На V Міжнародным фестывалі правільнага кіно ў Маскве, які сёлета быў прымеркаваны да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, мастацкі фільм Івана Паўлава «Час вярнуцца» атрымаў перамогу ў намінацыі «Найлепшы поўнаметражны ігравы фільм». Сярод пераможцаў таксама кінастужкі з Расіі, Кітая, Індыі, Ірана і Узбекістана.
Іх вызначылі сёлета са звыш 300 заявак з 17 краін свету, якія праходзілі адбор. Мэта кінафоруму — папулярызацыя традыцыйных каштоўнасцяў на шырокую аўдыторыю праз кінематограф і папулярызацыя аўтараў правільнага кіно. Фестываль аб’яднаў больш за 1000 пляцовак у 72 рэгіёнах Расіі, уключаючы паказы ў музеях — удзельніках праекта «Тэрыторыя Перамогі». Праходзіць ён з 2022 года, летась яму быў прысвоены статус міжнароднага. Сёлета ў 12 намінацыях фільмы ацэньвала міжнароднае журы.
— Тое, як высока нас ацанілі на фестывалі патрыятычнага кіно, сведчыць, што мы недарэмна працавалі. Фільм выйшаў у свет напярэдадні 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, але і ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі ён гучыць актуальна, — адзначыў рэжысёр Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Іван ПАЎЛАЎ і дадаў: — Я бываў на многіх паказах гэтага фільма і бачыў, як у людзей загараліся вочы, калі яны даведваліся пра нашы ідэі і глядзелі створанае кіно. У верасні мінулага года мы дэманстравалі «Час вярнуцца» ва Уладзімірскай вобласці, ездзілі з ім на Дні беларускай культуры ў Новасібірск. І ўсюды я бачыў, як гледачы — і людзі ва ўзросце, і моладзь — суперажывалі нашым героям, хоць часам няма ўпэўненасці, наколькі цікавая гэта тэма ў фільмах маладому пакаленню. Але мы рабілі фільм 12+, каб дзеці таксама прычыніліся да гэтай тэмы, убачылі, якія важныя падзеі адбываліся на тэрыторыі Беларусі.
Цяпер рэжысёр разам з творчай групай рыхтуюцца да здымак новага фільма пра герояў Беларусі — лётчыкаў Мікіту Куканенку і Андрэя Нічыпорчыка — пад рабочай назвай «Адно на дваіх».
— Гэтай гісторыяй мы хочам паказаць, як зараджаецца подзвіг. Проста так ён не ўзнікае, а здзяйсняецца чалавекам, які прыйшоў да гэтага. І ў новым праекце мы ўзялі за аснову канцэнтрацыю біяграфічных фактаў з жыцця Мікіты Куканенкі і Андрэя Нічыпорчыка, што, як нам падаецца, паўплывала на здзяйсненне подзвігу хлопцамі, — дзеліцца Іван Паўлаў. — Іх гісторыя — подзвіг самаахвяравання, а гэта ў сусветнай драматургіі самы лепшы сюжэт. Але ў іх не было канфлікту, таму нам з камандай давялося пашукаць і часткова прыдумаць «рухавік» драмы. Найперш у нас будзе кіно пра людзей, якія любілі лятаць. Ужо завяршаецца падрыхтоўчы этап і хутка распачнём здымкі.