Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, па выніках двух месяцаў бягучага года тэмп росту ВУП склаў 98,8 працэнта. «Гэты вынік шмат у чым абумоўлены паказчыкамі прамысловасці: тэмп прамвытворчасці склаў 96,3 працэнта, адносна студзеня знізіўшыся на 0,3 працэнтнага пункта. Пры гэтым асобныя галіны (энергетыка, фармацэўтыка, харчовая прамысловасць) дэманстравалі ўстойлівы рост. Асноўнымі драйверамі эканомікі ў студзені-лютым сталі інфармацыя і сувязь (103,9 працэнта), транспарт (103,1 працэнта) і сельская гаспадарка (102,7 працэнта)», — расказалі ў Мінэканомікі.
Рост у IT-сферы звязаны з павелічэннем колькасці заказаў на айчыннае ПЗ і ростам колькасці работнікаў. У транспартнай сферы высокую дынаміку дэманструе пасажыраабарот — плюс 11,1 працэнта. Запушчаны новыя авіямаршруты. Рост у сельскай гаспадарцы забяспечаны прыбаўкай у вытворчасці малака, мяса птушкі, свіней і буйной рагатай жывёлы.
Рознічны тавараабарот за студзень-люты павялічыўся на 1,6 працэнта. Інвестыцыі ў асноўны капітал у лютым у параўнанні са студзенем 2026 года выраслі на 15,5 працэнта, у тым ліку за кошт росту будаўніча-мантажных работ — на 20,2 працэнта.
Экспарт тавараў і паслуг (па метадалогіі плацежнага балансу) у студзені 2026 года на 14,8 працэнта вышэйшы за ўзровень студзеня 2025-га. Прадоўжыўся рост супрацоўніцтва з краінамі далёкай дугі. Дынамічна расце экспарт у краіны Лацінскай Амерыкі (на 18,6 працэнта), Усходняй, Паўднёвай і Цэнтральнай Азіі (у 1,5 раза). Высокімі тэмпамі расце экспарт паслуг: у студзені 2026 года — на 31,7 працэнта. Асноўныя драйверы — транспарт, будаўніцтва і IT-паслугі.
«Устойлівая работа эканомікі дае магчымасць забяспечваць высокі ўзровень зарплаты — больш за 2750 бел. руб. у студзені 2026 года. Сярэдні памер пенсіі па ўзросце наблізіўся да адзнакі 980 бел. руб. Рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва выраслі на 7,5 працэнта», — адзначылі ў Мінэканомікі.