Top.Mail.Ru

Каб і смачна, і экалагічна...

«Па маіх разліках пры расфасоўцы 20 кілаграмаў карамелі па 150 грамаў трэба на 23 пакавання больш, чым пры 200 грамовым пакаванні...». Так у лісце на адрас рэдакцыі сваё меркаванне аб перарасходзе ўпаковачнага матэрыялу пры дробным фасаванні цукерак выказаў спадар Павел Лявонцьевіч, чытач «Звязды» з Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. Вясковец патлумачыў, што апошнія дзесяць гадоў купляе прадукты ў аддзяленні пошты, побач з якім жыве.


«Усю сваю карамель з начынкай («Рачкі з арахісам», «Траўка-Мураўка», «Клубніца з вяршкамі», «Каньячная») фабрыка фасуе па 150 грамаў... Як прыхільнік чыстай экалогіі прынцыпова не магу купляць прадукт у неэкалагічнай (150 гр) упакоўцы. І атрымліваецца — мае правы спажыўца парушаны» (ліст друкуецца ў скарочаным пераказе. — Рэд.): аўтар звароту падкрэслівае, што лічыць пытанне экалогіі ў наш час жыццёва важным. 

  • Павел Лявонцьевіч папрасіў праз рэдакцыю «Звязды» адрасаваць вытворцу пытанне мэтазгоднасці фасавання цукерак ва ўпакоўкі згаданай вагой.

За каментарыем па ўзнятым пытанні карэспандэнт «Звязды» звярнулася ў ААТ «Спартак». Як патлумачыла намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці СП ААТ «Спартак» Вольга Наважэнцава, на працягу апошніх 20 гадоў кандытарская фабрыка вырабляла фасаваную прадукцыю ў розных фарматах — ад 150 да 1000 грамаў. 

— У гэты ж час праводзіліся маркетынгавыя даследаванні на прадмет вывучэння аналагічнай фасаванай прадукцыі іншых вытворцаў для прыняцця рашэння аб тым, якой найбольш аптымальнай вазе аддае перавагу пакупнік. Усе змены ў фасоўцы былі праведзены пасля дэталёвых апытанняў сярод нашых спажыўцоў сумесна з гандлёвымі арганізацыямі Рэспублікі Беларусь. Большасць нашых пакупнікоў аддаюць перавагу менавіта гэтаму фармату, як больш зручнаму і практычнаму, — звярнула ўвагу прадстаўнік прадпрыемства.

Намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці падкрэсліла, што на прадпрыемстве падтрымліваюць важнасць экалагічнай устойлівасці і імкнуцца выбудоўваць вытворчы працэс такім чынам, каб мінімізаваць негатыўнае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе.

— Варыянты пакавання кандытарскіх вырабаў абумоўлены сучаснымі тэндэнцыямі рынка і спажывецкімі перавагамі, якія мы імкнемся ўлічваць для максімальнага задавальнення нашых пакупнікоў, — адзначыла суразмоўца.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю