Top.Mail.Ru

Іван Кубракоў: «Міліцыя зробіць усё для таго, каб у Беларусі быў мір»

Міністр унутраных спраў прыняў удзел у адкрыцці новага адміністрацыйнага будынка Лідскага РАУС.


У мерапрыемстве таксама ўдзельнічалі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Канстанцін Бурак, начальнік УУС рэгіёну Дзмітрый Разянкоў. Урачысты момант разам з кіраўніцтвам і супрацоўнікамі раённай міліцыі падзялілі выхаванцы ваенна-патрыятычных класаў, навучэнцы прававых класаў.

Як падкрэсліў, звяртаючыся да прысутных, кіраўнік міліцэйскага ведамства, Прэзідэнт удзяляе самую пільную ўвагу пытанням стварэння для супрацоўнікаў і ваеннаслужачых МУС неабходных умоў. Мясцовы райаддзел — самы буйны ў Гродзенскай вобласці, які забяспечвае правапарадак на тэрыторыі, дзе пражывае больш за 150 тысяч чалавек і сканцэнтраваны буйныя прамысловыя прадпрыемствы. 

Іван Кубракоў выказаў удзячнасць міліцыянерам за службу, пажадаўшы, каб у дзяжурную частку грамадзяне звярталіся пераважна са словамі ўдзячнасці, а паведамленняў аб здарэннях было як мага менш. Найлепшыя прадстаўнікі Лідскага РАУС былі ўдастоены ўзнагарод, а начальніку райаддзела Дзмітрыю Фомчанкаву міністр унутраных спраў уручыў ключы ад службовага аўтамабіля.

Як адзначыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый КАРАЕЎ, завяршэнне будаўнічых праектаў, развіццё інфраструктуры рэгіёну — важны крок у павышэнні якасці жыцця людзей. Ён выказаў словы ўдзячнасці вартавым парадку за нялёгкую працу, перадаў кіраўніку мясцовай міліцыі сімвалічны ключ ад новага будынка і сертыфікат на папаўненне аўтапарка РАУС.

«Неабходнасць узвядзення новага будынка Лідскага РАУС была прадыктавана часам, — распавёў у размове з прадстаўнікамі СМІ Іван Кубракоў. — Цяпер усе службы размешчаны ў адным месцы, што, безумоўна, зручна. У першую чаргу для жыхароў горада і раёна. Дэталёва азнаёміўшыся з аснашчэннем МРЭА, АГіМ, грамадзянамі, якія найбольш часта наведваюць гэтыя падраздзяленні, магу сказаць — створаныя тут умовы не горшыя, чым у сталіцы. Горад дынамічна развіваецца: у ім сканцэнтраваны буйныя прамысловыя прадпрыемствы, рэгулярна праходзяць масавыя мерапрыемствы, у тым ліку рэспубліканскага значэння. На мясцовых міліцыянерах ляжыць вялікая адказнасць. І адкрыццё новага будынка стала яшчэ адным крокам да ўмацавання бяспекі».

Кіраўнік ведамства падзякаваў кіраўніцтву краіны, вобласці, прадстаўнікам мясцовых органаў улады і будаўнікам за намаганні, дзякуючы якім аб’ект змог адчыніць свае дзверы ў самыя кароткія тэрміны. А міліцыянерам адрасаваў словы ўдзячнасці за працу на карысць Айчыны, якую станоўча ацэньваюць і жыхары раёна.

Міністр падкрэсліў, што ў краіне працягнуць адчыняць новыя аб’екты ведамства, будзе праводзіцца ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы тых, якія ўжо існуюць. Іван Кубракоў праанансаваў, што ў бліжэйшы час у Беларусі пачне функцыянаваць міліцэйскі каледж. 

У завяршэнні мерапрыемства міністр унутраных спраў павіншаваў усіх з надыходзячым Днём Вялікай Перамогі і запэўніў: міліцыя зробіць усё для таго, каб у Беларусі быў мір, а бяспека забяспечвалася на самым высокім узроўні.

Вераніка КАНЮТА.
Фота прэс-службы МУС.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю