Top.Mail.Ru

З удзелам Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай у Мінску прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы

Узнагароды будаўнікам і журналістам. 


У сталічнай канцэртнай зале «Верхні горад» адбылася цырымонія ўзнагароджання асоб, якія ўнеслі значны асабісты ўклад у будаўніцтва знакавых для горада Мінска аб’ектаў.

«На самай справе за гэтымі аб’ектамі — велізарная праца людзей, якія па сутнасці, як сказаў наш Прэзідэнт, здзейснілі подзвіг, — звяртаючыся да прысутных, адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі, упаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта па горадзе Мінску Наталля Качанава. Яна выказала падзяку кіраўніцтву горада за рэалізацыю маштабных праектаў, сярод якіх — перавядзенне Мінска на артэзіянскае водазабеспячэнне, адкрыццё новых станцый метро, будаўніцтва новага корпуса завода МАЗ.

Наша краіна славіцца сваімі працоўнымі традыцыямі, падкрэсліла спікер Савета Рэспублікі: «Мы разумеем, якая важная праца будаўнікоў. І наогул праца для любой краіны. А наша краіна слаўная сваімі працоўнымі традыцыямі. Мы адзначалі 1 Мая — дзень, калі ўшаноўваем працаўнікоў, гаворым пра карысць працы і неабходнасць працаваць для кожнага, каб ствараць даброты для сваёй краіны і народа. І сёння мы праводзім гэтае ўрачыстае ўшанаванне напярэдадні вялікага свята — 80-годдзя Перамогі. 

Наша краіна практычна была сцёртая з твару зямлі, знішчаліся гарады, разбураліся вёскі... Больш за 12,5 тысячы вёсак і населеных пунктаў было знішчана фашыстамі. Але наш народ выстаяў, адрадзіў краіну, адбудаваў гарады, заводы, прадпрыемствы. 

У беларускага народа сапраўды слаўныя працоўныя традыцыі, і я шчыра рада таму, што ў нас у горадзе Мінску жывуць людзі-працаўнікі — тыя, хто стварае даброты сваімі рукамі, сваім розумам».

Наталля Качанава падкрэсліла, што занясенне горада Мінска на Рэспубліканскую дошку Гонару яшчэ раз пацвярджае, што праца мінчан ацэнена на высокім узроўні: «Гэты ўказ падпісаў Прэзідэнт нашай краіны. І вы чулі, якія словы ён сказаў у адрас будаўнікоў, якія стварылі вельмі няпростыя аб’екты: перавялі ўвесь горад на падземнае водазабеспячэнне, і людзі атрымліваюць чыстую пітную ваду, пабудавалі новыя станцыі метро, і людзі больш камфортна могуць дабірацца ў любы пункт горада, пабудавалі новую вытворчасць па выпуску аўтобусаў — тэхнікі, якая сёння запатрабавана не толькі на ўнутраным рынку, але і далёка за межамі нашай краіны. Вядома, гэта вельмі важна».

Спікер канстатавала: нашай краінай можна ганарыцца па праве. «Аб горадзе Мінску далёка за межамі нашай краіны разносіцца слава як аб чыстым, добраўпарадкаваным, камфортным горадзе. І гэта ўсё вы, працаўнікі, якія, не шкадуючы сябе, робіце ўсё для таго, каб умацаваць эканоміку нашай краіны, стварыць камфорт і дабрабыт для нашых грамадзян», — падагульніла Наталля Качанава.

Наталля Качанава 2 мая таксама ўручыла ўзнагароды кiраўнiкам i супрацоўнiкам СМI. Мерапрыемства з нагоды Дня друку, Дня работнiкаў радыё, тэлебачання i сувязi адбылося ў Савеце Рэспублiкi. Спiкер павiншавала прадстаўнiкоў медыйнай супольнасцi з прафесiйнымi святамi, звярнуўшы ўвагу на тое, што яны адзначаюцца напярэдаднi найгалоўнейшага свята — Дня Перамогi, якое з’яўляецца фундаментам незалежнай Беларусi.

Старшыня Савета Рэспублiкi выказала падзяку за сумесную работу. «Вы даносiце праўду людзям аб тым, як мы жывём, якiя падзеi адбываюцца ў нашай краiне, аб тым, як мы жылi раней, — звяртаючыся да кiраўнiкоў i супрацоўнiкаў СМI, адзначыла Наталля Качанава. — I гэта вельмi важна, бо ў апошнiя гады мы бачым, якая iдзе iнфармацыйная вайна. Вам аб гэтым казаць няма неабходнасцi, бо вы на перадавой. I абсалютна правiльна Аляксандр Рыгоравiч называе вас салдатамi iнфармацыйнага фронту».

Спiкер канстатавала, што праз сродкi масавай iнфармацыi развязваюцца войны, на планеце з’яўляюцца новыя гарачыя кропкi, бо людзi не ведаюць праўды. Па яе словах, фальсiфiкацыi, хлусня запаланiлi iнфармацыйную прастору, i людзям цяжка зарыентавацца ў гэтай плынi iнфармацыi, якая льецца кожны дзень. «I дзякуючы супрацоўнiкам дзяржаўных медыя свет даведваецца ўсю праўду аб Беларусi», — канстатавала Старшыня Савета Рэспублiкi.

255407-18.jpg

Наталля Качанава нагадала пра подзвiг журналiстаў у гады Вялiкай Айчыннай вайны, якiя, фiксуючы факты, рабiлi ўсё для таго, каб захаваць гэту памяць, якую цяпер даносяць iх сучасныя калегi. «Сёння спрабуюць перапiсаць гiсторыю. Мы бачым, як гэта нахабна адбываецца, — падкрэслiла спiкер. — Узяць хаця б заяву Трампа, якi сказаў, што вайну выйгралi амерыканцы, таму 8 мая яны аб’явiлi Днём Перамогi».

Па словах Старшынi Савета Рэспублiкi, журналiсты дзяржаўных СМI годна працягваюць справу калег. «Тады, калi краiне было цяжка ў 2020 годзе, першымi, хто апынуўся пад ударам, былi вы, — нагадала яна. — I вы не завагалiся. Вы — тыя, хто стаў плячо ў плячо з нашым Прэзiдэнтам, — рабiлi ўсё для таго, каб вытрымаць. А чаму спрабавалi ў першую чаргу вас устаранiць? Бо разумелi, што праз вас пойдзе праўдзiвая iнфармацыя, вы будзеце рабiць усё для таго, каб народ усвядомiў: трэба захаваць сваю краiну, утрымаць яе».

Спiкер падкрэслiла, што сучасныя журналiсты не могуць здрадзiць пакаленню тых, хто адстаяў краiну ў гады Вялiкай Айчыннай вайны, аднаўляў яе ў пасляваенны час, на развале Савецкага Саюза разам з Прэзiдэнтам па крупiнках ствараў нашу краiну.

Наталля Качанава пажадала творчым калектывам, каб побач з iмi былi сапраўдныя байцы — салдаты iнфармацыйнага фронту. 

«Лягчэй не будзе, — заўважыла яна. — Але самае галоўнае, што ў вас ёсць стрыжань i вы ведаеце, што трэба рабiць. Пацвярджэнне таму — тое, што мы бачым на экранах, што вы даносiце да людзей са старонак газет i з радыёпрыёмнiкаў. Самае важнае, што вам давярае наш народ».

Данiiл ХМЯЛЬНIЦКI, Веранiка КАНЮТА

Фота: БелТА


Ад рэдакцыi. Вiншуем нашу калегу, рэдактара аддзела палiтыкi газеты «Звязда» Веранiку Канюту, якая ўзнагароджана Падзякай Старшынi Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь.

255407-15.jpg

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю