Бяспечны пікнік
Лета ўсё бліжэй. Пакуль адны плануюць паездкі на прыроду з шашлыкамі і палаткамі, іншыя ўжо некалькі тыдняў з жахам гартаюць TіkTok. У сацыяльнай сетцы адно за адным з’яўляюцца відэа пра нібыта драконаўскія штрафы за касцёр у лесе. Расказваюць пра велізарныя сумы, якія давядзецца заплаціць нават за звычайны мангал на ўскрайку лесу. Вось што пішуць у каментарыях: «Гэта ж цэлая зарплата!», «Проста нейкае рабаванне сярод белага дня!», «Лепш куплю шашлык у рэстаране, чым рызыкаваць...» Адны заклікаюць сядзець дома, іншыя скардзяцца, што «ў краіне забаранілі адпачываць». У каментарыях пануе сапраўдная паніка. Але ці так усё страшна насамрэч? Каб разабрацца, дзе праўда, а дзе перабольшанне, мы звярнуліся да спецыялістаў.

Не трэба панікаваць!
Што датычыцца «страшных гісторый» у TіkTok, начальнік службы па ахове і абароне лесу УП «Мінская лесапаркавая гаспадарка» Аляксей АПЁНАК раіць супакоіцца: у сацыяльных сетках многае перабольшваюць. Падаюць інфармацыю так, быццам адразу прыедзе міліцыя і за любы касцёр выпіша вялізны штраф. Аднак гэта не адпавядае рэчаіснасці.
— Так, штрафы існуюць, і яны могуць быць значнымі. Але іх мэта — не пакараць чалавека, а спыніць безадказныя дзеянні, якія могуць прывесці да трагедыі, — тлумачыць спецыяліст. — Калі вы выконваеце элементарныя правілы — у вас не будзе ніякіх праблем.
Па словах Аляксея Апёнка, важна выконваць галоўнае правіла — разводзіць касцёр у лесе дазваляецца толькі ў спецыяльна абсталяваных месцах, якіх дастаткова, — яны размешчаны на берагах вадасховішчаў.

Асаблівай увагі заслугоўваюць зоны адпачынку на тэрыторыі УП «Мінская лесапаркавая гаспадарка». Такіх месцаў, дарэчы, у Мінску і Мінскім раёне абсталявана ажно 187 — і ўсё бясплатна. Напрыклад, на берагах любімых мінчанамі вадасховішчаў:
- на Мінскім моры — пляжы № 1–6, а таксама пляж № 9;
- на вадасховішчы Дразды — пляжы № 5–7;
- на Крыніцы — № 3, 4;
- на Цнянскім вадасховішчы — № 1–3 і № 5.
— Калі вы прыехалі на такое абсталяванае месца, карыстаецеся мангалам, сачыце за агнём — і ніякіх праблем не будзе, — запэўнівае Аляксей Апёнак.
Лоджыя — не месца для развядзення вогнішча
А вось наконт адпачынку ў гарадскім двары многія хвалююцца не менш. Адзін з нашых чытачоў спытаў: «Хочам з сям’ёй пасмажыць шашлык у двары шматпавярховага дома. Ці можна?..»
Намеснік начальніка цэнтра ўзаемадзеяння з грамадскасцю і СМІ Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Анастасія ШВАЙБОВІЧ адзначае, што закон не забараняе карыстацца мангалам у дварах жылых дамоў, але з умовамі:
— Месца трэба ачысціць ад сухой травы і гаручых рэчываў, трымаць побач вядро вады і вогнетушыцель, не пакідаць агонь без нагляду, сачыць за іскрамі — асабліва ў ветранае надвор’е. Нельга размяшчаць мангал блізка да сцен будынкаў, машын, дзіцячых пляцовак.
Акрамя таго, у шматкватэрных дамах могуць дзейнічаць унутраныя правілы або рашэнні мясцовых улад, якія забараняюць такія мерапрыемствы. Таму лепш загадзя ўдакладніць гэтыя пытанні ў старшыні дома або жыллёвай службе.
— А вось на балконе альбо лоджыі смажыць шашлык катэгарычна нельга! Незалежна ад таго, зашклёныя яны ці адкрытыя, вялікія ці маленькія. Гэта пажаранебяспечна, — папярэджвае Анастасія Швайбовіч. — Агонь, іскры, дым — усё гэта можа прывесці да трагедыі.

За што могуць аштрафаваць на самай справе
Штрафы сапраўды прадугледжаны. Але выпісваюцца яны не за тое, што вы проста вырашылі адпачыць, а за канкрэтныя парушэнні.
За развядзенне вогнішча ў забароненым месцы прадугледжаны штраф да 12 базавых велічынь (артыкул 16.41 КаАП). За парушэнне пажарнай бяспекі ў лесе ці на тарфяніках — штраф да 30 базавых велічынь (артыкул 16.21 КаАП).
Але, паўторым, усяго гэтага вельмі лёгка пазбегнуць: дастаткова карыстацца спецыяльнымі пляцоўкамі і трымаць побач ваду.
У TіkTok любяць перабольшваць. Але рэальнасць такая: баяцца не трэба. Трэба проста быць уважлівым і адказным.
— Выбірайце спецыяльна абсталяваныя пляцоўкі, — рэзюмуе Аляксей Апёнак. — Не паліце ў лесе, бярыце з сабой ваду. Добры адпачынак — гэта бяспечны адпачынак.
— І не грэбуйце вогнетушыцелем, — дадае Анастасія Швайбовіч. — Вядро вады і вогнетушыцель павінны быць побач заўсёды.
У гэтым выпадку вас чакае не штраф, а добры настрой. Беражыце сябе, сваіх блізкіх і нашу родную прыроду!
Надзея ЗУЕВА