаванне 50 590 карыстальнікаў Іnstagram з 10 краін — Аўстраліі, Бразіліі, Францыі, Германіі, Індыі, Японіі, Мексікі, Рэспублікі Карэя, Вялікабрытаніі і ЗША — паказала, што больш за трэць дзяўчынак-падлеткаў (37 %) паведамілі, што часта або заўсёды бачаць пасты, якія вымушаюць іх адчуваць сябе горш з прычыны незадаволенасці сваім целам.

Праз два гады пасля публікацыі «Файлаў Facebook» іншы інфарматар, Артура Бехар, выступіў з унутраным даследаваннем, якое ён праводзіў у Іnstagram. Яго даследаванне, у якім бралі ўдзел звыш 200 000 карыстальнікаў Іnstagram, дало ўяўленне аб тым, з чым сутыкаюцца падлеткі на платформе. Карціна была трывожнай. Сярод карыстальнікаў Іnstagram ва ўзросце ад 13 да 15 гадоў 13 % паведамілі аб атрыманні непажаданых сексуальных дамаганняў — толькі за апошні тыдзень. Такі ж працэнт падлеткаў бачылі выявы гвалту, крыві ці трывожныя карцінкі за той жа перыяд часу, а 28 % паведамілі аб тым, што сталі сведкамі цкавання на платформе.

Больш за тое, сама кампанія Meta правяла змешанае даследаванне з удзелам звыш 1000 псіхіятраў, псіхолагаў, тэрапеўтаў і сацыяльных работнікаў. Паводле яго вынікаў, 81 % амерыканскіх урачоў заявілі, што сацыяльныя сеткі пагаршаюць трывожныя расстройствы ў іх пацыентаў; 

78 % заявілі, што сацсеткі ўзмацняюць дэпрэсіўныя расстройствы; 85 % пагадзіліся з тым, што сацыяльныя сеткі могуць выклікаць залежнасць. Іншымі словамі, сама кампанія Meta выявіла: урачы лічаць, што платформы сацыяльных сетак прычыняюць шкоду падлеткам.

Па словах генеральнага пракурора штата Каліфорнія, пагадненне прадугледжвае наступныя меры:

— устанаўленне па ўмаўчанні двухгадзіннага ліміту часу карыстання сацсеткамі для карыстальнікаў ва ўзросце да 18 гадоў (зняць абмежаванне могуць толькі бацькі);

— блакіроўка доступу ў начны час (з паўночы да 6 раніцы па мясцовым часе) для карыстальнікаў ва ўзросце да 18 гадоў (зняць абмежаванне таксама могуць толькі бацькі);

— блакіроўка апавяшчэнняў для карыстальнікаў ва ўзросце да 18 гадоў у перыяд з 22.00 да 07.00, а таксама падчас школьных заняткаў;

— укараненне ўдасканаленага механізму, які дазваляе падлеткам паведамляць аб патэнцыяльна шкодным кантэнце, і абавязацельства Meta рэагаваць на 90 % такіх паведамленняў на працягу шасці гадзін;

— забарона на адлюстраванне колькасці лайкаў або рэакцый для карыстальнікаў ва ўзросце да 18 гадоў;

— забарона на выкарыстанне фільтраў, якія імітуюць касметычныя працэдуры, для карыстальнікаў ва ўзросце да 18 гадоў;

— прадастаўленне карыстальнікам ва ўзросце да 18 гадоў магчымасці пераключыцца на неперсаналізаваную стужку навін;

— абавязацельства па ўдасканаленні інструментаў бацькоўскага кантролю.

Meta пагадзілася:

— укараніць надзейныя механізмы праверкі ўзросту для выяўлення карыстальнікаў ва ўзросце да 18 гадоў, а таксама прымаць меры па выяўленні і выдаленні акаўнтаў дзяцей ва ўзросце да 13 гадоў;

— прыцягнуць незалежнага аўдытара, якому будзе дадзены шырокі доступ да інфармацыі і рэсурсаў кампаніі;

— падпарадкавацца судоваму прадпісанню, якое забараняе кампаніі рабіць «далейшыя лжывыя або падманлівыя заявы адносна функцый бяспекі».

(Пазіцыя карпарацыі гучыць вельмі хораша, але рэальных тэхнічных рычагоў па выкананні гэтага абавязацельства яна так і не прадаставіла.)

Уладзімір ВАЛЧКОЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю