Падрабязнасці выязнога пашыранага пасяджэння Прэзідыума Савета Рэспублікі, якое прайшло ў Полацку.
Тэма выязнога пасяджэння — «Духоўна-асветніцкая спадчына Ефрасінні Полацкай як фундаментальная аснова захавання традыцыйных каштоўнасцяў беларускага народа». Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава падкрэсліла, што духоўнаму выхаванню падрастаючага пакалення ў нашай краіне ўдзяляецца вялікая ўвага. Яна заклікала ўдзельнікаў мерапрыемства да адкрытага і жывога дыялогу.
«Мы павінны зрабіць усё, каб у нашай краіне былі мір і згода»
«Калі мы страцім сувязь з мінулым, разбурым асновы, на якіх узводзіўся падмурак нашага грамадства, паспяховага беларускага дома, мы незваротна страцім сябе, сваю незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, усе тыя вялікія дасягненні, заваяваныя нашымі легендарнымі продкамі, — падкрэсліла спікер. — Год добраўпарадкавання, аб’яўлены ў Беларусі, — гэта не толькі пра грамадзянскія ініцыятывы, навядзенне парадку на зямлі, аднаўленне духоўных святынь і важных для ўсіх нас помнікаў гісторыі. Гэта яшчэ і глыбокае самаачышчэнне, усведамленне прызначэння і адказнасці за выбар, які ў свой час зрабіла вялікая асветніца Ефрасіння Полацкая, даўшы пачатак фарміраванню традыцый і каштоўнасцяў беларускага народа, яго самаідэнтыфікацыі».
Па словах Наталлі Качанавай, у параўнанні з сітуацыяй у заходніх краінах, дзе зневажаюцца традыцыйныя сямейныя і духоўныя каштоўнасці, у Беларусі беражліва захоўваюць запаветы вялікай святой: «Толькі абапіраючыся на нацыянальную духоўна-маральную, гісторыка-культурную спадчыну, мы можам захаваць суверэнітэт Беларусі, забяспечыць далейшае ўстойлівае развіццё і росквіт нашага народа. Беларусь сёння — цытадэль традыцыйнай культуры і маралі».
Старшыня Савета Рэспублікі нагадала, што з імем Прападобнай звязана адкрыццё першых адукацыйных устаноў, Спаса-Праабражэнскага храма, развіццё рамёстваў. «Амаль праз дзевяць стагоддзяў асоба Ефрасінні Полацкай застаецца маральным арыенцірам, які ўвабраў у сябе дабрадзейнасць, глыбокую любоў да Радзімы і міласэрнасць», — заўважыла яна.
Наталля Качанава канстатавала, што яшчэ на этапе станаўлення незалежнай Беларусі Прэзідэнт у ліку прыярытэтных кірункаў развіцця дзяржавы абазначыў адраджэнне гісторыка-культурнай спадчыны і нацыянальных святынь. Па ўсёй краіне сталі аднаўляцца, будавацца манастыры і храмы, рэстаўравацца гісторыка-культурныя каштоўнасці.
«Гэта работа сёння дае свае вынікі, — упэўнена спікер. — Любыя ініцыятывы і праекты па захаванні святых месцаў або выкладанні ў школах асноў духоўна-маральнага выхавання знаходзяць падтрымку ў дзяржавы і Беларускай праваслаўнай царквы».
Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што наша краіна з’яўляецца апорай талерантнасці і цярпімасці.
«Устойлівы міжканфесіянальны мір у Беларусі, адсутнасць рэлігійных канфліктаў, даступнасць храмаў, свабода веравызнання — у нас выбудавана такая канфігурацыя дзяржаўна-канфесіянальных адносін, якая пазбаўлена падстаў для канкурэнцыі, дыскрымінацыі або разладу, — падкрэсліла Наталля Качанава. — У суверэннай Беларусі пытанню падтрымання рэлігійнага і этнаканфесіянальнага дабрабыту заўсёды ўдзялялася самая сур’ёзная ўвага. Знаходзячыся на стыку дзвюх цывілізацый, Беларусь змагла пабудаваць міралюбівую, самастойную і незалежную дзяржаву для народа».
Не кожная краіна ў гэты неспакойны час можа разважаць пра мір і вечныя каштоўнасці. У Беларусі ж гэтаму пытанню надаецца вялікае значэнне. Наталля Качанава адзначыла, што ў Савета Рэспублікі склаліся моцныя сяброўскія адносіны з Беларускай праваслаўнай царквой. «Усё, што мы — і людзі, якія надзелены ўладай, і тыя, хто служыць у нашых храмах, — робім разам — гэта адна справа. Мы павінны зрабіць усё, каб у нашай краіне былі мір і згода».
Духоўны цэнтр для дзяцей
У Наваполацку плануюць адкрыць храм, дзе асноўнымі прыхаджанамі стануць дзеці. Мяркуецца, што храм стане цэнтрам духоўнага развіцця.
Як расказаў епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій, дзіцячы садок № 6 будзе пераабсталяваны ў духоўны цэнтр з храмам у гонар прападобнага Сергія Раданежскага — апекуна навучэнцаў. «Чым ён будзе адрознівацца ад іншых? У першую чаргу, тым, што асноўнымі прыхаджанамі ў ім стануць дзеці, — адзначыў кіраўнік Полацкай епархіі. — Дзіцячы хор з Наваполацка будзе выконваць богаслужэнні. Іканастас будзе зроблены так, каб праглядалася ўсё, што адбываецца ў алтары. Дзеці атрымаюць наглядны навучальны дапаможнік. Акрамя таго, у гэтым цэнтры духоўнага развіцця будуць класы для заняткаў музыкай, нядзельная школа для збору маладзёжных брацтваў, а таксама актавая зала з кіназалай».
Ён адзначыў, што многія дзеці ведаюць і глядзяць розныя фільмы, дзе ў лёгкай і даступнай форме расказваецца аб жыцці святароў, кінастужкі на духоўную тэматыку з глыбокім зместам. Іх якраз і будуць паказваць у кіназале дзіцячага храма.

Прадугледжана ў ім і трапезная. «Мы назвалі яе маладзёжным кафэ, — удакладніў святар. — У зале змогуць сядзець па шэсць-восем чалавек за столікам, каб сем’і прыходзілі, дзяцей аддавалі на заняткі ў нядзельнай школе, а самі бацькі маглі перакусіць і паразмаўляць».
Старшыня Савета Рэспублікі заўважыла, што гэта добрая ініцыятыва, якая дапаможа далучыць маладое пакаленне да традыцыйных праваслаўных каштоўнасцяў.
Паводле прэс-службы Савета Рэспублікі
Фота БелТА