За гэту пяцігодку будзе адрамантавана і рэканструявана каля 18 тысяч кіламетраў аўтамабільных дарог і больш за 400 маставых збудаванняў. Сёння, напрыклад, рэканструююцца аўтамабільныя дарогі М3, Р53, М10, Р-122. У найбліжэйшыя паўтара года плануецца завяршыць выкананне даручэння кіраўніка дзяржавы злучыць усе аграгарадкі з раённымі цэнтрамі дарогамі з удасканаленым пакрыццём. І такія ўкладанні цалкам апраўданы, бо менавіта сучасныя і бяспечныя дарогі дазволілі нашай краіне ўвайсці ў топ-15 перадавых краін свету з мінімальнымі паказчыкамі гібелі людзей.
Для камфорту і бяспекі
Бадай самая маштабная рэканструкцыя — частка трасы М3 (Мінск — Віцебск). Ужо цяпер на адрамантаваным участку ад Лагойска да Плешчаніц камфортная і бяспечная чатырохпалосная дарога з сучасным бар'ерным агароджваннем і ўстройствамі абароны ад дзікіх жывёл, развязкамі, дарожкамі для пешаходаў і асвятленнем, аўтобуснымі прыпынкамі і кемпінгамі. Цэментабетоннае пакрыццё, якое ўжо добра зарэкамендавала сябе, дазваляе не ўводзіць сезонныя абмежаванні, вытрымлівае максімальныя нагрузкі, не падвержанае інтэнсіўнаму зносу і ўтварэнню каляі.
Прадугледжаны і сувязі з мясцовымі дарогамі, якія вядуць да найбліжэйшых населеных пунктаў. Падчас рэканструкцыі да дарожных будаўнікоў паступіў зварот ад мясцовых жыхароў, і праектнае рашэнне было перагледжана. Пад дарогай М3 зроблены праезд — такім чынам забяспечаны праезд транспарту, у тым ліку хуткай дапамогі і пажарнай тэхнікі.
- — Траса М3 — важны лагістычны калідор у напрамку партоў Ленінградскай вобласці Расіі, як раз на гэтым напрамку сканцэнтраваны асноўныя работы па рэканструкцыі. У 2024 годзе рэканструяваны ўчастак ад Лагойска да Плешчаніц, а таксама ўчастак дарогі Р46 ад Полацка да Сарочына. Сёлета працуем паблізу Плешчаніц і плануем рухацца да граніц Мінскай і Віцебскай абласцей. У найбліжэйшыя 3-4 гады маштабныя работы будуць праводзіцца на гэтым напрамку, — адзначае намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Сяргей ЛЯВОНЧЫК, дадаючы, што асноўны акцэнт падчас рэканструкцыі робіцца на эканомію бюджэтных сродкаў і эфектыўнае іх выкарыстанне.
Зрэшты, на рамонт і рэканструкцыю дарог у краіне сёлета затрачана 2,3 мільярда рублёў — істотная сума, але, паводле меркавання спецыялістаў, яна рэальна адлюстроўвае патрэбу дарожнай гаспадаркі ў аднаўленні дарог. Акрамя рэканструкцыі згаданых М3, Р53, М10, Р-122 цяпер вядзецца капітальны рамонт дарог на выездах з Мінска ў напрамках абласных цэнтраў і іншых рэгіёнаў. На парадку дня — траса М4, капітальны рамонт у напрамку Заслаўля і іншых гарадоў-спадарожнікаў.
— Сёння ўжо створана транспартная сувязь з усімі гарадамі-спадарожнікамі, якая забяспечвае камфортны і бяспечны рух, але з улікам таго, што гэтыя напрамкі найбольш грузанапружаныя, будзем звяртаць на іх увагу ў бліжэйшыя гады, — адзначыў Сяргей Лявончык.
Ужо завяршаецца фарміраванне праграмы «Дарогі Беларусі» на 2026—2030 гады. У наступнай пяцігодцы плануецца яшчэ больш нарасціць аб'ёмы рамонту і рэканструкцыі і аднавіць каля 25 тысяч кіламетраў аўтадарог. Дзякуючы рабоце, якая праводзіцца, штогод зніжаюцца аб'ёмы ямачнага рамонту, мяркуецца, што ў бліжэйшыя некалькі гадоў дарожнае пакрыццё будзе абнаўляцца на даўгавечнае і патрэба ў ямачным рамонце паступова знікне.
Надзейна і даўгавечна
Як кажуць самі дарожнікі, галоўная іх мэта — добра пабудаваная і якасная дарога з максімальным тэрмінам эксплуатацыі да наступнага капітальнага рамонту. Для гэтага выкарыстоўваюцца сучасная тэхніка і бетонаўкладачныя комплексы, цэментабетоннае пакрыццё. Актыўна ўкараняюцца інжынерныя распрацоўкі навукоўцаў.
— На кожным навукова-тэхнічным савеце мы мяняем праектныя рашэнні, каб было больш танна, надзейна і даўгавечна. Ва ўтрыманні дарог выкарыстоўваем шмат тэхнікі сучаснай беларускай вытворчасці для забеспячэння бяспекі і прыкрыцця месцаў вытворчасці работ. Напрыклад, выкарыстоўваем дэмпферныя прылады на аўтамабілях прыкрыцця, што дазваляе выратаваць жыццё, — расказвае Сяргей Лявончык.
Удасканальваюць сёння і дарожную разметку. На вопытных участках тэсціруюць розныя яе віды на даўгавечнасць, тэрмін службы і іншае.
У сталіцы з запланаваных на гэты год
1 мільёна 885 тысяч кв. м вулічна-дарожнай сеткі бягучы рамонт ужо выкананы на плошчы 1 мільёна 844 тысяч кв. м, і да канца сезона планы будуць выкананы. Гэта поўная замена дарожнага пакрыцця, уладкаванне ахоўных пластоў, герметызацыя трэшчын, устараненне калейнасці, ямачны рамонт пакрыцця, бягучы рамонт тратуараў.
Алена КРАВЕЦ