У Гомелі сёлета ўзмацнілі магчымасці дыспетчарскай службы, якая сочыць за станам вулічна-дарожнай сеткі. Да сістэмы відэаназірання падключылі каля 15 новых камер. Яны дапамогуць аператыўна выяўляць участкі, дзе снегапад і галалёд ускладняюць рух, каб своечасова накіроўваць туды спецтэхніку. Да зімовага сезона ў поўнай гатоўнасці дарожныя і камунальныя службы вобласці.
У цесным узаемадзеянні
Пытанне зімовага ўтрымання дарог застаецца на асаблівым кантролі кіраўніцтва рэгіёна. Пастаўлена задача не толькі забяспечыць прадпрыемствы тэхнікай і неабходнымі матэрыяламі, але і наладзіць іх узаемадзеянне, каб рэагаванне на змены надвор’я было своечасовым.
Дарожныя арганізацыі вобласці нарыхтавалі неабходную колькасць супрацьгалалёдных матэрыялаў для апрацоўкі вуліц і прадухілення слізкасці дарожнага пакрыцця.
Як паведаміў першы намеснік дырэктара Гомельскага гарадскога дарожнага будаўніча-рамонтнага трэста Павел ЕМЯЛЬЯНАЎ, на сённяшні дзень нарыхтавана каля 12 тысяч тон сумесі.
— Матэрыял прайшоў сертыфікацыю і адпавядае неабходным патрабаванням.
Пэўны запас рэагентаў прадугледжаны і непасрэдна на вуліцах. У Гомелі ўсталёўваюць спецыяльныя кантэйнеры з пясчана-саляной сумессю. Іх размяшчаюць у месцах, дзе асабліва важна не дапусціць слізкасці: на крутых спусках, каля прыпынкаў грамадскага транспарту, пешаходных пераходаў.
Справа спецтэхнікі
Пры пагаршэнні надвор’я асноўная нагрузка ляжа на спецтэхніку. У абласным цэнтры да зімовай работы падрыхтавалі 17 пескараскідвальнікаў. Машыны прайшлі праверку, для іх вызначаны маршруты руху па вуліцах з улікам рознай ступені слізкасці дарожнага пакрыцця.
— Для аператыўнага вырашэння задач сфарміраваны брыгады вадзіцеляў, — удакладніў Павел Емяльянаў. — Пры моцных снегападах прадпрыемства будзе працаваць ва ўзмоцненым кругласутачным рэжыме.
Сёлета асобную ўвагу ўдзялілі ўдасканаленню работы дыспетчарскай службы. Да існуючых пунктаў відэаназірання падключылі дадатковыя новыя камеры, якія дазваляюць у рэжыме рэальнага часу адсочваць абстаноўку на вулічна-дарожнай сетцы і бачыць, дзе снег, слізкасць ствараюць небяспечныя ўмовы для руху.
Вызначаны адказныя за кожны ўчастак
Падрыхтоўка да зімы вядзецца і ў раёнах.
Усяго па вобласці ў распараджэнні камунальных службаў 523 адзінкі тэхнікі ў спраўным стане. Для аператыўнай работы ў складаныя ўмовы надвор’я вызначаны адказныя за кожны ўчастак, сфарміраваны брыгады, прадугледжаны парадак узаемадзеяння паміж службамі, што дазволіць узгадняць дзеянні і задзейнічаць неабходныя сілы і тэхніку ў залежнасці ад сітуацыі.
На апаратнай нарадзе кіраўніцтва Гомельскага рэгіёна начальнік упраўлення ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама Руслан КАЛЕСНІКАЎ звярнуў увагу, што ў вобласці на асаблівым кантролі — гатоўнасць прадпрыемстваў, адказных за ўтрыманне вулічна-дарожнай сеткі, да работы ў зімовы сезон і забеспячэння бяспечнага па транспартных артэрыях як мясцовага, так і рэспубліканскага значэння.
Па словах Руслана Калеснікава, у рэгіёне праверылі спецыялізаваную тэхніку, якая будзе задзейнічана ў рабоце ў зімовы сезон. Асаблівую ўвагу ўдзялілі пытанням праходжання дзяржаўнага тэхнічнага агляду, атрыманню допуску да ўдзелу ў дарожным руху, а таксама кадраваму пытанню.
У дапамогу вадзіцелям
Да 1 снежня на аўтамабільных дарогах Гомельшчыны павінны ўстанавіць указальныя вехі, якія пазначаюць межы дарогі і дапамагаюць вадзіцелям арыентавацца ў зімовых умовах, калі снег хавае абочыны.
Паводле інфармацыі начальніка ўпраўлення ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама, у мінулым зімовым сезоне ў вобласці налічвалася 938 участкаў, схільных да снежных заносаў. На 816 з іх неабходна ўладкаваць снежныя траншэі. Пры гэтым на асобных адрэзках дарог патрабуецца перагледзець спосабы абароны ад заносаў.
Асобна Руслан Калеснікаў звярнуў увагу на адказнасць саміх вадзіцеляў за паводзіны на дарозе і нагадаў, што зімовая гатоўнасць залежыць не толькі ад работы спецыяльных службаў, але і ад уважлівасці кожнага ўдзельніка руху.
Наталля КАПРЫЛЕНКА