Думаю, ніхто не стане спрачацца, што развіццё навукі — стратэгічна важная для кожнай краіны рэч. Працягваем размову аб гэтым з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, членам Беларускага саюза журналістаў Гуменам ГАРБАННІДЖАДАМ.
Сесці ў цягнік, а не даганяць яго
— Вялікія адкрыцці, як правіла, здзяйсняюцца ў развітых краінах, якія, што лагічна, займаюць перадавое месца ў навуцы. Краіны, якія развіваюцца, і «трэці свет» як быццам пастаянна спрабуюць іх дагнаць. Чаму, на ваш погляд, так адбываецца?
— Навуку можна параўнаць з цягніком, які рухаецца з паскарэннем. Каб не адстаць ад яе развіцця, не трэба бегаць і спрабаваць нагнаць упушчанае. Для эфектыўнага развіцця трэба сесці ў гэты цягнік і рухацца ў адпаведнасці з сучаснай навукай. А яна, як вядома, каштуе дорага.
Важна таксама памятаць, што часам у навуцы прасочваецца палітычнае адценне. Напрыклад, першая ўдалая перасадка сэрца была зроблена 3 снежня 1967 года ў Паўднёвай Афрыцы, а датуецца гэта навуковае дасягненне 1968 годам, нібыта аперацыю ўпершыню правялі ў СССР. Сапраўдная, паўнавартасная, удалая перасадка сэрца, пасля якой чалавек пражыў пэўны адрэзак часу, была праведзена 12 сакавіка 1987 года. З гэтага можна зрабіць адпаведную выснову: некаторыя навуковыя дасягненні такімі на самай справе і не з’яўляюцца.

На перадзе планеты ўсёй?..
— На ваш погляд, ці абавязкова быць перадавіком ва ўсіх галінах навукі адначасова?
— Не. Хоць у часы СССР вялікія фізікі свету сцвярджалі, што ведаць гэту галіну прыродазнаўства можна толькі валодаючы рускай мовай, таму што навуковыя працы, якія апярэджвалі сусветную фізіку на дзесяць гадоў, былі выкладзены менавіта на ёй. З апярэджаннем мы рухаліся ў фізіцы, а ў медыцыне і фармакалогіі былі крыху далёкія ад сучаснага свету.
На сёння наша краіна — адзін з найлепшых вытворцаў прадуктаў харчавання, але мы не можам пахваліцца наяўнасцю калайдэра. І гэта правільны падыход — мы спецыялізуемся на тым, што ў нас добра атрымліваецца.
Ці патрэбны вопыт работы?
— Існуе меркаванне, што дасягненні ў навуцы не заўсёды звязаны з вопытам работы спецыяліста, які іх здзяйсняе. Вы пагодзіцеся з гэтым?
— Скажу шчыра, у сучасным свеце гэта вельмі вялікая праблема. Атрымліваецца, што малады спецыяліст, які добра вучыўся ва ўніверсітэце, у галаве якога дастаткова ведаў, мноства ідэй і распрацовак, без вопыту работы часам аказваецца нікому не патрэбны. Хоць ведаю, што вялікія карпарацыі, якія прыцягваюць маладых таленавітых спецыялістаў, вопыту асабліва не патрабуюць. Чалавек вучыцца ўсё жыццё.
Тым не менш звычайна выпускнікі знаходзяцца ў пошуку месца працы, дзе можна атрымаць той самы вопыт, які неабходны для многіх наймальнікаў. Але гэты вопыт хутчэй патрэбны троечнікам, а не выдатнікам. А яшчэ тым, хто вучыўся ў свой час па састарэлых канспектах. Маладыя людзі на першых працоўных месцах звяртаюцца да старэйшых калег, якія некалі таксама вучыліся ў майстроў сваёй справы. Аднак гэта школа ўжо магла састарэць, і тыя методыкі, якім навучаць моладзь, на практыцы будуць перашкаджаць з’яўленню новых ідэй. Як вынік — з’яўленне новых спецыялістаў увогуле не мадэрнізуе працу.
— А выкарыстанне сучаснага абсталявання заўсёды гарантуе выдатны вынік?
— Вядома, не. У адваротным выпадку краіны, якія развіваюцца, маглі б набыць такое абсталяванне і стаць развітымі. Да яго яшчэ патрэбны высакакласныя спецыялісты, якія ўмеюць ім карыстацца. У краінах, што развіваюцца, выкарыстоўваецца не больш за 20 % ад усёй магутнасці тэхнікі, усё астатняе — дэкор. І гэта яшчэ раз пацвярджае думку, што некаторыя атрыманыя ў дваццаць гадоў веды праз дзясяткі гадоў губляюць сваю актуальнасць. Трэба пастаянна імкнуцца быць «у тэме», вучыцца і асвойваць новае, каб не затрымацца ў мінулым.
Аднабокае развіццё
— У папярэднім інтэрв’ю мы абмяркоўвалі з вамі, што мозг працуе па прынцыпе энергазберажэння і схільны чапляцца да ярлыкоў. Ці магчыма гэты працэс прыпыніць?
— Зрабіць гэта вельмі цяжка, нават калі задацца мэтай. Юрый Гагарын у 1961 годзе стаў першым чалавекам, які здзейсніў палёт у космас. Гэта вельмі вялікае дасягненне. А тым часам у крамах выкарыстоўвалі драўляныя лічыльнікі. І нават калі з’явіліся калькулятары, людзі ўсё роўна давяралі і правяралі атрыманыя даныя пры дапамозе старых вылічальных прылад. Яны проста былі вельмі звыклымі, таму што такі ярлык ужо замацаваўся ў галаве. А вывучаць новае — заўсёды страшна і няпроста. Гэта яшчэ можна назваць аднабокім развіццём навукі.
Добра, калі краіна можа пахваліцца вялікай колькасцю школьнікаў або студэнтаў, якія заваявалі ўзнагароды на міжнародных конкурсах. Але найбольш важна паназіраць, як гэтыя людзі рэалізавалі свае таленты на радзіме праз 10–15 гадоў і дзе яны працуюць.
У наступнай публікацыі мы прадоўжым размову аб тым, чаму развіццё навукі павінна ісці паралельна з развіццём грамадства.
Яна ВАЛАСАЧ