Урачыстае пастраенне адбылося на пляцы пагранічнай камендатуры «Лоеў» Гомельскай пагранічнай групы.
У знак падзякі за цеснае ўзаемадзеянне Іван Кубракоў уручыў ваеннаслужачым пагранічнай службы ведамасныя ўзнагароды: халодную зброю — корцік і фінкі НКУС ад міністра ўнутраных спраў, нагрудныя знакі «За садзейнiчанне», медалі «За ўзаемадзеянне», каштоўныя падарункі ў выглядзе наручных гадзіннікаў.
«Сёння вы стаіце на перадавой і кругласутачна выконваеце баявую працу, — звяртаючыся да пагранічнікаў, адзначыў кіраўнік міліцэйскага ведамства. — У вашых шэрагах знаходзяцца тыя людзі, якія з годнасцю нясуць службу па ахове рубяжоў нашай краіны. Невыпадкова мы сёння прыехалі ў Лоеў. Менавіта на вас кладзецца вялізная нагрузка, бо ў суседняй дзяржаве практычна ідзе вайна. Вы — той заслон, здольны сваімі грудзьмі закрыць Рэспубліку Беларусь! А мы заўсёды знаходзімся побач і гатовы сумесна гарантаваць бяспеку нашых грамадзян!»
Пасля ўзнагароджання адбылася цырымонія ўскладання кветак да помніка Герою Савецкага Саюза лейтэнанта Мікалая Сушанава, імя якога носіць пагранічная застава.