Такі фармат узаемаадносін з прадстаўнікамі СМІ з нагоды Дня міліцыі — ужо традыцыя. Сёлета не стала выключэннем. Кіраўнік ведамства праінфармаваў аб зніжэнні ўзроўню злачыннасці, стварэнні спецпадраздзяленняў, прафілактычнай рабоце з беспрацоўнымі, акцэнтаваў увагу на выхаванні патрыётаў. Прыводзім асноўныя тэмы размовы Івана Кубракова з журналістамі.
Спецпадраздзяленні. «Ва ўнутраных войсках ва ўсіх рэгіёнах з’явіліся спецыяльныя падраздзяленні. Гэта невялікія атрады, якія выконваюць спецыяльныя задачы. Пачатак стварэння такіх падраздзяленняў быў пакладзены пасля 2020 года. Сітуацыя была напружаная, таму прынялі рашэнне стварыць такія атрады, якія гатовы выканаць пастаўленую задачу ў любым месцы ў любы час. І, як паказаў час, гэтыя падраздзяленні патрэбны. Асабліва з улікам сітуацыі, якая адбываецца ў прыграніччы з Украінай. Там пастаянна працуюць нашы падраздзяленні ўнутраных войск. Не хачу сказаць, што сітуацыя там напружаная, але з улікам таго, што ў суседняй краіне ідзе вайна, мы павінны быць гатовы забяспечыць бяспеку нашых грамадзян, дзе б яны ні знаходзіліся».
Булінг. «Мы даём ацэнку тым дзеянням, якія адбываюцца ў тым ліку ў інтэрнэце, калі абражаюць, зневажаюць. Мы ніколі не пакідаем гэта без увагі. Перад электаральнай кампаніяй узрасло напружанне, калі ліліся абразы ў адрас участковых камісій, службовых асоб. Ні адна такая абраза не прайшла міма нашага падраздзялення па інтэрнэт-разведцы. Мы ўсё фіксавалі, усе матэрыялы накіроўваліся для дачы прававой ацэнкі ў Следчы камітэт. Сёння механізмаў дастаткова, каб даць прынцыповую ацэнку такім дзеянням, як булінг».
Злачынствы. «Другасных злачынстваў няма. Мы цудоўна разумеем, якія негатыўныя наступствы могуць быць ад любога злачынства. Адно пытанне — маштаб: гэта фізічная асоба, сям’я або грамадства. Мы вельмі старанна працуем па ўсіх відах злачынстваў, якія здзяйсняюцца. Вядома, у першую чаргу засяроджана ўвага на тых злачынствах, якія здзяйсняюцца ў адносінах асобы: гэта і забойствы, і цяжкія цялесныя пашкоджанні.
Асаблівая ўвага ўдзяляецца экстрэмізму, тэрарызму, бо маштабы гэтых злачынстваў вельмі вялікія. І не толькі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Што датычыцца нарказлачынстваў, працуюць не толькі супрацоўнікі міліцыі — задзейнічаны ўсе суб’екты прафілактыкі. Пад асаблівым кантролем знаходзіцца ўцягванне ў злачынную дзейнасць непаўналетніх. Любому злачынству, якое здзяйсняецца, мы даём прынцыповую ацэнку».
Работа з беспрацоўнымі. «Што датычыцца асоб, якія працаздольныя і не занятыя ў эканоміцы, да іх кантроль асаблівы. Аб гэтым неаднаразова казаў наш Прэзідэнт. Усе цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы, якія здзяйсняюцца ў побыце, асабліва ў адносінах асобы, на 90% і нават больш здзейснены асобамі, якія не заняты ў эканоміцы. Таму гэта катэгорыя знаходзіцца ў нас на асаблівым кантролі. І, вядома, мы арганізоўваем пэўную работу. Яна праводзіцца сумесна з органамі працы, падраздзяленнямі падатковай інспекцыі. Ёсць людзі, якія не заняты ў эканоміцы, плюс да ўсяго яны яшчэ злоўжываюць спіртнымі напоямі і здзяйсняюць правапарушэнні. Таму мы павінны ведаць гэтых людзей і, вядома, з імі працаваць. Сёння ў падраздзяленні працы і сацабароны выстройваюцца чэргі. Гэта сведчыць аб тым, што наша прафілактычная работа дае вынік».
Замежныя грамадзяне. «На вуліцах Мінска і не толькі з’явілася больш замежнікаў. Гэта і вынік бязвізавага рэжыму: у нашу краіну едуць, нашу краіну любяць. Усе даводзяць інфармацыю, што ў нашай краіне бяспечна, і ўсё больш людзей да нас прыязджае. Крымінагенная сітуацыя з замежнымі грамадзянамі знаходзіцца поўнасцю пад кантролем. Мы не бачым усплёску злачыннасці, правапарушэнняў сярод замежных грамадзян. Пачынаючы з аэрапорта, працуем з гэтай катэгорыяй, тлумачым асаблівасці нашага заканадаўства. Адно найменшае правапарушэнне — прымаюцца самыя жорсткія меры: ажно да высылкі з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».
Кадры. «Прыкладна з дзевяцігадовага ўзросту дзеці наведваюць нашы патрыятычныя клубы. Яны створаны па ўсёй краіне, нават у маленькіх раённых цэнтрах. Летась 90% выпускнікоў нашых патрыятычных клубаў паступілі ў ВНУ сілавога блока краіны. Але самае галоўнае не тое, кім яны хочуць стаць. Самае галоўнае, што мы іх выхоўваем у патрыятычным духу, яны гатовы абараняць нашу краіну, яны сапраўдныя патрыёты. Створаны два спецыялізаваныя ліцэі МУС — у Мінску і Магілёве (быў створаны па даручэнні кіраўніка дзяржавы). Гэта паспяховы праект, дзе вельмі вялікі конкурс. Наступная ступень — Магілёўскі інстытут МУС і Акадэмія МУС. Маючы сярэднюю адукацыю, прайшоўшы спецыяльную падрыхтоўку ў нашым навучальным цэнтры, таксама можна ўладкавацца ў органы ўнутраных спраў. Але ёсць шэраг патрабаванняў. За 2024-ы з заявай для службы ў органах унутраных спраў звярнуліся 6,5 тысячы чалавек. На службу прынялі ўсяго 2 тысячы. Адбор даволі жорсткі».
Узровень злачыннасці. «Практычна па ўсіх відах злачынстваў, асабліва па цяжкіх, у адносінах асобы, злачыннасць зніжаецца. За 2024 год мы дасягнулі піка зніжэння злачыннасці, сёння самы нізкі ўзровень злачыннасці за апошнія 30 гадоў. Напрыклад, у 1994 годзе былі зарэгістраваны 672 гвалты з замахам, у 2024 — 26. Што датычыцца разбояў, у 1994-м іх было зарэгістравана 1359, летась — 52. Пры гэтым раскрывальнасць была нават ніжэйшая за 50%. Сёння 100% усіх забойстваў, цяжкіх цялесных пашкоджанняў, гвалтаў раскрыта, усе злачынцы ўстаноўлены. Гэта вынік заканамернай працы як супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, суб’ектаў прафілактыкі, так і грамадзян. Вядома, на гэта ўплывае і своечасовае змяненне заканадаўства».
Кіберзлачыннасць. «Практычна ўсе злачынствы сыходзяць у інтэрнэт. Рост кіберзлачыннасці пачаўся з 2018 года. Менавіта ў Беларусі мы сталі рабіць першыя крокі па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці. Сёння ўпершыню за гэты час за два месяцы мы рэгіструем на 10% зніжэнне кіберзлачынстваў. Усе махлярствы, якія здзяйсняюцца ў адносінах асоб, адбываюцца, як правіла, з-за бяспечнасці нашых грамадзян. Але мы бачым, што вынік у прафілактычнай работы ёсць. Акрамя таго, ствараем новую аўтаматызаваную сістэму, якая дазваляе нам, органам унутраных спраў, заблакіраваць вывад грошай за межы нашай краіны. Мы шчыльна працуем з банкамі. Тыя меры, якія прымаем, у тым ліку аператыўныя, прыносяць свой плён — марудна, але ідзе зніжэнне кіберзлачынстваў у нашай краіне».