Top.Mail.Ru

Іспыты для раслін. Як вучоныя ствараюць новыя айчынныя сарты

У навукова-практычным цэнтры НАН Беларусі па земляробстве займаюцца селекцыяй, арыгінальным і элітным насенняводствам каля 40 відаў сельскагаспадарчых раслін.

Першы намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце навукова-практычнага цэнтра па земляробстве, доктар сельскагаспадарчых навук Эрома УРБАН расказаў, чаму работа па стварэнні сартоў і гібрыдаў для сельскай гаспадаркі вядзецца няспынна.

Сваіх сартоў — не менш як 80 %

«Галоўная задача, пастаўленая кіраўніком краіны, — да 2030 года давесці ўдзельную вагу сартоў беларускай селекцыі не менш як да 80 %. На гэта накіраваны нашы намаганні, — заўважыў Эрома Урбан. — Будзем павышаць канкурэнтаздольнасць сартоў, іх генетычны патэнцыял прадукцыйнасці, устойлівасць да неспрыяльных умоў надвор’я, якасць. Таксама неабходна ўдасканальваць тэхналогіі вырошчвання. Дзеля гэтага — высокатэхналагічная тэхніка, новыя агрэгаты. Гэта трэба ўлічваць, даваць рэкамендацыі, як прымяняць».

Усе зарэгістраваныя сарты цэнтра маюць высокі ўзровень ураджайнасці, у збожжавых — больш за 100 ц/га, рапсу і зернебабовых культур — да 50/60 ц/га. Усе раяніраваныя сарты паспяхова канкурыруюць з найлепшымі дасягненнямі замежнай селекцыі.

Ва ўраджаі ў 11 мільён тон, якім наша краіна ганарылася ў няпросты для аграрыяў мінулы год, вялікая заслуга і селекцыянераў. У 2025 годзе на палях краіны вырошчвалася каля 170 сартоў сельскагаспадарчых раслін селекцыі Навукова-практычнага цэнтра па земляробстве, якія займаюць больш за 70 % пасяўных плошчаў у Беларусі (азімае трыцікале — 83 %, жыта — 88 %, яравая пшаніца — 84 %, ячмень — 81 %, авёс — 98 %, грэчка — 75 %).

Актыўна развіваецца такі кірунак як селекцыя гібрыдаў. Ужо створаны гібрыды па рапсе і азімым жыце, якія маюць узровень заходнееўрапейскіх аналагаў. Сёння яны знаходзяцца ў дзяржаўным сортавыпрабаванні.

Сарты селекцыі цэнтра ўсё большае распаўсюджванне атрымліваюць у краінах СНД. 75 сартоў уключаны ў дзяржаўныя рэестры для выкарыстання ў Расіі ў 37 рэгіёнах. Агульная плошча, якую яны пры гэтым займаюць, больш за два мільёны га.

У 2026 годзе дзяржрэестр сартоў Беларусі папоўніўся яшчэ на 25 навінак сельскагаспадарчых культур селекцыі навукова-практычнага цэнтра па земляробстве. Усе яны маюць высокі ўзровень ураджайнасці і паспяхова канкурыруюць з найлепшымі дасягненнямі замежнай селекцыі па прадукцыйнасці, адаптыўнасці да глебава-кліматычных умоў, якасці прадукцыі. У 2026 годзе 24 новыя сарты перададзены на дзяржаўнае сортавыпрабаванне.

Найлепшыя з найлепшых

Каб атрымаць сорт, можа спатрэбіцца 10 і нават больш гадоў. Усё пачынаецца са стварэння гібрыдаў. Пасля іх трэба размножыць. У большасці выпадкаў сорт атрымліваецца з аднаго зярнятка, а часам нават і з яго паловы, нейкай гібрыднай камбінацыі. Сёння ў селекцыйным працэсе выкарыстоўваюцца і культуры 

ін-вітра, ДНК-тэхналогіі, генетычны аналіз. Так, калі выявіць гены, адказныя за марозатрываласць, можна выйграць час. У супрацоўніцтве з Інстытутам генетыкі спецыялісты цэнтра выдзяляюць і гены ўстойлівасці да хвароб.

Тры гады патрэбныя толькі для назірання за тым, як сорт праявіць сябе пры розных кліматычных умовах. Так, адзін год можа выдацца спякотным, у другі лета будзе халодным, мокрым. Паўплываць на будучы ўраджай могуць і асаблівае зімовае надвор’е, вясеннія «сюрпрызы». Замаразкі, працяглы халодны перыяд, ледзяная скарынка, вымаканне, устойлівасць да палягання, хвароб і шкоднікаў, адаптыўнасць — усё, што важна для хлебаробаў, трэба ўлічыць і селекцыянерам.

У трохгадовым конкурсным сортавыпрабаванні могуць удзельнічаць да 30–40 прэтэндэнтаў, найлепшы ўзор пасля яшчэ тры гады праходзіць дзяржвыпрабаванне. Перш чым навінка будзе перададзена гаспадаркам, яна павінна добра паказаць сябе ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, а гэта каля 16 дзяржаўных сортаўчасткаў. Новы сорт параўноўваецца з найлепшым стандартам. Кожныя 2-3 гады стандарты абнаўляюцца — заўважны лідар. Так і атрымліваецца, што новыя сарты — гэта чарговы этап селекцыйнага працэсу, які павінен ісці наперад. У той жа час сарты, раяніраваныя 10–20 гадоў ці нават менш, ужо лічацца састарэлымі.

Каб ацаніць жывучасць раслін, вучоныя могуць ствараць ім няпростыя ўмовы ў камерах штучнага клімату. Напрыклад, так можна адабраць зерне, якое выжыла пасля экзамену на марозатрываласць.

У планах рэканструкцыя фітатрону — цяпліцы са штучным кліматам, дзе можна атрымаць два ўраджаі на год. Сёння, калі звычайныя палі схаваны пад снегам, у ёй ужо вясна, пад лямпамі раслінам цёпла. Эрома Урбан заўважае, што такія даследаванні нятанныя, але яны дазваляюць паскараць селекцыйны працэс. Менавіта ад яго залежыць харчовая бяспека краіны. Выведзеныя ў Беларусі сарты паказваюць большую ўстойлівасць — усё ж яны нараджаліся ў нашых прыродных умовах, а клімат можа розніцца нават у параўнанні з суседнімі дзяржавамі. Тут яны праходзілі праз натуральны адбор, выпрацоўвалі ўстойлівасць да мясцовых штамаў хвароб.

На кожным этапе — ацэнка якасці

Будучым сартам мала вытрымаць іспыты на трываласць. На кожным селекцыйным этапе робіцца ацэнка на якасць і асобныя паказчыкі, звязаныя з далейшым іх выкарыстаннем. Пры цэнтры працуе біяхімічная лабараторыя, праводзяцца генетычныя і тэхналагічныя аналізы зерня, насення, раслін і глебы.

Стварэнне новых сартоў і гібрыдаў з палепшанымі гаспадарча-карыснымі вартасцямі — адзін з кірункаў работы вучоных. «Мы вядзём селекцыю азімай і яравой пшаніцы, і нашы сарты сёння не саступаюць заходнееўрапейскім аналагам ні па прадукцыйнасці, ні па якасці. Іх можна выкарыстоўваць для хлебабулачных і нават макаронных вырабаў без дабаўлення сартоў — філераў (паляпшальнікаў)», — заўважыў Эрома Урбан.

Сярод модных кірункаў — выраб прадукцыі з антыаксідантамі. Так, для выпякання хлеба і іншых вырабаў створаны сорт пшаніцы Стэфа з зернем фіялетавага колеру. Цяпер ён знаходзіцца ў дзяржвыпрабаванні, у далейшым будзе ўключаны ў рэестр сартоў, што можна выкарыстоўваць у дыетычным харчаванні.

Добры прыклад мэтавага выкарыстання сартоў — селекцыя ячменю. Яна вядзецца ў двух кірунках — ёсць беларускія сарты кармавыя і прызначаныя для піваварэння. Сярод апошніх ёсць і такія, што па піваварных якасцях не тое што не саступаюць, а нават пераўзыходзяць сарты, якія прыходзяць з заходнееўрапейскай селекцыі. Новыя сарты павінны добра сябе паказваць нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я. Ужо створаны 17 айчынных сартоў яравога ячменю піваварнага кірунку з ураджайнасцю звыш 80 ц/га, удасканальваюцца тэхналогіі іх вырошчвання, што дазваляе штогод нарыхтаваць не менш за 100 тысяч тон зерня, каб цалкам забяспечыць піваварную галіну краіны. Селекцыянерамі створана 26 сартоў кармавога ячменю айчыннай селекцыі з ураджайнасцю да 90 ц/га, доля пасеваў айчынных кармавых сартоў набліжаецца да 100 %.

Апошнія гады больш 1,2 мільёна гектараў у нас займаюць пасевы кукурузы. Гэта цеплалюбівая культура, і селекцыя па ёй вядзецца з 1990-х гадоў. Створаныя айчынныя гібрыды больш марозатрывалыя, чым замежныя, яны хутчэй прарастаюць пры паніжаных тэмпературах. Са стварэннем беларускіх гібрыдаў кукуруза прасунулася ў паўночныя рэгіёны, мы атрымліваем зерне ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях, дзе гэта раней не практыкавалася.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Віктара Іванчыкава

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю