Міністр звярнуў увагу, што сёлета ўпершыню будуць паступаць выпускнікі інжынерных класаў — каля 2,4 тысяч абітурыентаў. Выдатнікі змогуць па сумоўі, без экзаменаў паступіць ва ўніверсітэты як на інжынерныя спецыяльнасці, так і на педагагічныя спецыяльнасці негуманітарнага профілю.
«Істотна вырас аб’ём набору на прафтэхадукацыю (гэта будучыя спецыялісты рабочых прафесій). Фактычна кожны другі дзевяцікласнік выбірае траекторыю паступлення ў каледж, а не ідзе ў 10-ы і 11-ы класы для навучання ў школе. Гэта вельмі важна для нас, — падкрэсліў Андрэй Іванец. — Мы працуем над траекторыяй атрымання імі вышэйшай адукацыі. Сёлета плануем прыняць у ВНУ 8,2 тысячы выпускнікоў каледжаў па скарочанай праграме».
Па словах міністра адукацыі, скарочана няпрофільная падрыхтоўка ВНУ. «Летась мы спынілі такую падрыхтоўку па 20 спецыяльнасцях, сёлета яшчэ па 50. Гаворка ідзе пра тое, што кожны ўніверсітэт павінен набіраць для падрыхтоўкі тых студэнтаў, пад якіх у яго маецца і адпаведны прафесарска-выкладчыцкі склад, і матэрыяльна-тэхнічная база, каб падрыхтаваць сапраўды высакакласнага спецыяліста, а не гнацца за псеўдапрэстыжнасцю таго ці іншага кірунку», — удакладніў Андрэй Іванец. Ён таксама адзначыў, што заданні, па якіх праходзяць і экзамены, і тэсціраванне для выпускнікоў гэтага года і мінулых гадоў, — абсалютна ідэнтычныя. «Таму гэта аб’ектыўная ацэнка, меншы стрэс. Мы бачым, што шмат у чым людзі станоўча ўспрымаюць гэту яшчэ маладую сістэму, якая ўжо добра сябе зарэкамедавала», — падсумаваў міністр адукацыі.
Валерыя СЦЯЦКО