Top.Mail.Ru
217

Іван Кубракоў: «Узровень злачыннасці дасягнуў найменшага паказчыка за апошнія 10 гадоў»


Падчас пасяджэння калегіі МУС, якое прайшло на базе каледжа Міністэрства ўнутраных спраў, падвялі вынікі аператыўна-службовай, аператыўна-вышуковай і службова-баявой дзейнасці органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС у мінулым годзе, вызначылі задачы на ​​бягучы год.

«Летась падраздзяленнямі МУС забяспечана выкананне даручэнняў, дадзеных кіраўніком дзяржавы і задач па прызначэнні, — адзначыў міністр унутраных спраў Іван КУБРАКОЎ. — У мінулым годзе ў аператыўна-службовай дзейнасці асноўная ўвага ўдзялялася пытанням абароны жыцця і ўласнасці грамадзян, арганізацый ад злачынных замахаў, процідзеяння карупцыі, незаконнага абароту наркотыкаў, павышэння бяспекі насельніцтва пры выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій. Прыярытэтнымі кірункамі стала забеспячэнне правапарадку ў грамадскіх месцах, рэалізацыя прадугледжаных заканадаўствам мер уздзеяння на падуліковых асоб».

  • Вынікі праведзенай органамі ўнутраных спраў работы дазволілі захаваць станоўчыя тэндэнцыі ў стане аператыўнай абстаноўкі. «Узровень злачыннасці дасягнуў найменшага паказчыка за апошнія 10 гадоў, — канкрэтызаваў кіраўнік міліцэйскага ведамства. — Знізілася колькасць крымінальных дзеянняў па кірунку дзейнасці крымінальнага вышуку. Устаноўлены ўсе асобы, якія ўчынілі забойствы, згвалтаванні, наўмысныя прычыненні цяжкіх цялесных пашкоджанняў, угоны транспартных сродкаў, разбоі і рабаванні».

Упершыню, па словах міністра, намецілася тэндэнцыя па зніжэнні колькасці кіберзлачынстваў. Пры гэтым эфектыўнасць іх раскрыцця ўзрасла. Таксама адзначаецца станоўчая дынаміка ў стане рэцыдыўнай і бытавой злачыннасці. За ўсю суверэнную гісторыю краіны зафіксавана мінімальная колькасць непаўналетніх, якія ўдзельнічалі ў злачынствах.

Гаворачы аб сферы забеспячэння бяспекі дарожнага руху, Іван Кубракоў канстатаваў, што абстаноўка на дарогах падкантрольная, па ўсіх асноўных паказчыках аварыйнасці адзначана паляпшэнне.

Ставячы задачы перад супрацоўнікамі органаў унутраных спраў на гэты год, кіраўнік ведамства падкрэсліў, што неабходна больш пільную ўвагу ўдзяліць арганізацыі аператыўнага суправаджэння горадаўтваральных прадпрыемстваў краіны і рэалізацыі найбольш буйных інвестыцыйных праектаў.

«Асаблівы акцэнт — на аграпрамысловы комплекс, — дадаў ён. — Пытанні папярэджання і раскрыцця злачынстваў у гэтай сферы, асабліва звязаных з падзяжом буйной рагатай жывёлы, павінны знаходзіцца на пастаянным кантролі. Гэта эканамічная бяспека нашай краіны».

  • Таксама адзначана неабходнасць сістэмнай работы па прафілактыцы кіберзлачыннасці. З улікам росту вымагальніцтваў у гэтай сферы міністр арыентуе мяняць падыходы, выкарыстоўваючы пры гэтым сучасныя лічбавыя рашэнні. Акрамя інфармавання насельніцтва, пастаўлена задача сумесна з зацікаўленымі дзяржорганамі выпрацаваць механізм, які не дазволіць перадаваць буйныя сумы грошай невядомым.

У сферы наркакантролю і процідзеяння гандлю людзьмі даручана накіраваць намаганні на прыняцце дзейсных мер па зніжэнні колькасці атручэнняў псіхаактыўнымі рэчывамі, у тым ліку гібелі ад іх спажывання. Важна не дапусціць уцягвання непаўналетніх у наркаабарот і забяспечыць ранняе выяўленне асоб, якія распаўсюджваюць наркотыкі.

«Неабходна ў поўнай меры задзейнічаць органы ўлады для работы з беспрацоўнымі, — звярнуў увагу Іван Кубракоў. — Таксама неабходна павысіць прафілактычнае ўздзеянне на падуліковых, якія не жадаюць станавіцца на шлях выпраўлення. Усе адміністрацыйна арыштаваныя павінны працаваць». 

Акрамя таго, падчас калегіі абмяркоўваліся пытанні работы з насельніцтвам, кадравай палітыкі, падрыхтоўкі будучых афіцэраў і грамадзянска-патрыятычнага выхавання. 

Пасяджэнне калегіі МУС завяршылася цырымоніяй узнагароджання супрацоўнікаў і падраздзяленняў, якія вызначыліся на службе. Таксама ўшаноўвалі пераможцаў спартакіяды МУС па службова-прыкладных і масавых відах спорту. 

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы МУС

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю