У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны беражліва захоўваецца камсамольскі білет № 17445064, выдадзены 28 снежня 1942 года... адзінаццацігадоваму Юрыю Жданко «...за асаблівыя заслугі ў баявой рабоце».
Юра нарадзіўся ў Віцебску ў сям’і настаўніцы і рабочага, які загінуў ад нямецкай бамбёжкі. Фашысты расстралялі і сястру гэтага хлопчыка. Брат ваяваў на фронце.
Зімой 1941-га пакідаючы акупаваны Віцебск, маці з Юрам пад Суражам натрапілі на разведчыкаў, якія шукалі брод на рацэ Касплі. Добра ведаючы гэтыя мясціны, хлопчык змог падказаць байцам самае бяспечнае месца для пераходу, пасля чаго — з дазволу маці — таксама стаў разведчыкам — незаменным памочнікам для старэйшых. «Мая задача была... збіраць звесткі аб колькасці, узбраенні і тэхніцы ворага, — пісаў ён пазней у сваіх успамінах. — Ні немцы, ні паліцаі не звярталі ўвагі на хлапчука, які хадзіў з торбачкай і прасіў міласціну».
У жабрака, аднак, была свая сістэма падліку: ён трымаў у кішэнях шышкі, жалуды, хвойныя іголкі, насенне. Для звычайных людзей гэта здавалася нечым непатрэбным, а для назіральнага разведчыка — колькасцю кулямётных пунктаў, бронемашын, аўтатранспарту захопнікаў.
Той жа суровай зімой 1941-га, атрымаўшы заданне, Юрый з сапёрам Міхаілам Лаўрычам узарвалі мост пад Веліжам. Падчас выбуху Міхаіл быў цяжка паранены.
З лыжаў хлопчык змог змайстраваць ляжанку і на ёй сем кіламетраў цягнуў таварыша, за што пасля вяртання ў часць быў узнагароджаны медалём «За адвагу» і залічаны ў штат разведчыкаў.
Летам 1942-га іх групе трэба было знішчыць мост цераз раку Бярэзіну, стратэгічны аб’ект, які немцы вельмі пільна ахоўвалі. Ацаніць сітуацыю камандзір даручыў Юрыю, пасля чаго хлопчык, набраўшы з сабой загадзя налоўленых акунькоў і краснапёрак, на вачах у нямецкіх вартавых закідваў вудачку і зусім праўдападобна цягаў з вады дробную рыбку. А потым далажыў камандзіру пра ўсе агнявыя пункты і ахову моста, які неўзабаве быў узарваны.
...Чарговы подзвіг Юрый Жданко здзейсніў летам 1943-га, калі яго батальён трапіў у акружэнне. Трое сутак праблукаўшы па наваколлях, юны разведчык прапанаваў месца, дзе чырвонаармейцаў яўна не чакалі, і яны змаглі-такі выйсці з акружэння.
Пасля гэтага Юрыя самалётам даставілі ў Маскву, дзе яму асабіста падзякаваў Маршал Савецкага Саюза Клімент Варашылаў, а «ўсесаюзны стараста» Міхаіл Калінін уручыў ордэн Чырвонай Зоркі.
...У канцы 1944-га разведчык Жданко быў цяжка паранены, паўгода лячыўся ў ваенным шпіталі. Потым па стане здароўя не змог паступіць у сувораўскае вучылішча. Але ж пасля вайны знайшоў сваіх родных, з маці і братам вярнуўся ў свой разбураны Віцебск. Працаваў на будоўлях — на радзіме, у Калінінградзе, Ульянаўску, у Манголіі, Польшчы, Чэхаславакіі, Францыі, Германіі... Яго ўдарная праца адзначана ордэнам Айчыннай вайны І ступені і многімі ганаровымі граматамі.
Ён жа, Юрый Жданко, стаў прататыпам героя першага поўнаметражнага фільма Андрэя Таркоўскага «Іванава дзяцінства» паводле аповесці Уладзіміра Багамолава «Іван». Ролю маладога разведчыка ў ваеннай драме таленавіта сыграў юны Мікалай Бурляеў.
Мікалай ШАЎЧЭНКА, г. Мінск