Top.Mail.Ru

Каля знакамітага сталічнага Камароўскага рынку ўзведзены помнік карове. Незвычайная бронзавая скульптура прыцягвае літаральна ўсіх: з ёй часта фатаграфуюцца ці проста ўважліва разглядаюць. А паглядзець на яе варта шырэй. У 2018 годзе Прэзідэнт Беларусі падчас прэс-канферэнцыі расійскім СМІ прапанаваў усталяваць помнік карове як знак удзячнасці за тое, што яна дапамагала нашым людзям не памерці з голаду ў самыя складаныя часы — у Вялікую Айчынную. Падыход беларускай дзяржавы ў плане жывёлагадоўлі застаецца нязменным — максімальная адказнасць і павага не толькі да людзей, але і да жывёл.

«Грош цана тады нам, калі мы не выканаем гэту задачу»

«Людзі сыходзілі ў лясы і з сабой бралі скаціну, каб выжыць. Карова і сёння корміць народ. Гэта не толькі малако, але і мяса. Калі мы хочам быць здаровымі, трэба дыхаць нармальным паветрам і харчавацца нармальнымі прадуктамі. Зыходзячы з гэтага, карова, вобразна кажучы, павінна стаяць у палацы», — казаў кіраўнік дзяржавы падчас выязнога семінара-нарады па сельскай гаспадарцы ў чэрвені 2025 года ў Мінскай вобласці.


Пасыл, агучаны Прэзідэнтам, абсалютна не новы. Але заўжды актуальны. Логіка цалкам зразумелая: чым лепшыя ўмовы ўтрымання жывёл — тым большыя надоі ад каровы, лепшая якасць мяса. Адпаведна, вышэйшы эканамічны эфект ад рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі. Таму будаўніцтва малочнатаварных комплексаў — пытанне сапраўды дзяржаўнае, накіраванае на будучыню.

  • Аб яго важнасці Аляксандр Лукашэнка казаў яшчэ ў 2012 годзе, падчас наведвання агракамбінатаў «Дзяржынскі» і «Ждановічы» Мінскай вобласці. «Трэба будзе рабіць сёння тое, што трэба не заўтра, а паслязаўтра. Трэба жыць паслязаўтрашнім днём. І для гэтага ёсць усё — будматэрыялы, абсталяванне, неабходны кадравы патэнцыял. Грош цана тады нам, калі мы не выканаем гэту задачу», — цытавала тады кіраўніка дзяржавы «Звязда».

Жывёлагадоўля займае ключавую пазіцыю ў эканоміцы. У гэтым сектары вырабляецца больш за палову ўсёй сельскагаспадарчай прадукцыі, фарміруецца экспартны патэнцыял краіны. Яшчэ ў 2019 годзе быў распрацаваны тактычны план развіцця галіны. Былі прыняты найважнейшыя дакументы па кірунках развіцця: стратэгіі па развіцці малочнай і мясной галін, Дырэктыва аб развіцці вёскі, Дзяржаўная праграма «Аграрны бізнес», комплекс мер па развіцці кормавытворчасці.

«Наша задача — за наступную пяцігодку сысці ад „дзікіх“ ферм. Трэба будаваць комплексы, не такія палацы, але тэхналагічныя. Трэба вярнуцца да цаны. Нам трэба вызначыцца, колькі каштуе комплекс. Я не кажу, што ён павінен быць танны або дарагі. Скупы плаціць двойчы, але лішніх грошай няма ў краіне», — адзначыў Прэзідэнт, наведваючы ў ліпені 2023 года малочнатаварны комплекс «Паўлінка», які ўваходзіць у склад ААТ «Агракамбінат «Юбілейны» Аршанскага раёна.

«Своечасова даіць і карміць. І на работу прыходзіць у час»

У спецыялістаў па вытворчасці малака ёсць так званае правіла «чатырох К»: каровы, кадры, кармы і камфорт. Кіраўнік дзяржавы часта нагадвае адказным асобам пра аднолькавую важнасць кожнага элемента.


У краіне ёсць перадавікі, якія здольныя атрымліваць па 12-13 тысяч кілаграмаў малака ад каровы. Але ёсць і тыя гаспадаркі, у якіх сярэдні надой ад каровы — менш за 3 тысячы кілаграмаў. Розніца відавочная. «Значыць, трэба ламаць схему. Землі і рэсурс стратных гаспадарак паўнавартасна перадаваць моцным гаспадаркам і працаваць па схеме ўзбуйненых таварна-сыравінных комплексаў. На ствараемых прадпрыемствах — ажыццяўляць будаўніцтва сучасных маштабных малочнатаварных і свінагадоўчых комплексаў», — агучваў спосаб вырашэння праблемы Прэзідэнт на нарадзе па развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны ў красавіку 2024 года.

Аляксандр Лукашэнка не стамляецца паўтараць — падзяжу жывёлы ні ў якім разе быць не павінна. Тым больш што пры належнай працоўнай дысцыпліне, адказным стаўленні нават самых простых умоў дастаткова, каб нармальна ўтрымліваць жывёл і пазбегнуць гэтай праблемы. Кіраўнік дзяржавы ведае гэта на ўласным досведзе. Прэзідэнт неаднаразова расказваў, што ў яго ёсць свая ферма, дзе ён асабіста правярае некаторыя тэхналогіі, якія прапануюцца для прымянення па краіне, у тым ліку і ў пытанні ўтрымання жывёлы.

«Цялят трэба трымаць пад дахам. Усе гэтыя клеткі — гэта глупства, асабліва поліэтыленавыя. Я паспрабаваў у сябе на ферме: калі горача, цяля ўсё спацелае і мокрае — дакладна захварэе. Гэта мы прывыклі — палацы, палацы. А жывёлам палацы не патрэбны. Ім чым прасцей, тым лепш», — падзяліўся назіраннямі Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання сельгаспрадпрыемства «Палессе-Аграінвест» у Петрыкаўскім раёне ў жніўні 2024 года.


А цытата беларускага лідара аб тым, што да цяляці трэба ставіцца як да дзіцяці, увогуле стала крылатай. І тут на першае месца выходзіць адказнасць і дысцыпліна работнікаў кожнай гаспадаркі. «Галоўнае — своечасова карміць, своечасова даіць і на работу прыходзіць у час», — не адкрываючы вялікага сакрэту, нагадваў Аляксандр Лукашэнка на рэспубліканскім семінары-нарадзе ў верасні 2023 года.

«У тым, што мы мелі рацыю, пераканаліся і ў Беларусі, і за яе межамі»

Трывалая кармавая база і паўнавартасны рацыён — асноўны складнік прыбытковай вытворчасці. Ні адна карова не зможа быць прадукцыйнай і рэалізаваць свой генетычны патэнцыял без паўнавартаснага харчавання. На нарадзе па развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны ў красавіку 2024 года Аляксандр Лукашэнка нагадваў, што яшчэ з савецкіх часоў у нас назапашаны найбагацейшы досвед вытворчасці кармоў. «Яшчэ ў гады СССР, з другой паловы мінулага стагоддзя, з травяной мукі выраблялі гранулы для корму жывёлам. Калі правільна падбіраць траву, вітамінаў і мінералаў у такіх кармах больш і захаванасць лепшая. І тэхналогія гранулявання нескладаная», — прыводзіла тады словы беларускага лідара «Звязда».


Больш за тое, у краіне пабудаваны самы сучасны комплекс па вытворчасці камбікармоў і амінакіслот — Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя. Камбікормавыя магутнасці здольны закрыць патрэбы ў камбікармах і дабаўках у поўным аб’ёме.

  • «Мы ўвесь час гаворым пра важнасць харчовай бяспекі і сельскагаспадарчай галіны. Можа, камусьці гэта ўжо набіла аскому. Але ў тым, што мы мелі рацыю, зрабіўшы стаўку на вытворчасць харчавання, пераканаліся і ў Беларусі, і за яе межамі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па развіцці Гомельскай вобласці ў лістападзе 2022 года.

Менавіта паслядоўнасць і вернасць выбранаму курсу прывялі да таго, што беларуская сельскагаспадарчая прадукцыя сёння не патрабуе рэкламы. Якасць беларускай «малочкі» вядома далёка за межамі краіны. І гэта вынік вялікага шляху — выверанага і паслядоўнага.

Валерыя СЦЯЦКО


Так, крок за крокам і ствараецца сучасная беларуская жывёлагадоўля, якая дае рэальны вынік. Не агулам, паступова. Тым больш што прыклады для пераймання для гаспадарак, якія толькі пачынаюць гэты шлях, ёсць. Аб тым, як працуюць перадавікі ў 2025 годзе, даведваліся нашы карэспандэнты.

Стварыць замкнёны цыкл на адной пляцоўцы. Як новы малочнатаварны комплекс ААТ «Агра-Ляскавічы» вырашыць лагістычныя і іншыя праблемы

У Петрыкаўскім раёне ідзе будаўніцтва, якое можа стаць узорам для многіх сельгаспрадпрыемстваў Палесся. Гаворка аб новым малочнатаварным комплексе ААТ «Агра-Ляскавічы», узвядзенне якога знаходзіцца на асабістым кантролі Прэзідэнта. Гэта не проста першы ў сваім родзе для беларускага АПК аб’ект з выкарыстаннем новых будтэхналогій, а практычнае вырашэнне складаных для гаспадаркі пытанняў. Як знайшлі рашэнне, якое ўразіла кіраўніка дзяржавы, даведалася карэспандэнт «Звязды».

Зразумець значэнне новабудоўлі — малочна-даільнага блока і кароўнікаў для ўтрымання дойнага статку — лягчэй, калі ўнікнуць у асаблівасці гэтай гаспадаркі. Яе зямельная база адносна невялікая — 6700 гектараў. Размяшчаецца сельгаспрадпрыемства «Агра-Ляскавічы» на тэрыторыі Петрыкаўскага і Жыткавіцкага раёнаў.

«Галоўная асаблівасць, якая вызначае ўсю лагістыку, — рака Прыпяць. Яна літаральна дзеліць прадпрыемства на дзве часткі», — тлумачыць дырэктар ААТ «Агра-Ляскавічы» Юрый КАСТРАНКОЎ.

Гэта датычыцца і вытворчых участкаў, і сельгасугоддзяў. Збожжавыя вырошчваюць у зарэчнай зоне Жыткавіцкага раёна (больш высокая бальнасць земляў). Асабліва цяжка ў час жніва: адвоз збожжа ідзе толькі праз паром, што патрабуе больш тэхнікі і часу.

Агульнае пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў гаспадарцы — 4200 галоў. Асноўныя фермы знаходзяцца ў Петрыкаўскім раёне. У аддзяленні «Ляскавічы» — дойны статак з 840 кароў. Тут сканцэнтравана асноўная вытворчасць малака. 


У Брынёве размяшчаецца каля 1200 галоў жывёлы для мясной вытворчасці: спецыялізуецца гаспадарка на абердзіна-ангускай пародзе. А вось на процілеглым беразе — у Хлупіне і Перарове — знаходзяцца комплексы па дарошчванні маладняку жывёл і малочнай, і мясной парод. З мая па лістапад сувязь паміж вытворчымі ўчасткамі — толькі праз паром. І тое, нестабільна, а ў залежнасці ад таго, як моцна разальецца рака.

«Увесь астатні час, каб пераправіць маладняк з Ляскавіч і Брынёва ў зарэчную зону, трэба аб’язджаць каля васьмідзесяці кіламетраў, — канстатуе дырэктар ААТ „Агра-Ляскавічы“. — Гэта не толькі выдаткі на паліва, час, але і рызыка траўматызацыі жывёлы».

Менавіта новы малочнатаварны комплекс у аддзяленні «Ляскавічы» дазволіць на адной пляцоўцы стварыць замкнёны цыкл, ліквідаваўшы неабходнасць у доўгіх перавозках. Будаўніцтва новага сучаснага комплексу для гаспадаркі — ключавая падзея.

Кіраўнік сельгаспрадпрыемства звяртае ўвагу на тое, што акрамя лагістыкі новы комплекс дапаможа вырашыць яшчэ адну праблему: старыя памяшканні для ўтрымання жывёлы знаходзіліся ў нездавальняючым стане.

  • «На жаль, была скучанасць жывёл, не самая добрая вентыляцыя, нязручны падыход да кармавых сталоў, што ў цэлым адмоўна адбівалася на надоях, — тлумачыць Юрый Кастранкоў. — Новы комплекс дазволіць, што вельмі важна, забяспечыць больш камфортныя ўмовы ўтрымання жывёлы, па ўсіх сучасных патрабаваннях. За кошт значнай вышыні столі — да 11 метраў — будзе забяспечаны добры паветраабмен, а ў цэлым — больш вольны падыход да кармавога стала. Акрамя таго, з’явіцца магчымасць размясціць у даільнай зале сучаснае даільнае абсталяванне, што дазволіць значна павысіць надоі, а значыць, і эканамічныя паказчыкі. Будуць створаны і камфортныя ўмовы для супрацоўнікаў, што таксама — ключавая пазіцыя ў рабоце любога вытворчага ўчастка».

Навацыя будоўлі — выкарыстанне драўляных клееных канструкцый для даху і перакрыццяў. Дарэчы, яшчэ на стадыі праектавання новага МТК быў улічаны вопыт перадавіка айчыннай аграрнай справы — ААТ «Парахонскае» Пінскага раёна. Кіраўніцтва гэтай гаспадаркі прымала непасрэдны ўдзел у кансультацыях па праектаванні новага малочнатаварнага комплексу ў «Агра-Ляскавічы». Аграрыі Гомельшчыны пераймаюць у ААТ «Парахонскае» і вопыт па ўдасканаленні вытворчых працэсаў.

Дарэчы, прырода падарыла гаспадарцы і ўнікальны рэсурс — заліўныя лугі. Дзякуючы дасягнутай дамоўленасці з кіраўніцтвам Нацыянальнага парка «Прыпяцкі» ў планах на наступны год — пашырыць практыку выпасу абердзіна-ангускай пароды жывёл якраз на пойме. Гэта не толькі сэканоміць сродкі на кармы, але і дапаможа падтрымліваць прыродны баланс на гэтых тэрыторыях.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Петрыкаўскі раён


Захаванне тэхналогій і строгая дысцыпліна. У чым сакрэт поспеху алекшыцкіх аграрыяў?

У жніўні 2023 года ў ходзе інспекцыі сельскагаспадарчых работ на Гродзеншчыне і знаёмства з сацыяльна-эканамічным развіццём рэгіёна кіраўнік дзяржавы наведаў адну з найлепшых гаспадарак вобласці, якая знаходзіцца ў Бераставіцкім раёне, — РСУП «Алекшыцы». Прэзідэнт пабываў на малочна-таварнай ферме, на якой у той час ажыццяўлялася рэканструкцыя, і ў комплексе па адкорме і дарошчванні буйной рагатай жывёлы.

Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі аб ходзе рэалізацыі праекта па ўзвядзенні новага аб’екта і выкананні яго ўказанняў па пераводзе дойнага статка ў сучасны малочна-таварны комплекс. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што мадэрнізаваны комплекс у Бераставіцкім раёне павінен служыць прыкладам для іншых гаспадарак. Сказана — зроблена. Сёння гэта сучасны комплекс, дзе надоі малака складаюць больш за 30 літраў у суткі ад каровы, а агульнае пагалоўе — звыш тысячы галоў.

Абноўлены аб’ект пачаў працаваць 29 верасня 2023 года. Экскурсію па малочна-таварным комплексе карэспандэнту «Звязды» правялі галоўны заатэхнік Уладзімір Карытца і начальнік комплексу Аляксандр Крупенька.

Асаблівасць аб’екта заключаецца ў тым, што ён узводзіўся на аснове ўжо існуючага. Такая мадэрнізацыя дала магчымасць выкарыстоўваць будынкі, якія ёсць, што дазволіла зэканоміць сродкі на ўзвядзенні дадатковых аб’ектаў.

На будаўніцтва выдзелілі 14,5 млн рублёў. З іх 12 млн пайшло на будаўніча-мантажныя работы, 1,6 млн — на абсталяванне, 0,9 млн — на праектныя работы. Фінансаванне забяспечылі 

ААТ «Прамагралізінг», ААТ «Белаграпрамбанк» і сама арганізацыя. Выніковы кошт аб’екта склаў 13,228 млн рублёў. Новы комплекс павялічыў пагалоўе малочнага статка, павысіў якасць малака — адпаведна выраслі заробкі супрацоўнікаў, павысілася прадукцыйнасць працы. Былі створаны новыя працоўныя месцы. Усё гэта прывяло да росту выручкі і рэнтабельнасці прадпрыемства.

Карэспандэнты пераканаліся асабіста: усюды чыста і акуратна. Даільны блок аснашчаны найноўшым абсталяваннем, цяляты жывуць у добрых умовах.

У рамках візіту ў Бераставіцкі раён Аляксандр Лукашэнка таксама наведваў комплекс па адкорме і дарошчванні буйной рагатай жывёлы ўмяшчальнасцю 5 тысяч галоў. Комплекс, які, дарэчы, функцыянуе на працягу 39 гадоў, з’яўляецца значнай крыніцай мясной прадукцыі, забяспечваючы каля паловы грашовага абароту гаспадаркі. Сёлета рэалізавана амаль 2 500 тон мяса ў жывой вазе.

Калі заходзіш на тэрыторыю комплексу, нават не адразу зразумела, што гэта частка гаспадаркі. Ідэальна скошаная трава, дэкаратыўныя дрэвы, альпійскія горкі, кветкі і нават сажалка — усё гэта частка ландшафту. У памяшканнях, дзе ўтрымліваюць быкоў, таксама ідэальны парадак. Своеасаблівую экскурсію па комплексе карэспандэнту правёў яго начальнік Норберт Малецкі. У 2023 годзе ён суправаджаў кіраўніка дзяржавы, які знаёміўся з работай комплексу.

«У нас шмат ручной працы, але ўсе супрацоўнікі любяць сваю справу і робяць яе якасна, — гаворыць начальнік комплексу. — Сістэма выбудавана так, што тут усё цудоўна працуе».

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ, фота аўтара

Бераставіцкі раён

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю