Top.Mail.Ru

Каардынатар ААН у Беларусі выказаў надзею, што сцяна ў Белавежскай пушчы рана ці позна ўпадзе

Загароды паміж Беларуссю і Польшчай у Белавежскай пушчы не павінна існаваць. Такі пункт гледжання выказаў пастаянны каардынатар ААН у Рэспубліцы Беларусь Расул Багіраў у час выступлення на ўрачыстым пасяджэнні Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, прымеркаваным да 70-годдзя яе стварэння, перадае БелТА.

Прадстаўнік ААН расказаў, што апошнім часам шмат падарожнічае па Беларусі, вывучаючы яе спадчыну. Наведаў таксама і Белавежскую пушчу.

«Я быў там, бачыў гэту сцяну. І я сказаў бы так: гэтай сцяны не павінна існаваць. Але рана ці позна сцены падаюць. Яны ператвараюцца ў музейны экспанат. Таму спадзяюся, што і гэта сцяна таксама разваліцца», — адзначыў Расул Багіраў.

Беларусь прапанавала Польшчы правесці кансультацыі аб уплыве прыгранічнай агароджы на стан Белавежскай пушчы.

«Валюнтарысцкае рашэнне Польшчы аб узвядзенні штучнага бар’ера, адмова ад супрацоўніцтва ў рамках нашага агульнага аб’екта, уключанага ў Спіс спадчыны ЮНЕСКА, не садзейнічае захаванню біяразнастайнасці і гістарычнай каштоўнасці, чым мы заўсёды шчыра ганарыліся. Гэта таксама перашкаджае стварэнню нармальных умоў для ўзаемадзеяння ў мэтах захавання гэтага аб’екта», — звярнуў увагу міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў.

Белавежская пушча — адзін з самых вялікіх нацыянальных паркаў у Еўропе — уключана ў Спіс помнікаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА з 1992 года.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю