Top.Mail.Ru

Іван Паўлаў: Адчуваю сябе чалавекам, які зрабіў правільны выбар

Рэжысёр, сцэнарыст Іван Паўлаў належыць да тых творцаў, для каго важна кожнай сваёй карцінай нагадваць гледачу пра значнае, вечнае, выклікаючы жывыя эмоцыі. З яго апошніх работ аўдыторыя прыгадае кінастужкі «Падрыў», «Час вярнуцца», якія апавядаюць пра лёсы людзей ва ўмовах вайны. Кожная з іх — не проста вандроўка ў гісторыю мінулага, але і магчымасць ацаніць учынкі герояў, натхніцца прыкладамі іх самаахвярнасці. 


І гэта не застаецца незаўважаным: фільмы маюць попыт у гледачоў і знаходзяць прафесійную ацэнку аўтарытэтных прафесіяналаў. 

Пасля чарговай узнагароды мы сустрэліся з кінамайстрам, каб распытаць пра поспех сучаснага кіно, пра ўплыў крытыкі на творчасць і яго адчуванне ўласнай місіі ў прафесіі. 

Кіно не пралічыць формуламі

— Іван Міхайлавіч, на V Міжнародным фестывалі Правільнага кіно, прымеркаваным да 80-годдзя Перамогі, ваша кінастужка «Час вярнуцца» перамагла ў намінацыі «Найлепшы паўнаметражны ігравы фільм». Прэм’ера гэтай кінаработы адбылася год таму. Як складваецца лёс фільма, наколькі ён запатрабаваны пасля з’яўлення на вялікіх экранах? 

— Самы галоўны крытэрый, па якім сёння мы можам меркаваць аб запатрабаванасці фільма ў гледачоў, — гэта рэйтынг. Калі людзі галасуюць за кінастужку, даюць ёй сваю незалежную ацэнку. У кінастужкі «Час вярнуцца», напрыклад, на «Кінапошуку» паказчык 7.4, ён у «зялёнай зоне», на IMD — рэйтынг 6.6, хоць год ужо мінуў з моманту выхаду. Такая сітуацыя натхняе. А тым людзям, якія не верылі ў поспех гэтай работы, кажа пра тое, што варта ўсё ж такі давяраць творчым людзям, іх адчуванню тэмы, кадра. Так, мы не можам патлумачыць матэматычнымі формуламі і нават словамі тое, як уяўляем кіно, таму назіралі пэўны недавер нават пасля здымак, але ўсё зрабілі правільна. Я бываў на многіх сустрэчах з нагоды паказу фільма, бачыў людзей і як загараліся іх вочы, калі яны даведваліся пра нашы ідэі і глядзелі зробленае кіно. У верасні мінулага года мы дэманстравалі «Час вярнуцца» ва Уладзімірскай вобласці, ездзілі з ім на Дні беларускай культуры ў Новасібірск. І ўсюды я бачыў, як гледачы суперажывалі нашым героям, пры тым што там былі як людзі ва ўзросце, так і моладзь. Хоць часам няма ўпэўненасці, наколькі цікавая гэтая тэма ў фільмах маладому пакаленню. Але мы рабілі фільм 12+, каб дзеці таксама прычыніліся да гэтай тэмы, убачылі, якія важныя падзеі адбываліся на тэрыторыі Беларусі.

І тое, як высока нас ацанілі на фестывалі патрыятычнага кіно, таксама сведчыць аб тым, што мы недарэмна працавалі. Фільм убачыў свет напярэдадні 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, але і ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі ён гучыць актуальна. 

— Мне здаецца, кіно з жывымі гісторыямі і героямі існуе па-за часам...

— Калі мне кажуць: «Вось вы здымаеце фільмы пра вайну», я ўдакладняю, што здымаю пра людзей ва ўмовах вайны. Некаторыя гледачы, напрыклад, пытаюцца часам, маўляў, чаму не працягнулі ў кінастужцы «Час вярнуцца» лінію ўзаемаадносін урача і медсястры? А мы ж імкнуліся не проста каханне паказаць, а менавіта іх адчуванне блізкага чалавека побач. І нам гэта ўдалося, таму аўдыторыя героям суперажывае. 

— Вы заўважылі, што цяжка прадказаць цікавасць маладой аўдыторыі да ваеннага кіно. А ў прынцыпе, ці складаней стала рабіць фільмы такога напрамку?

— Фізічна рабіць гэта становіцца ўсё складаней, бо, напрыклад, тым жа аўтаматам перыяду Вялікай Айчыннай вайны цяпер больш за 80 гадоў. А гэта механізмы, з часам яны зношваюцца, ламаюцца альбо працуюць ужо не так, як раней. У лесе можна здымаць, а вось у горадзе складана, паколькі не знайсці лакацый для атмасферы ваеннага перыяду. Пасля вайны ў сталіцы 60 пабудоў ацалела, але і тыя, што засталіся, цяпер ужо адрамантаваны. Натуры няма. Мы ў фільме «Полымя пад попелам» разбураны Мінск здымалі на разбураным вінзаводзе ў Бабруйску. Яшчэ кіно пра вайну — гэта і рознага кшталту тэхніка (самалёты, танкі), якую ў наш час ужо часцей аднаўляюць у кадры пры дапамозе камп’ютарнай графікі. Рабіць дэкарацыі не заўсёды мэтазгодна. Але ваенныя фільмы працягваюць здымаць. І вельмі многае заўсёды залежыць ад сцэнарыя. Напрыклад, п’еса Валодзіна «Пяць вечароў» — яна ўражальная, хоць там дзеянне і ўсе размовы адбываюцца ў памяшканні. І ў ёй сцэны мацнейшыя па ўздзеянні, чым, скажам, батальныя ў нейкім фільме. А значыць, часта паўстае пытанне: ці варта марнаваць сродкі і дзеля чаго? 

Яшчэ важна разумець, што ў сучасных дзяцей і моладзі хутчэй адбываецца выбар адносна таго, цікава ім нешта альбо не. Калі раней казалі, што як толькі дваццаць секунд на экране нічога не адбываецца, то глядач адварочваецца, то сёння, думаю, ужо праз пяць секунд чалавек прымае такое рашэнне. Я часам назіраю ў метро, як хутка людзі праглядаюць навіны ў сваіх тэлефонах. Вельмі скора робіцца выбар. І ўявіце, вось з такім запытам, што ім патрэбна хуткая і цікавая інфармацыя, моладзь ідзе ў кінатэатр, а я (чалавек старэйшы за іх) вырашаю, як пераходам з буйнога плана на агульны данесці ім нейкую філасофскую думку. Аднак ёсць жа кіно і аўтарскае, і масавае, і дакументальнае, а ў рэшце рэшт кожны выбірае сваё. 

4_20 b.jpg

Падчас здымак фільма «Час вярнуцца»

Дакладнасць не ўзмацняе сэнсу

— Разам з тым неад’емны момант любой творчасці — рызыка сустрэць крытыку, неразуменне пэўных аўтарскіх пасылаў. Як вы ставіцеся да падобных выказванняў пра вашы фільмы?

— Я іх успрымаю абсалютна спакойна. Дапусцім, мы хочам зняць, як салдаты едуць на фронт на цягніку. Не было тады вагонаў з аўтасчэпкай, не былі яны чатырохвосевымі. Дзе ўзяць такія, як раней? Нідзе! І калі толькі па гэтай прычыне фільм дрэнны, то значыць сцэнарыст з рэжысёрам не дапрацавалі. Калі чалавек прыходзіць на прагляд і ў кадры звяртае ўвагу на такія моманты, жадаючы пакрытыкаваць, то ён абавязкова знойдзе, да чаго прычапіцца. Як глядач можа, напрыклад, сказаць, быццам у кадры не той хлеб. Мы ў фільме «Час вярнуцца» для кадра куплялі круглы хлеб каравайнага тыпу. Я вывучаў хроніку, і там з печы даставалі хлеб «цагліны» і круглай формы. Не спяклі мы спецыяльна для фільма хлеб па рэцэптах 1942 года. Прабачце! Але і сцэна была не пра хлеб, а пра галодных людзей у той час. А ці заўважыў хтосьці, як у мяне акцёр масавай сцэны есць цыбулю? І «ляжнёўка» ў нас не зусім правільная, бо тады патрэбна было б палову лесу зваліць для дакладнасці кадра. Толькі кіно не пра гэта. А пра тое, як хлопчык трох з паловай гадоў абсалютна спакойна кажа: «Калі мы не памром» (першапачаткова менавіта такой была назва фільма). Калі дзіця думае пра такое, то гэта страшна, бо ў яго ўзросце трэба жыць, марыць пра будучыню... Ці сцэна, дзе на вачах сына забіваюць яго маці... Калі прыдумаў яе, то мне стала страшна, але хацелася, каб аўдыторыя суперажывала. Нават зрабіў героя маўклівым, каб у той момант не крыкнуў. Інакш, можа, і не пабудаваў бы ён пасля «ляжнёўку», а гэта была яго місія! І глядач ужо сам вырашае, наколькі ўдалым атрымаўся той ці іншы эпізод. Таму да крытыкі адносна нейкіх момантаў я стаўлюся спакойна і з разуменнем. Як, дарэчы, і да пахвалы ад блізкіх людзей. А да заўваг, выказаных маімі калегамі, — тымі, хто мае ў кіно добрыя работы і вопыт, я заўсёды прыслухоўваюся. Безумоўна, мы павінны імкнуцца рабіць кіно максімальна дакладна, але, як казаў Міхаіл Ром, калі сорак працэнтаў ад задуманага ўдалося, то лічыце, што фільм атрымаўся. 

Мы стараемся дасягнуць кожны раз магчымага максімуму. 

— У чым, на ваш погляд, сёння сакрэт паспяховага кіно?

— Тут я згодны з Хічкокам, які казаў, што ёсць тры складальнікі добрага кіно: сцэнарый, сцэнарый, сцэнарый! Задумваючы, пра што кіно і для каго, варта ўлічваць, вядома, і магчымасці ўсё рэалізаваць. 

— Чым абумоўлена ваша жаданне ўдзельнічаць у распрацоўцы сцэнарыяў да сваіх фільмаў?

— Я вельмі трапятліва стаўлюся да сцэнарыстаў, і раней мне было цяжка ўнікаць у іх свет, каб зразумець, што і чаму яны напісалі. Выкладанне ў Акадэміі мастацтваў мяне натхніла на тое, каб больш вывучаць гэтую тэму, ёсць шмат падручнікаў. Звярнуўшыся да іх, я зразумеў, што самае важнае — уключыць фантазію і адказваць на пытанні, якія ты перад сабой паставіў. У тым жа фільме «Час вярнуцца» ў нас была дакументальная аснова подзвігу Мамадалі Тапвалдыева. Адштурхоўваючыся ад гэтага, мы з калегамі ўжо драматургічна прыдумвалі і па цаглінцы будавалі ўвесь сюжэт. Ёсць яшчэ такі момант: калі сам пішаш сцэнарый, то потым не даводзіцца думаць, што меў на ўвазе аўтар. Прасцей і акцёрам патлумачыць штосьці пры неабходнасці.

Кожны герой сваёй гісторыі

— Ведаю, што цяпер ідзе падрыхтоўка да здымак вашага новага фільма пра герояў Беларусі з рабочай назвай «Адно на дваіх». На чым будзеце рабіць акцэнт у гісторыі пра Мікіту Куканенку і Андрэя Нічыпорчыка? 

— Гэтай гісторыяй мы хочам распавесці аб тым, як зараджаецца подзвіг. Проста так ён не ўзнікае, а здзяйсняецца чалавекам, які дайшоў неяк да гэтага. І ў новым праекце мы ўзялі за аснову канцэнтрацыю біяграфічных фактаў з жыцця Мікіты Куканенкі і Андрэя Нічыпорчыка, якія, як нам падаецца, паўплывалі на тое, што хлопцы здзейснілі подзвіг. Матэрыялы справы мне ў рукі не давалі, але зачытвалі. І яшчэ іх гісторыя — гэта подзвіг самаахвяравання, які ў сусветнай драматургіі з’яўляецца самым лепшым сюжэтам. Але ў іх не было канфлікту, таму нам з камандай ужо давялося пашукаць і часткова прыдумаць рухавік драмы. Найперш у нас будзе кіно пра людзей, якія любілі лятаць. Ужо завяршаецца падрыхтоўчы этап і хутка распачнём здымкі. 

— У чым сёння вы бачыце сваю місію ў прафесіі?

— Ведаеце, пры паступленні ў Акадэмію ў мяне спыталі, хачу я рабіць кіно для сябе ці для гледача. І я вызначыўся, што здымаць буду для аўдыторыі. З часам гэта не змянілася. Мне хочацца, каб максімальная колькасць гледачоў пасля прагляду фільмаў (якія я ствараю з камандай) адчувала нашых герояў, перажывала з імі самыя розныя сітуацыі, а галоўнае — суперажывала ім. Існуе шмат людзей, чые гісторыі жыцця вартыя, каб пра іх пачулі іншыя, але не ўсе яны нам вядомыя. Таму я адчуваю сябе чалавекам, які зрабіў правільны выбар, калі пайшоў вучыцца на рэжысёра. Мне пашчасціла застацца ў прафесіі, хоць з нашага курса толькі лічаныя людзі пайшлі па выбраным шляху. Многае мяняецца ў нашай сферы, часам даводзіцца даказваць новаму кіраўніцтву, чаго ты варты, але ведаю, што я недарэмна ў прафесіі. У ёй мяне яшчэ чакае шмат адкрыццяў. Многае мне хочацца паспець зрабіць. 

Алена ДРАПКО

Фота з асабістага архіва Івана Паўлава

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю