Top.Mail.Ru

Каб не згас агонь Радзімы

Памятаеце: «Купалінка, купалінка...» — нязгасны народны гімн беларускай культуры. Як і агонь продкаў, нібы авеяны туманамі пад-над Прыпяццю альбо Дняпром, гучыць гэты заварожваючы голас. Самае народнае, самае наша — беларускае — свята. Магія купальскай ночы ды моц сонца. Для земляробаў-беларусаў то была важная дата. Зараз мы прагрэсіўныя, модныя, «упакаваныя», але добра, што не забыліся і пра сваю зямлю — аснову. Песцімся ў промнях малой радзімы, хаты бацькоў.


Купалле ў нас — не пра нячысцікаў, а пра паэтызаванае стаўленне да прыроды, памяці вогнішчаў продкаў. Александрыя на купальскае свята збірае сяброў са ўсяго свету: як разумна прыдумана на беразе Дняпра — ракі, што водамі хрышчэння і гандлю гуртавала суседзяў. Няўжо раней людзі былі разумнейшымі?!
Святкаваць і весяліцца мы ўмеем. Як і працаваць — жніво пачынаецца. Так і жывём — са свайго хлеба, спяваючы песні пад мірным небам. Нікому не замінаем, з усімі гатовыя сябраваць. Але дзьме з захаду злыдзень-вецер, намагаецца задуць, патушыць той жыццёвы агонь купальскіх вогнішчаў нашай Радзімы.


Ізноў, як некалі, Беларусь пад прыцэлам. Перашкаджае камусьці наша мірнае жыццё, гаспадарскі падыход, жаданне самастойна жыць у сваёй хаце і нават наша жаданне спыніць бойку славян — да белай злосці даводзіць хаўруснікаў сучаснага Захаду. А іх падпявалы ў блізкай для нас Украіне і скачуць пад тую дудку, пад чужыя песні.

Каб сеяць свой хлеб на зямлі бацькоў і мець магчымасць паэтычна ўзносіць культурную спадчыну сваіх продкаў, мы павінны памятаць пра сілу і трымаць порах далей ад палескай вільгаці. Пра гэта зноў каторы раз, уручаючы ўзнагароды і пагоны ваенным, казаў наш Галоўнакамандуючы.

Мы чакаем міру, спадзяёмся на яго, робім многае, каб ён надышоў, але рыхтуемся да чаго заўгодна. Робім усё, каб не трапіць у пекла — славянскую бойку. А таксама ўсё робім, каб, калі што, даць адпор. Колькі аб гэтым сказана Прэзідэнтам. Але ці пачулі, ці ўспрынялі мы гэты пасыл? Ніхто не кажа паводзіць сябе як алармісты. Але ж...

Беларусь — гэта перакрыжаванне цывілізацый, а значыць інтарэсаў. Гісторыя нашых земляў — гэта гісторыя войнаў. Кожныя 30-50 гадоў нашы землі штурмавалі і тапталі акупанты. Лічы, сёння ўпершыню ў гісторыі мір на нашых тэрыторыях ужо амаль дзевяць дзесяцігоддзяў. Прэзідэнт хоча і надалей яго захаваць. А для гэтага трэба быць моцным.

Паводзіны еўрапейскіх палітыкаў можна назваць рэцыдывам геапалітычнай дэпрэсіі. Германія колькасць Бундэсвера павялічвае да 90 тысяч вайскоўцаў і ўзмацняе — 64 тысячамі рэзервістаў. А Варшава збіраецца павялічыць колькасці войска да 300-400 тысяч чалавек, а кантынгент на мяжы з Беларуссю — да 40 тысяч.

Кіраўнік бундэсвера Пісторыус назваў гэта лета апошнім летам міру. Кіраўнік Генштаба ВС Францыі Мандон заклікаў войска падрыхтавацца да вайны — радавыя амбіцыі Напалеона. А кіраўніцтва Польшчы наогул «кантактуе» з духам ваяўнічага Пілсудскага, нашы продкі спаўна «сербанулі» яго знешнюю палітыку. А Люблін (памятаеце, унія такая была) гучыць у новым чытанні — Люблінскі трохвугольнік. На трохбаковай платформе супрацоўніцтва паміж Украінай, Літвой і Польшчай ужо недвухсэнсоўна пачынаюць пагражаць Беларусі.

Такія вось настроі ў штабах заходніх суседзяў па кантыненце. Зразумела, бітваў пад Прохараўкай сёння не будзе. Пра акцэнты на батальённа-тактычныя групы Першы ўжо не першы раз папярэджваў.

Канфлікт на Блізкім Усходзе і ва Украіне, шалёная мілітарызацыя самых ваяўнічых краін Старога Свету (апошняе пацверджанне таму — нядаўні саміт НАТА) прымушае нас трымаць порах сухім, а армію ў форме. Лепш бы, вядома, аб гарантыях бяспекі разважаць на канферэнцыях і ў дакладах. Але самай дзейснай мерай з’яўляецца баяздольная армія.

Наш Прэзідэнт дакладна бачыць мэту — гэта мір. Але як вопытны палітык ён выдатна разумее, што толькі ўпор на дыпламатыю сёння мір не гарантуе, патрэбна яшчэ бездакорная боегатоўнасць арміі, здольнай абараніць краіну...

Калі нашы полацкія князі будавалі Сафію, бацька пазапалітычных паводзін калектыўнага Захаду Барбароса закладваў дактрыну націску на Усход. Выпаліць. Забраць. Знішчыць. Так было стагоддзямі. Іменем Барбаросы фашысты назвалі план канчатковага рашэння славянскага пытання. Пачалі з беларусаў. Нашых земляў. Але на гэта мы адказалі ўдарам Баграціёна. І зрабілі дзень вызвалення ад карычневай навалы галоўным днём сваёй краіны.

Менавіта з нашага Кургана Славы бачныя ўсе мемарыялы незалежнасці краін глабальнага Поўдня — пасля нашай Вялікай Перамогі пачаўся парад суверэнітэтаў у краінах, якія кармілі і забяспечвалі поспех Захаду. І каб той Курган Славы заставаўся маяком справядлівага свету, каб не згас агонь Радзімы — трэба быць гатовымі іх абараняць. Тады, дасць Бог, і рабіць гэтага не давядзецца.

Яўген ПУСТАВОЙ



arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю