Top.Mail.Ru

Каб дзеці і ўнукі не забыліся, што яны — беларусы. Міністр інфармацыі сустрэўся з беларускімі пісьменнікамі

Тэмы папулярызацыі беларускай мовы і літаратуры абмяркоўваліся 10 лістапада на сустрэчы міністра інфармацыі Дзмітрыя Жука з актывам Саюза пісьменнікаў Беларусі, паведамляе БелТА.


Пашыранае пасяджэнне прэзідыума Саюза пісьменнікаў ператварылася ў шчырую і цікавую гутарку аб будучыні беларускай літаратуры, аб выкарыстанні сучасных механізмаў і пляцовак для папулярызацыі мовы і літаратуры. 

«Перад намі стаіць задача — папулярызацыя, захаванне беларускай мовы, каб нашы з вамі дзеці і ўнукі не забыліся, што яны беларусы. Трэба зрабіць больш прывабнай нашу літаратуру перш за ўсё для школьнікаў і студэнтаў», — адзначыў міністр інфармацыі. 

«У нас дзве дзяржаўныя мовы — руская і беларуская, — звярнуў увагу Дзмітрый Жук. — У карыстанні моладзі пераважна руская мова. Вялікую ролю ў гэтым адыгрываюць гаджэты, дзе беларускае слова амаль не гучыць». 

На вельмі змястоўнай і цікавай сустрэчы ішла размова пра захаванне духоўных каштоўнасцей, беларускіх традыцый, пра тое, як іх перадаць маладым пакаленням.

Дзмітрый Жук падкрэсліў: «Сёння трэба працаваць над тым, каб мова, беларускасць сталі моднымі, элітарнымі. Мы павінны прывучыць грамадскасць да таго, што беларуская мова і валоданне ёю — гэта элітарная і модная з’ява».

Міністр разам з папулярызацыяй літаратуры закрануў і пытанне яе якасці. «Калі чытаеш верш, і ён не выклікае ніякіх эмоцый, гэта, напэўна, не зусім паэзія. Паэзія — гэта і пачуцці, і эмоцыі, і эстэтычная асалода. Няма дрэннай ці добрай кнігі — ёсць цікавая або не. А галоўнае — яна павінна кранаць», — выказаў думку Дзмітрый Жук.


Падчас сустрэчы закраналася тэма прадстаўленасці сучасных аўтараў у падручніках, а таксама адлюстравання творчасці беларускіх аўтараў у навуковых працах. Прысутныя падзяліліся сваімі думкамі і прапановамі аб перспектывах дзейнасці Саюза пісьменнікаў.

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч расказаў аб напрамках дзейнасці грамадскага аб’яднання.

«На дзяржаўным узроўні будзе працягнута падтрымка літаратуры і дастойных мастацкіх твораў», — падкрэсліў міністр інфармацыі Беларусі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю