Дзякуючы шматгадоваму прафесійнаму вопыту, старшыня Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Іван Маркевіч выдатна ведае раёны, якія ўваходзяць у склад яго Маладзечанскай сельскай выбарчай акругі № 73. Разуменне спецыфікі рэгіёнаў дапамагае парламентарыю рэагаваць на запыты выбаршчыкаў, прымаць узважаныя, а часам і нестандартныя рашэнні. Звароты жыхароў акругі ніколі не застаюцца на паперы — па іх прымаюцца рэальныя меры, і праблемныя сітуацыі паступова здымаюцца з парадку дня. Карэспандэнт «Звязды» пагаварыла з Іванам Маркевічам і даведалася, з чым да яго звяртаюцца выбаршчыкі і як дэпутат дапамагае людзям.
«У маёй акрузе жывуць працавітыя, ініцыятыўныя і неабыякавыя грамадзяне»
— Іван Станіслававіч, раскажыце пра асаблівасці сваёй выбарчай акругі. З чаго пачалося ваша знаёмства з ёй?
— Маладзечанская сельская выбарчая акруга № 73 — тэрыторыя сапраўды маштабная і значная. У яе склад уваходзяць Валожынскі раён, частка Маладзечанскага раёна (уключаючы гарадскі пасёлак Радашковічы і шэраг сельсаветаў), частка горада Маладзечна, а таксама некалькі сельсаветаў Мінскага раёна. Сёння гэта больш за 68 тысяч выбаршчыкаў. Як бачыце, акруга няпростая, са сваёй багатай гісторыяй, культурай, сельскагаспадарчым і эканамічным патэнцыялам.
Калі гаварыць пра маё знаёмства з гэтай зямлёй, яно не пачалося раптоўна перад выбарчай кампаніяй. Мае прафесійныя карані цесна пераплецены з гэтым рэгіёнам. Узначальваючы Валожынскі раённы выканаўчы камітэт, я цесна супрацоўнічаў з суседнім Маладзечанскім раёнам, рэгулярна бываў тут па рабочых пытаннях. Пазней, працуючы кіраўніком спраў Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, таксама пастаянна выязджаў як у Валожын, так і ў Маладзечна, вырашаючы задачы рэгіянальнага маштабу.
А 11 верасня 2016 года, калі жыхары даверылі мне права прадстаўляць іх у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання, Маладзечанская сельская акруга № 73 стала маёй парламенцкай тэрыторыяй. Таму спецыфіка маёй ранейшай працы і наступны дэпутацкі вопыт далі мне магчымасць глыбока вывучыць рэгіён знутры: даведацца пра праблемы і дасягненні мясцовых арганізацый, зразумець спецыфіку работы прадпрыемстваў, сельскай гаспадаркі і, самае галоўнае, пазнаёміцца з людзьмі.
Адметнасць акругі — гэта выбаршчыкі. Магу з упэўненасцю сказаць: у маёй акрузе жывуць працавітыя, ініцыятыўныя і неабыякавыя грамадзяне. Гэта край з моцнымі культурнымі, самабытнымі традыцыямі, дзе людзі шчыра любяць сваю зямлю, берагуць яе і гатовыя працаваць на вынік. Менавіта гэта стваральная энергія людзей, іх гаспадарскі падыход і адкрытасць робяць працу на гэтай тэрыторыі па-сапраўднаму адказнай і цікавай.
«На асабістых прыёмах і сустрэчах у працоўных калектывах тэма зямлі гучыць пастаянна»
— Што хвалюе вашых выбаршчыкаў?
— Важным складнікам маёй дэпутацкай дзейнасці з’яўляецца пастаянная работа ў выбарчай акрузе. Яна выбудоўваецца ў цесным узаемадзеянні з людзьмі, мясцовымі выканаўчымі камітэтамі, Саветамі дэпутатаў, кіраўнікамі прадпрыемстваў і грамадскіх аб’яднанняў. Такая сістэма нацэлена на вырашэнне актуальных праблем развіцця тэрыторый і павышэнне якасці жыцця насельніцтва.
Людзей традыцыйна хвалююць жыццёвыя рэчы. Напрыклад, стан дарог. Жыццё не стаіць на месцы: імкліва змяняецца яго ўклад, павышаюцца ўзровень і якасць. Сёння ў многіх сем’ях, асабліва ў сельскай мясцовасці, ёсць адзін, а то і два аўтамабілі. Людзі імкнуцца да камфорту не толькі ў гарадской мяжы, але і за горадам, у аграгарадках і вёсках.
Звароты таксама датычацца пытанняў добраўпарадкавання, рамонту жыллёвага фонду, асвятлення вуліц і дваровых тэрыторый, падключэння дамоў да сістэмы электраацяплення і многіх іншых. І гэта абсалютна заканамерна. Дзяржава сёння ўдзяляе прыярытэтную ўвагу развіццю сельскіх тэрыторый, аграгарадкоў, пасёлкаў гарадскога тыпу. Ствараюцца сучасныя аб’екты медыцыны і адукацыі, праводзіцца інтэрнэт — робіцца ўсё, каб вёска была прывабнай для моладзі. Людзі прыходзяць да нас, народных выбраннікаў, каб удакладніць інфармацыю, атрымаць параду. Наша задача — растлумачыць, дапамагчы сумесна з мясцовай уладай знайсці законны шлях вырашэння праблемы.
Хачу адзначыць, што тэмы зваротаў бываюць звязаныя з маёй дзейнасцю і працай у Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў. У першую чаргу гэта зямельныя пытанні. Зямля — аснова аграрнай палітыкі і найважнейшы рэсурс для кожнага чалавека. Гэта можа быць жаданне атрымаць участак, неабходнасць паляпшэння зямельных умоў або проста граматнае вядзенне асабістай падсобнай гаспадаркі — грамадзянам важна разумець прававыя нюансы. Менавіта таму на асабістых прыёмах і сустрэчах у працоўных калектывах тэма зямлі гучыць пастаянна. Мы не проста тлумачым заканадаўства, але і дэталёва разбіраем кожны канкрэтны выпадак, стараемся пачуць чалавека.
Больш за тое, дэпутацкі корпус напрамую ўплывае на ўдасканаленне гэтых норм. Нагадаю, што 17 красавіка 2026 года Палата прадстаўнікоў прыняла праект закона «Аб змяненні законаў па пытаннях рэгулявання зямельных адносін». З 1 чэрвеня ўступілі ў сілу палажэнні аб зямельнай амністыі, якія з 7 чэрвеня ўжо пачалі паўнавартасна дзейнічаць на практыцы, а з 7 снежня 2026 года ўступяць у дзеянне іншыя найважнейшыя пункты гэтага закона. Гэта прамы і своечасовы адказ дзяржавы на запыты грамадства.
«Перад кожнай паездкай мы вызначаем ключавыя пытанні»
— Раскажыце, якімі мерапрыемствамі напоўнена ваша цяперашняя работа ў акрузе?
— Работа з выбаршчыкамі — адзін з галоўных прыярытэтаў у дзейнасці дэпутата. Традыцыйна насычаным атрымліваецца і выезд у акругу — працую там на гэтым тыдні.
Графік, як заўсёды, насычаны: асабісты прыём грамадзян, работа прамой тэлефоннай лініі, сустрэчы ў працоўных калектывах. Абавязкова планую наведаць сельскагаспадарчыя і прамысловыя прадпрыемствы, сацыяльныя аб’екты, правесці маніторынг цэнавай сітуацыі ў гандлёвых сетках. Перад кожнай паездкай па даручэнні Старшыні Палаты прадстаўнікоў мы вызначаем ключавыя пытанні, якія патрабуюць дэталёвага вывучэння на месцах. Задач шмат, і кожная знаходзіцца на асаблівым кантролі.
Але дэпутацкая работа — не толькі вырашэнне надзённых праблем, гэта і радасныя падзеі. Падчас такой паездкі буду браць удзел ва ўрачыстым адкрыцці міні-футбольнай пляцоўкі на базе Радашковіцкай сярэдняй школы № 1 Маладзечанскага раёна. Падкрэслю: гэты аб’ект створаны дзякуючы прамому звароту выбаршчыкаў. Мы дасканала вывучылі пытанне, прапрацавалі яго з мясцовымі ўладамі, адказнымі асобамі, і сёння ён паспяхова рэалізаваны.
Планаў шмат, але галоўны арыенцір для мяне нязменны: бачыць, як жывуць людзі, што змянілася ў найлепшы бок, дзе дэпутацкая падтрымка патрабуецца ў першую чаргу.
— Якую форму ўзаемадзеяння з выбаршчыкамі вы лічыце найбольш эфектыўнай: дыялогавыя пляцоўкі, сустрэчы з працоўнымі калектывамі ці, можа быць, прыёмы грамадзян?
— Безумоўна, у арсенале дэпутата павінны быць усе фарматы працы. І дыялогавыя пляцоўкі, дзе мы абмяркоўваем стратэгічныя задачы развіцця краіны, і тэматычныя сустрэчы з працоўнымі калектывамі, і асабістыя прыёмы грамадзян, куды людзі прыходзяць са сваімі канкрэтнымі просьбамі. Кожны з гэтых інструментаў па-свойму важны і запатрабаваны. Але найбольш поўнае і аб’ектыўнае разуменне сітуацыі даюць выязныя сустрэчы з жыхарамі непасрэдна ў сельскіх саветах і аграгарадках.
Чаму менавіта гэтая форма? Для мяне як для старшыні Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы гэта магчымасць працаваць, што называецца, «на зямлі». Такі фармат дазваляе адысці ад любога фармалізму. Прыязджаючы ў сельсавет, дэпутат не проста прымае скаргі ў кабінеце, а бачыць сітуацыю знутры: на свае вочы ацэньвае, як працуюць мясцовыя сацыяльныя аб’екты, ці добраўпарадкавана тэрыторыя, якія рэальныя ўмовы створаны для жыцця грамадзян і з якімі бытавымі цяжкасцямі яны сутыкаюцца.
Жывыя, нефармальныя стасункі з людзьмі даюць магчымасць убачыць самую аб’ектыўную карціну. Сельскія жыхары вельмі тонка адчуваюць шчырасць і неабыякавасць. Калі ты знаходзішся з імі ў адной зале, яны больш ахвотна дзеляцца не толькі набалелым, але і канструктыўнымі ідэямі. Таму лічу, што няма нічога лепш за прамы даверны дыялог з чалавекам на яго тэрыторыі.
— 2026-ы аб’яўлены кіраўніком дзяржавы Годам беларускай жанчыны. Ці ўдзяляеце гэтай тэматыцы ўвагу падчас работы ў акрузе?
— Абвяшчэнне 2026-га Годам беларускай жанчыны — гэта не проста даніна павагі, а прызнанне фундаментальнай ролі жанчыны ў лёсе нашай дзяржавы. Беларуская жанчына — гонар нацыі, і гэтымі словамі сказана ўсё. Наш Прэзідэнт заўсёды высока ацэньвае і падкрэслівае яе ўнікальны дар: быць адначасова надзейнай захавальніцай сямейнага ачага і прафесіяналам. Яе ўклад у захаванне і развіццё грамадства цяжка пераацаніць.
Як дэпутат і кіраўнік профільнай камісіі, я, безумоўна, надаю гэтай тэматыцы самую пільную ўвагу. Па ініцыятыве Палаты прадстаўнікоў 3 сакавіка ў Мінску прайшоў маштабны рэспубліканскі форум «Жанчына і будучыня вёскі». Гэта была сапраўды значная падзея. Мы прымалі цудоўных беларусак з усіх куткоў краіны: ад прадстаўніц аграгарадкоў да кіраўнікоў буйных сельгаспрадпрыемстваў. Геаграфія удзельніц ахапіла ўсе 118 раёнаў Беларусі — настаўніцы, урачы, работніцы аграпрамысловага комплексу і іншых сфер. Галоўная мэта форуму -абмеркаваць шляхі мадэрнізацыі і павышэння прывабнасці жыцця на вёсцы. У рамках мерапрыемства таксама адкрылася глыбокая і кранальная выстава «Пяшчота зямлі беларускай у жаночых далонях», якая ярка падкрэсліла стваральную ролю сельскіх жыхарак.
Гаворачы пра вёску, хочацца падзяліцца адной важнай думкай. Калі ў вёсцы гарыць святло, калі гаспадыня выпякае хлеб, стварае ўтульнасць і гадуе дзяцей — тады вёска горда стаіць на нагах. А калі вёска стаіць трывала — у краіне ўсё стабільна. Жаночы пачатак тут з’яўляецца абсалютна незаменным.
Асабліва хачу адзначыць жанчын-механізатараў. Зараз па ўсёй краіне праходзяць фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі «Дажынкі». Я часта бываю на гэтых мерапрыемствах, камунікую з людзьмі і сёння з асаблівай цеплынёй і гонарам магу канстатаваць: у беларускага поля сёння жаночы твар. І гэта чыстая праўда. Далікатныя, але неверагодна моцныя, уважлівыя і бясконца адданыя сваёй справе жанчыны ўпэўнена трымаюць у руках золата палёў. У аграрнай галіне нашы жанчыны працуюць нароўні з мужчынамі. Сотні жанчын сёння нясуць сваю вахту на самых розных пасадах у аграпрамысловым комплексе, уваходзяць у склад сямейных і парных брыгад.
Год беларускай жанчыны стаў выдатнай нагодай яшчэ раз сказаць «дзякуй» нашым працаўнікам. Сёння роля беларускай жанчыны набывае новае гучанне, яна як ніколі запатрабаваная, паважаная і прызнаная. І наша задача як парламентарыяў — ствараць усе ўмовы для таго, каб кожная беларуска адчувала падтрымку на дзяржаўным узроўні.
— Іван Станіслававіч, у чым заключаецца місія дэпутата?
— Перш за ўсё гэта ўсведамленне каласальнай адказнасці перад людзьмі, якія аказалі табе давер. Для мяне гэта паняцце складаецца з некалькіх непарыўных складнікаў.
Маёй галоўнай мэтай было і застаецца адстойванне інтарэсаў маіх выбаршчыкаў. Дэпутацкі мандат — гэта не прывілей, а інструмент, з дапамогай якога мы павінны даносіць да ўлады рэальныя запыты і спадзяванні людзей. Кожны наказ, кожны зварот, які прагучаў на сустрэчы ў сельсавеце або на прамой тэлефоннай лініі, — гэта не проста словы, а кіраўніцтва да дзеяння.
Другі найважнейшы арыенцір — рэальнае паляпшэнне якасці жыцця ў акрузе. Місія парламентарыя лічыцца выкананай тады, калі пасля яго ўмяшання адкрываюцца новыя сацыяльныя аб’екты, рамантуюцца дарогі, ствараюцца працоўныя месцы, а людзі пачынаюць адчуваць, што іх праблемы пачутыя і вырашаны.
І, нарэшце, сумленнае служэнне людзям. Гэта той маральны стрыжань, які не дазваляе расслабляцца і спыняцца на дасягнутым. Як старшыня аграрнай камісіі, я асабліва востра адчуваю гэтую адказнасць перад працаўнікамі вёскі — людзьмі, на плячах якіх трымаецца харчовая бяспека краіны. Мая задача як дэпутата — з рабіць так, каб іх праца была годнай высокай ацэнкі не толькі на словах, але і ў кожным законе, які прымаецца ў нашай краіне.
Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ
Фота з асабістага архіва Івана МАРКЕВІЧА