Top.Mail.Ru

Каб выбары — як свята

У найважнейшай палітычнай кампаніі краіны, якой, безумоўна, з’яўляюцца выбары Прэзідэнта, ролю работы людзей непасрэдна на месцах цяжка пераацаніць. Менавіта ад іх — ад прадстаўнікоў мясцовай улады, ад членаў выбарчых камісій — залежыць, наколькі зручна і бяспечна будзе выбаршчыкам на кожным асобна ўзятым участку, ці ўдасца зрабіць так, каб выбары для людзей сталі святам — як гэта было заўсёды і як патрабуе кіраўнік дзяржавы. Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах, хто і з якім настроем працуе ў выбарчых камісіях. І нарэшце, чаму так важна прыйсці і прагаласаваць.


Безбар’ернае асяроддзе, неабходная дакументацыя, дадатковае падсвятленне

Пра гатоўнасць сталічных выбарчых участкаў расказаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Беларусі Міхаіл МІРОНЧЫК.

«У Каменнагорскай акрузе, дзе я з’яўляюся дэпутатам, большасць арганізацый — гэта ўстановы адукацыі, дзе размяшчаюцца выбарчыя ўчасткі, месцамі — не адзін, а нават у некаторых два, тры. Хачу сказаць, што памяшканні і склады выбарчых камісій цалкам падрыхтаваныя для работы. Кабіны для галасавання аформленыя ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства. Ёсць спецыяльная кабіна для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, у наяўнасці лупы, шрыфты Брайля, дадатковае падсвятленне — створаны ўсе ўмовы для галасавання выбаршчыкаў.

Акрамя таго, па словах дэпутата, аформленыя стэнды, дзе размешчана адпаведная інфармацыя, прадуманы шляхі руху для грамадзян — паказальнікі, безбар’ернае асяроддзе. І галоўнае, члены выбарчых камісій выразна прытрымліваюцца патрабаванняў выбарчага заканадаўства — не прымаюць ніякага ўдзелу ў агітацыйнай рабоце кандыдатаў!

Міхаіл Мірончык падкрэсліў, што ў кутках выбаршчыкаў размешчана інфармацыя пра кандыдатаў на роўных умовах, а таксама неабходная дакументацыя аб рабоце выбарчага ўчастка. «Мне прыемна за калег сістэмы адукацыі Фрунзенскага раёна горада Мінска — яны профі ў гэтай рабоце. Упэўнены, што яны адказна выканаюць ўскладзеную на іх функцыю».


Зручна, бяспечна, актыўна

У Гомельскім раёне з пачаткам датэрміновага галасавання на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь выбаршчыкаў прымае 48 участкаў для галасавання.

Выбарчыя ўчасткі ў раёне арганізаваны ў 45 будынках устаноў адукацыі, культуры, спорту, аховы здароўя і іншых. Усе яны забяспечаны сродкамі сувязі, абсталяваны сістэмамі відэаназірання і для зручнасці тых, хто галасуе, размешчаны на першых паверхах. 

У памяшканнях участкаў для галасавання аформлены куткі выбаршчыкаў, размешчаны плакаты з біяграфічнымі звесткамі кандыдатаў.

У перыяд падрыхтоўкі да электаральнай кампаніі супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі УУС Гомельскага аблвыканкама на тэрыторыі раёна праведзены абследаванні вулічна-дарожнай сеткі, прылеглых да выбарчых участкаў тэрыторый на прадмет бяспечнага руху. Праведзены маніторынг вулічнага асвятлення каля ўчасткаў для галасавання. На будынках, у якіх адкрыты выбарчыя ўчасткі, размешчаны плакаты аб электаральнай кампаніі, шыльды аб найменні ўчастка, звесткі аб яго межах.

З пачаткам датэрміновага галасавання на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь жыхароў Гомельскага раёна павіншавала старшыня Гомельскага раённага Савета дэпутатаў Вікторыя Ладуцька.

— Лічу, што кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь абавязаны ўдзельнічаць у галасаванні, паколькі ад яго рашэння залежыць дабрабыт нашай краіны.

У апошнія гады шмат зроблена для камфортнага пражывання насельніцтва, але трэба будзе зрабіць яшчэ больш. Сёння чалавек імкнецца жыць у нагу з часам. Таму неабходны правільны выбар. Ад гэтага залежыць, як будуць развівацца наш рэгіён, наша краіна і, вядома ж, наш любімы раён. Заклікаю ўсіх жыхароў быць сацыяльна актыўнымі, прыйсці на выбары і выканаць свой грамадзянскі абавязак, — адзначыла лідар дэпутацкага корпуса Гомельскага раёна.

Наталля КАПРЫЛЕНКА


Датэрміновае галасаванне — без перапынку на абед

У Гродзенскай вобласці звыш 9,5 тысячы чалавек упершыню возьмуць удзел у выбарах Прэзідэнта Беларусі

Аб гэтым расказаў старшыня Гродзенскай абласной выбарчай камісіі Уладзімір Хлябіч. Ён паведаміў, што Гродзенская вобласць да галасавання на выбарах Прэзідэнта гатова. Выбарчая кампанія выходзіць на фінішную прамую.

Старшыня абласной камісіі зазначыў, што на сёння праведзены трэнінгі з усімі без выключэння ўчастковымі камісіямі. Разыгрываліся рознага роду сітуацыі, якія маглі ўзнікнуць і калісьці адбываліся. Распрацаваны арганізацыя галасавання, расстаноўка сталоў, скрыняў для галасавання, іх колькасць. Ідзе падрыхтоўка памяшканняў для галасаванне ў асноўны дзень, у датэрміновае галасавання яны ўступілі ў стане гатоўнасці. На ўчасткі ў поўным аб’ёме паступілі бюлетэні для галасавання.

— Колькасць участкаў скарацілася, між тым у самім абласным цэнтры іх стала на шэсць больш з-за развіцця новых мікрараёнаў. Усяго ў вобласці амаль 590 участкаў, з іх 35 закрытых, якія функцыянуюць у медыцынскіх установах, аздараўленчых базах. Таксама ў Гродне па вуліцы Ажэшкі, 22, на ўчастку № 14 будуць галасаваць асобы, якія стаяць на консульскім уліку і пастаянна пражываюць за межамі Беларусі, — паведаміў Віктар Хлябіч.

Таксама ён звярнуў увагу на такую асаблівасць. Гродна — адзіны рэгіён, дзе ў адным памяшканні размешчана адразу шэсць участкаў. Між тым прадугледжаны ўсе магчымасці, каб раздзяліць патокі гараджан і кожны ведаў, куды яму ісці. Усім выбаршчыкам дастаўлены паведамленні аб месцы галасавання і тэрміне. Прадугледжаны сувеніры для тых, хто прыйдзе на ўчасткі ўпершыню. У Гродзенскай вобласці гэта 9,5 тысячы маладых людзей.

Працягнецца практыка работы ўчасткаў без перапынку падчас датэрміновага галасавання.

— У нас апрабавана практыка, калі на ўчастках для галасавання ўчастковая камісія працуе з 12 да 19 гадзін без перапынку. Гэта патрабаванне змененага Выбарчага кодэкса, што станоўча ўспрынята як выбаршчыкамі, так і самімі камісіямі. Гэта зручна, калі няма перапынку на ўчастках. Такі парадак захаваецца і цяпер, — расказаў старшыня камісіі.

Тыя асобы, якія не могуць прыйсці і прагаласаваць у гэты перыяд, могуць зрабіць заяўку ў пісьмовай альбо вуснай форме і праінфармаваць камісію. У такім выпадку будзе арганізавана галасаванне па іх месцазнаходжанні. Пры гэтым неабавязкова ўказваць прычыны, па якіх чалавек не можа прыйсці на ўчастак. Такая заяўка можа быць пададзена і ў дзень галасавання, але не пазней за 18 гадзін. Для жыхароў аддаленых вёсак будзе арганізаваны падвоз выбаршчыкаў да месцаў галасавання.

Улічваюцца і патрэбы асоб з абмежаванымі магчымасцямі. Напрыклад, для інвалідаў па зроку прадугледжаны спецыяльныя трафарэты. Будзе арганізавана дапамога валанцёрскіх атрадаў.


Прыклад грамадзянскай свядомасці

Ліноўскую выбарчую камісію складаюць аўтарытэтныя вяскоўцы

У Ліноўскім сельсавеце Пружанскага раёна створаны тры выбарчыя ўчасткі. Самы буйны — у аграгарадку Лінова, дзе пражываюць 1600 чалавек. Паводле інфармацыі старшыні Ліноўскага сельскага Савета Таццяны МАРДАНЬ, яшчэ ў сярэдзіне мінулага тыдня ўчасткі былі ў поўнай гатоўнасці да працэсу галасавання.

У гэтым змаглі ўпэўніцца дэпутат Палаты прадстаўнікоў нашага парламента Юрый НАРКЕВІЧ і старшыня Пружанскага райсавета Мікалай КУДРАВЕЦ, якія наведалі сельсавет. Дэпутаты правялі сустрэчу з працоўным калектывам ААТ «Ліноўскае», дзе абмеркавалі важнасць актыўнага ўдзелу грамадзян у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Парламентарый Юрый Наркевіч засяродзіў увагу на значнасці найважнейшай палітычнай падзеі, якая вызначае будучыню і кірунак развіцця любой суверэннай дзяржавы, а таксама заклікаў прыйсці на выбарчыя ўчасткі і выканаць свой грамадзянскі абавязак.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец у сваёй гутарцы з працаўнікамі сельгаспрадпрыемства ўпор зрабіў на дасягненні раёна ў кантэксце развіцця краіны за апошнія тры дзесяцігоддзі.

Госці наведалі Ліноўскі выбарчы ўчастак, які размяшчаецца ў Доме культуры, пагаварылі з членамі камісіі, убачылі празрыстыя скрыні для галасавання, падрыхтаваныя кабінкі для выбаршчыкаў, адзначылі наяўнасць інфармацыйных матэрыялаў.

Старшыня Ліноўскага сельскага Савета Таццяна Мардань расказала карэспандэнту газеты, што ў склад Ліноўскай выбарчай камісіі ўваходзяць вядомыя і аўтарытэтныя ў асяродку вяскоўцаў людзі. Некаторыя маюць вялікі вопыт работы на выбарчых участках. Адна жанчына, напрыклад, працуе ў камісіях на працягу апошніх 30 гадоў.

— Па вопыце апошніх электаральных кампаній магу сказаць, што нашы людзі традыцыйна праяўляюць актыўнасць, — гаворыць Таццяна Мікалаеўна. — Многія па розных прычынах ідуць, каб аддаць свой голас датэрмінова. Але ж асноўны дзень галасавання праходзіць у нас звычайна як свята. Мы загадзя рыхтуем канцэртную праграму, арганізоўваем работу буфета. Людзі, асабліва прадстаўнікі старэйшага пакалення, прыходзяць у гэты дзень на ўчасткі сем’ямі, прыводзяць унукаў, тым самым паказваюць прыклад грамадзянскай свядомасці. Выбаршчыкі не толькі выконваюць грамадзянскі абавязак, але сустракаюцца з аднавяскоўцамі, былымі калегамі, нешта набываюць у буфеце. 

У пералічаным праяўляецца савецкая традыцыя. А чаму б і не? Працэс галасавання можна арганізоўваць такім чынам, каб ён выклікаў пазітыўны настрой у людзей, — адзначыла старшыня сельскага Савета.

Фота з тэлеграм-канала Юрыя Наркевіча


Члены выбарчай камісіі —  людзі вопытныя

На Віцебшчыне сфарміраваны 672 участкі для галасавання, два з іх — № 39 і 40 — размясціліся ў сярэдняй школе № 12 горада Віцебска.

Старшыня ўчастковай выбарчай камісіі ўчастка для галасавання № 40 Алена Гірэева расказала аб выніках падрыхтоўкі: участак абследаваны органамі дзяржаўнага пажарнага нагляду, узяты пад кругласутачную ахову органамі міліцыі, абсталяваны кнопкамі трывожнай сігналізацыі. Маецца і ўся неабходная атрыбутыка: празрыстыя скрыні для галасавання, абсталяваныя кабінкі, на стэндзе прадстаўлена інфармацыя пра кандыдатаў у прэзідэнты. Падрыхтаваны скрыні для галасавання дома: на гэтым участку, як паказвае практыка папярэдніх электаральных кампаній, налічваецца каля 80 чалавек, да якіх звычайна выязджаюць члены выбарчай камісіі, бо гэтыя віцябчане па стане здароўя не могуць самі прыбыць на ўчастак.

Для слабавідушчых грамадзян прадугледжана лупа з падсветкай, у дапамогу невідушчым выбаршчыкам выраблены трафарэты для самастойнага галасавання. Прадугледжана дзяжурства валанцёраў, якія будуць дапамагаць людзям з абмежаванымі магчымасцямі і маладым мамам. Падрыхтавала камісія і падарункі для 15 грамадзян, якія прагаласуюць упершыню, — кнігі «Сімвалы суверэннай Беларусі». 

«Члены выбарчай камісіі прайшлі інструктаж, ведаюць, што рабіць і як дзейнічаць. Пераважная колькасць членаў камісіі — людзі з вопытам работы на выбарчай кампаніі 2024 года, таму ўсё павінна прайсці без нараканняў», — заключыла Алена Гірэева.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю