Карэспандэнты «Звязды» адправіліся ў рэйд з міліцыянерамі.
На выхадных сіноптыкі прагназуюць сонечнае і яснае надвор’е, а значыць колькасць гараджан, якія захочуць адпачыць у парках, скверах і каля вадаёмаў, павялічыцца.
Каб летні адпачынак мінчан і гасцей сталіцы праходзіў бяспечна, за парадкам ва ўказаных месцах пільна сочаць супрацоўнікі мінскай міліцыі. Карэспандэнты «Звязды» адправіліся ў рэйд з супрацоўнікамі патрульна-паставой службы міліцыі Кастрычніцкага РУУС, каб паназіраць за тым, ці не парушаюць адпачывальнікі дзейнае заканадаўства ў адным з самых папулярных месцаў адпачынку ў раёне, — парку «Курасоўшчына». Ён размешчаны вакол маляўнічага Лошыцкага вадасховішча, на набярэжнай якога любяць бавіць вольны час як дарослыя, так і дзеці.

За курэнне ў грамадскім месцы — штраф
Да патрульных Германа Наўрода і Ягора Кішылы далучыліся студэнты — прадстаўнікі маладзёжнага атрада аховы правапарадку (МААП), якія не першы раз аказваюць дапамогу супрацоўнікам міліцыі ў забеспячэнні бяспекі ў месцах адпачынку.
У парку ўвагу патруля прыцягнуў малады хлопец, які курыў на лаўцы электронную цыгарэту. Дарэчы, парк «Курасоўшчына» — зона, свабодная ад курэння, да якога таксама прыраўноўваецца так званае «курэнне вэйпаў». Маладому чалавеку растлумачылі нормы заканадаўства і зрабілі вусную заўвагу. Мінчанін паабяцаў больш не парушаць правілы.
— Заканадаўствам прадугледжаны меры, накіраваныя на зніжэнне негатыўнага ўплыву курэння на здароўе грамадзян, абарону ад уздзеяння тытунёвага дыму і наступстваў выкарыстання электронных сістэм курэння, — адзначыў Ягор Кішыла. — Згодна з артыкулам 19.9 КаАП, за курэнне і спажыванне тытунёвых вырабаў у забароненых месцах прадугледжаны штраф у памеры да 4 базавых велічынь.
Асаблівая пільнасць — каля вады
Удзельнікі рэйду падышлі да рыбакоў. Пагутарыўшы з мужчынамі і нагадаўшы ім аб правілах бяспечных паводзін каля вадаёма, патруль накіраваўся далей. Супрацоўнікі адзначылі, што асаблівая ўвага ў ходзе патрулявання ўдзяляецца бяспецы дзяцей і ўзгадалі выпадак, які адбыўся мінулым летам. Да іх звярнулася па дапамогу адна з жанчын, якія адпачывалі ў парку. Мінчанка плакала і прасіла знайсці пяцігадовага сына. Хлопчык катаўся на самакаце, а калі мама на хвілінку адцягнула ўвагу, знік з вачэй. Патрульныя аператыўна знайшлі прапажу, а ўдзячная мінчанка выказала ім шчырую ўдзячнасць.
— У спякотныя дні мы нярэдка заўважаем, калі жанчыны, якія прыходзяць адпачыць з маленькімі дзецьмі, размяшчаюцца каля вады, — распавядае Герман Наўрода. — Пакуль мамы захоплена гутараць адна з адной, малыя свабодна сябе паводзяць. Аднак такая бестурботнасць дарослых можа прывесці да бяды. Таму мы заўсёды праводзім прафілактычныя гутаркі з бацькамі, нагадваем ім аб забароне купання ў дадзеным месцы, аб тым, што дзяцей каля вады нельга пакідаць ні на секунду.
Падчас далейшага патрулявання ўдзельнікі рэйду правялі прафілактычныя гутаркі, нагадалі адпачывальнікам аб правілах паводзін у грамадскіх месцах, а таксама дапамаглі ў сітуацыях, якія не патрабавалі адміністрацыйнага ўмяшання.
Кампетэнтны каментар:
Начальнік Кастрычніцкага РУУС Аляксандр ГІЛЬДЗЮК:
— У месцах масавага адпачынку забаронена распіццё спіртных напояў і піва, размяшчэнне транспартных сродкаў на зялёнай зоне, развядзенне вогнішчаў, курэнне і купанне ў забароненых месцах. Гэтыя правапарушэнні міліцыя спыніць, грамадзяне, якія іх учыняюць, будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
Так, за распіццё алкагольных, слабаалкагольных напіткаў або піва ў скверы, парку пагражае адміністрацыйная адказнасць і пакаранне ў выглядзе штрафу да васьмі базавых велічынь. Абразлівае прыставанне да адпачывальнікаў кваліфікуецца як дробнае хуліганства і цягне штраф у памеры ад 2 да 30 базавых альбо грамадскія працы, адміністрацыйны арышт. Таксама давядзецца панесці пакаранне і за распальванне вогнішчаў у забароненых месцах — да 12 базавых. Купанне ў забароненым месцы можа абысціся да трох базавых.
Адпачываючым варта памятаць і аб захаванні элементарных правілаў асабістай і маёмаснай бяспекі, бо бестурботнасць — адна з асноўных прычын учынення правапарушэнняў і злачынстваў. Не варта пакідаць свае рэчы без нагляду нават на некалькі хвілін — гэтага часу хопіць, каб здзейсніць крадзеж і схавацца, застаўшыся незаўважаным. Па статыстыцы прадметамі замахаў у асноўным становяцца сумкі, грошы, мабільныя тэлефоны, веласіпеды. Каб не стаць ахвярай, трэба заўсёды трымаць свае рэчы пры сабе або ў зоне бачнасці.
Міліцыя разам з работнікамі АСВОД, МНС і МААП і надалей будзе праводзіць рэйды, накіраваныя на забеспячэнне бяспекі адпачываючых, недапушчэнне гібелі людзей, папярэджанне правапарушэнняў і злачынстваў.
Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы Кастрычніцкага РУУС г. Мінска