Top.Mail.Ru

Каб не памыліцца ў выбары будучай прафесіі, лепш загадзя разведаць, дзе і на каго можна вывучыцца

У суботу, 21 сакавіка, установы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Беларусі правядуць адзіны дзень адчыненых дзвярэй. Маштабнае прафарыентацыйнае мерапрыемства адбудзецца ў перыяд вясновых канікул і аб’яднае ўніверсітэты, каледжы і арганізацыі — заказчыкі кадраў. Забягаючы наперад, мы адчынілі для вас дзверы дзвюх вядучых ВНУ краіны — Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Запрашаем зазірнуць у іх разам з намі. Праходзьце, калі ласка!


Педагагічная паэма пачынаецца тут

БДПУ ўваходзіць у лік найстарэйшых вышэйшых навучальных устаноў Беларусі — 21 лістапада 2026 года ён адзначыць 112-годдзе з дня заснавання. Сёння гэта не проста ВНУ, а вялікі адукацыйны, навукова-даследчы і сацыякультурны комплекс, у якім актыўна развіваюцца інавацыі, сучасныя тэхналогіі і навуковыя даследаванні, падкрэслівае рэктар універсітэта Аляксандр ЖУК. У структуры БДПУ 9 факультэтаў, 3 інстытуты (псіхалогіі, інклюзіўнай адукацыі, а таксама павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі), аспірантура і дактарантура, рэспубліканскія рэсурсныя і адукацыйныя цэнтры, шэраг іншых падраздзяленняў.

Падрыхтоўка ў ВНУ вядзецца па 29 спецыяльнасцях. Цяпер іх атрымліваюць 8712 студэнтаў і 612 магістрантаў. Яшчэ 123 чалавекі навучаюцца ў аспірантуры і дактарантуры. Адукацыйны працэс забяспечваюць 657 спецыялістаў, сярод якіх 40 дактароў навук і 310 кандыдатаў навук.

Асаблівае значэнне ў развіцці БДПУ мае навуковая дзейнасць — тут функцыянуюць 15 навукова-педагагічных школ, а за пяць гадоў вучоныя ўніверсітэта выканалі больш за 300 навуковых тэм па праграмах рознага ўзроўню. Вынікі гэтай працы шырока ўкараняюцца ў адукацыйную практыку.


Важнай часткай універсітэцкага жыцця застаюцца сацыяльныя і культурна-адукацыйныя праекты. Сярод іх вядомыя «Зорныя паходы» па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа.

Актыўна развіваецца і міжнароднае супрацоўніцтва. БДПУ заключыў 190 міжнародных дагавораў з універсітэтамі 24 краін, а агульная колькасць замежных студэнтаў сёння складае больш за тысячу.

Важны паказчык дзейнасці ўніверсітэта — запатрабаванасць яго выпускнікоў, лічыць Аляксандр Жук.

— Хацелася б адзначыць такі важны факт, што ўсе нашы выпускнікі запатрабаваныя. У нас стапрацэнтнае размеркаванне. За нашымі выпускнікамі стаяць чэргі! А яшчэ адным паказчыкам запатрабаванасці падрыхтоўкі нашых кадраў з’яўляецца іх замацаванне на працоўных месцах.

У БДПУ адзіны дзень адчыненых дзвярэй пройдзе ў рамках агульнарэспубліканскай акцыі «Я выбіраю прафесію». Будуць працаваць прэзентацыйныя пляцоўкі з удзелам заказчыкаў кадраў і факультэтаў універсітэта, дзе абітурыенты змогуць даведацца пра магчымасці мэтавага навучання, запатрабаваныя спецыяльнасці і перспектывы працаўладкавання.

Урачы новага пакалення

Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт — вядучая навучальная ўстанова, дзе атрымліваюць вышэйшую адукацыю «вартавыя» нашага здароўя. Сёння тут навучаецца больш за восем тысяч студэнтаў. У ВНУ працуе звыш 2200 чалавек, у тым ліку 1165 выкладчыкаў, сярод якіх 114 дактароў навук і 550 кандыдатаў навук, што адпавядае міжнародным адукацыйным стандартам.

— Наш універсітэт — вялікая адукацыйная і навуковая структура, асноўная місія якой — падрыхтоўка высокакваліфікаваных, канкурэнтаздольных спецыялістаў для сістэмы аховы здароўя, а таксама выхаванне сапраўдных патрыётаў сваёй прафесіі і краіны, — адзначае рэктар БДМУ Сяргей РУБНІКОВІЧ.

У ВНУ — 96 кафедр, з іх 65 — клінічныя, дзе студэнты і маладыя ўрачы асвойваюць практычныя навыкі і праходзяць стажыроўку. Яшчэ ёсць 31 фундаментальная кафедра, дзе вывучаюцца асновы медыцыны — анатомія, гісталогія, фізіялогія і іншыя базавыя дысцыпліны. Акрамя таго, у структуру БДМУ ўваходзіць ваенна-медыцынскі інстытут, дзе рыхтуюць ваенных медыкаў, навукова-даследчы інстытут, у рамках якога дзейнічаюць лабараторыі і рэалізуюцца навуковыя праекты для практычнай медыцыны, а таксама інстытут павышэння кваліфікацыі.

Універсітэт карыстаецца значнай папулярнасцю не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Аб гэтым сведчыць і той факт, што сёння ў ім навучаецца больш за дзве тысячы студэнтаў з 60 краін свету, прычым 65 % замежнікаў атрымліваюць адукацыю на англійскай мове. Па словах рэктара, летась конкурс сярод замежных абітурыентаў нават перавышаў конкурс для беларускіх, а ў сярэднім ён складаў каля трох чалавек на адно месца.

У БДМУ актыўна развіваецца сістэма прафарыентацыі. Універсітэт рэгулярна праводзіць дні адчыненых дзвярэй. Апошняе такое мерапрыемства сабрала каля 1600 чалавек разам з бацькамі.

— Для нас важна, каб у медыцынскую прафесію прыходзілі матываваныя і падрыхтаваныя маладыя людзі, таму мы працуем са школьнікамі старэйшых класаў, знаёмім іх з універсітэтам і асаблівасцямі навучання, — кажа рэктар.

Дарэчы, адна з галоўных асаблівасцяў БДМУ — сучасная практыка-арыентаваная інфраструктура. Тут размешчаны сімуляцыйныя цэнтры, абсталяваныя робататэхнікай, спецыяльнымі манекенамі і высокатэхналагічным медыцынскім абсталяваннем. Кафедры гісталогіі, біялогіі, фізіялогіі і іншыя абсталяваны лічбавымі мікраскопамі і сучаснымі сістэмамі навучання.

— Мы імкнёмся спалучаць класічную медыцынскую адукацыю з сучаснымі падыходамі: сімуляцыйным, інтэрактыўным і дыстанцыйным навучаннем. Менавіта такое спалучэнне забяспечвае высокую эфектыўнасць адукацыйнага працэсу, — упэўнены Сяргей Рубніковіч.

Адзіны дзень адчыненых дзвярэй — не проста знаёмства з установамі адукацыі, а магчымасць глыбей пагрузіцца ў сістэму навучання ў Беларусі, ацаніць яе перавагі і разнастайнасць кірункаў падрыхтоўкі. Для абітурыентаў гэта важны этап на шляху да ўсвядомленага выбару прафесіі і пабудовы паспяховай адукацыйнай траекторыі ў сваёй краіне.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю