Top.Mail.Ru

Каб разлічыцца з даўгамі, мінчанін-лудаман выкраў у сястры сейф з грашыма і ўпрыгажэннямі

У законную сілу ўступіў прысуд у дачыненні да 35-гадовага гараджаніна, якога абвінавачвалі ў здзяйсненні крадзяжу ў буйным памеры, расказалі агенцтву «Мінск-Навіны» ў пракуратуры г. Мінска.



У абвінавачанага былі фінансавыя цяжкасці, паколькі некаторы час ён не працаваў. Ён браў у доўг у знаёмых, а таксама афармляў пазыкі ў розных фінансавых арганізацыях. З часам крэдыторы сталі настойліва патрабаваць разлічыцца з імі. Фігурант звярнуўся да роднай сястры з просьбай даць яму ў доўг, але тая адмовіла, паколькі брат меў схільнасць да азартных гульняў.

Тады фігурант вырашыў выкрасці ў сваячкі сейф, які стаяў у яе ў пакоі. Ён без цяжкасці адчыніў яго кансервавым нажом — там ляжалі грошы ў замежнай валюце і ювелірныя ўпрыгажэнні на агульную суму 40 257 BYN.

Пасля зламыснік адправіўся ў банк, дзе абмяняў частку чужых зберажэнняў — 3 300 еўра і 3 450 долараў — на рублі, каб пагасіць даўгі.

Вярнуўшыся дадому, пацярпелая адразу ж заўважыла прапажу сейфа і стала тэлефанаваць брату. Той спачатку адмаўляў сваё дачыненне да крадзяжу, а пасля прызнаўся ў зробленым.

Мінчанка звярнулася з заявай у міліцыю, у дачыненні да яе брата распачалі крымінальную справу. Дарэчы, судова-псіхіятрычная экспертыза пацвердзіла, што мужчына пакутуе парушэннем у форме паталагічнай схільнасці да азартных гульняў (лудаманіяй).

Віну на судовым пасяджэнні ён цалкам прызнаў, у зробленым раскаяўся.

— У абвінавачанага сярэдняя спецыяльная адукацыя, ён з’яўляецца бацькам дваіх малалетніх дзяцей, працаваў зваршчыкам у прыватнай кампаніі, раней ужо меў праблемы з законам, — пракаменціравала старшы пракурор аддзела пракуратуры г. Мінска па наглядзе за адпаведнасцю закону судовых рашэнняў па крымінальных справах Анастасія Маліка-Шамко. — Суд прызнаў яго вінаватым у таемным выкраданні маёмасці (крадзяжы), здзейсненым у буйным памеры, і на падставе ч. 3 арт. 205 КК прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады шэсць месяцаў, якія абвінавачаны правядзе ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, са штрафам у памеры 50 базавых велічынь (2 250 BYN). Акрамя таго, ён павінен пакрыць пацярпелай прычынены маёмасны ўрон.


Прысуд уступіў у законную сілу.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю