Старшыня Палаты прадстаўнікоў, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Віцебскай вобласці Ігар Сергяенка 17 ліпеня працаваў у Шаркаўшчынскім і Глыбоцкім раёнах.
Ігар Сергяенка праінспектаваў старт жніва і мадэрнізацыю агракомплексу «Княж». Сумесна з кіраўніком Шаркаўшчынскага райвыканкама Сяргеем Кашмілам Старшыня Палаты прадстаўнікоў і азнаёміўся з ходам уборачнай кампаніі, развіццём інфраструктуры і стварэннем належных умоў працы на сельгаспрадпрыемстве. Ігар Сергяенка наведаў майстэрні, зернесушыльныя комплексы і склады ў вёсцы Зорка і аграгарадку Германавічы. Тут ідзе маштабны дэмантаж аварыйных пабудоў. На іх месцы ўзвядуць сучасныя боксы з лёгкіх канструкцый для якаснага захоўвання і абслугоўвання сельгасмашын.
Спікер падкрэсліў: умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы гаспадаркі павінна ісці паралельна са стварэннем дастойных і бяспечных умоў працы для вяскоўцаў.
У аграгарадку Германавічы актыўна ўзводзіцца буйны малочнатаварны комплекс. Тут з’явяцца два памяшканні для дойнага статка, даільна-малочны блок, кацельня і воданапорная вежа. На комплексе будуюць 5 сянажных траншэй. Гэта дазволіць адначасова закладваць да 10 000 тон сакавітых кармоў. Дырэктар прадпрыемства Уладзімір Буда далажыў Старшыні Палаты прадстаўнікоў аб графіку і якасці работ. Будаўніцтва важнага аб’екта знаходзіцца на пастаянным кантролі мясцовых улад.
Другая частка рабочай паездкі прайшла ў Глыбоцкім раёне, дзе Ігар Сергяенка ацаніў ход уборачнай кампаніі.
На полі сельскагаспадарчага прадпрыемства «Залатая падкова» старшыня Глыбоцкага райвыканкама Максім Бакураў далажыў спікеру аб бягучых выніках. На палях раёна сёння задзейнічана 55 збожжаўборачных камбайнаў. Аграрыі вядуць актыўны збор ячменю, сярэдняя ўраджайнасць якога дасягае 27 цэнтнераў з гектара, перавышаючы леташнія паказчыкі. Шэраг мясцовых гаспадарак паралельна ажыццяўляе ўборку рапсу. Ігар Сергяенка таксама вывучыў арганізацыйныя пытанні жніва. Асобна пацікавіўся дакладнымі тэрмінамі старту ўборкі азімай пшаніцы, а таксама забеспячэннем пажарнай бяспекі з боку падраздзяленняў РАНС на месцах працы ўборачнай тэхнікі.
У жывёлагадоўчым комплексе «Удзела» прадпрыемства «За Радзіму» Ігар Сергяенка высока ацаніў новы прафілакторый для цялят, які ўзводзіцца. Старшыню Палаты прадстаўнікоў цікавілі канкрэтныя лічбы, а менавіта кошт будаўніцтва і эканамічныя перспектывы. Планы тут амбіцыйныя: на прадпрыемстве разлічваюць выйсці на сярэднясутачную прыбаўку ў вазе да аднаго кілаграма.
На сушыльным комплексе сельгаспрадпрыемства «Мярэцкія» Ігар Сергяенка абмеркаваў з зацікаўленымі арганізацыю жніва, выкананне аб’ёмаў дзяржзаказу, надзейнасць працы сушыльнага комплексу.
Асобна спікер і кіраўнік гаспадаркі спыніліся на кадравым пытанні. Галоўнае ў пік сезона — ці ўкамплектаваны штат і ці хапае працоўных рук, каб убраць хлеб без страт.
Дарэчы
З 20 да 24 ліпеня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў будуць працаваць у сваіх выбарчых акругах.
Паводле прэс-службы
Палаты прадстаўнікоў
Фота БелТА