Top.Mail.Ru

У Полацку на сямейным форуме гаварылі аб самых важных каштоўнасцях

Аснова моцнай дзяржавы



Форум «Размова аб важным: шчаслівая сям’я — моцная дзяржава», падчас якога абмеркавалі ролю сям’і ва ўмацаванні дзяржавы і ролю дзяржавы ў падтрымцы сям’і, у трэці раз сабраўся ў старажытным Полацку. Па пяць маладых і шматдзетных сем’яў з усіх абласцей і Мінска, парламентарыі, прадстаўнікі Беларускай праваслаўнай царквы, грамадскіх арганізацый, кіраўнікі органаў дзяржкіравання ўключыліся ў дыялог аб дасягненнях і вектарах работы ў адносінах сям’і, дзяцей, маці. 

Сучасныя рэаліі імкліва мяняюцца, і тое, што здавалася праблемай яшчэ ўчора, сёння больш не актуальна. Але час падкідвае новыя выклікі. Напрыклад, на форуме агучвалі прычыны такіх прыкрых з’яў, як ледзьве не татальнае брыдкаслоўе, булінг дзяцей, перавод рамантычных адносін паміж мужчынам і жанчынай у плоскасць пошуку выгод, нежаданне маладых сужэнцаў «абцяжарваць» сябе нараджэннем дзяцей. 

Аднак большасць устояў, традыцыйных для беларускага народа, застаюцца непарушнымі. Інстытуты дзяржавы прапануюць усё новыя спосабы ўдзелу сем’яў у грамадскім жыцці, выказвання грамадзянскай пазіцыі. Умацоўваецца сіла ўплыву царквы на фарміраванне духоўных і сямейных каштоўнасцей. Чырвонай ніццю праз выступленні ўсіх спікераў праходзіла думка аб тым, што зберагчы і матэрыяльную, і нематэрыяльную спадчыну нашых продкаў мы зможам толькі разам. У кожнай сям’і паасобку і ў той сям’і, якой мы лічым усю Беларусь з яе вёскамі і гарадамі, рэгіёнамі і сталіцай. 

Такі прынцып сфармуляваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка: «Мы "Сем „Я“ — шэсць абласцей і сталіца», нагадала ў сваім выступленні Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. «У здаровай сямейнай атмасферы выхоўваюцца дзеці, для якіх любоў і павага да бацькоў, вернасць Радзіме — непарушныя жыццёвыя арыенціры, — адзначыла спікер. — Сям’я — гэта першы і самы важны інстытут сацыялізацыі. Тут закладваюцца асновы маралі, фарміруецца гістарычная памяць, нацыянальная ідэнтычнасць». Наталля Качанава нагадала, што аспекты сямейнай палітыкі замацаваны ў законах, указах Прэзідэнта, дзяржаўных праграмах, прапісаны ў Канстытуцыі і Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. Пытанні шлюбу і сям’і, абароны мацярынства і дзяцінства застаюцца ў ліку прыярытэтных накірункаў законатворчай дзейнасці і парламентарыяў — членаў Савета Рэспублікі. 

Савет Рэспублікі з’яўляецца арганізатарам сямейнага форуму разам з Беларускай Праваслаўнай Царквой. Да вялікай размовы далучыўся Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, іншыя прадстаўнікі духавенства.

Цікавыя параўнанні зрабіў падчас свайго выступлення член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, генеральны дырэктар цэнтра культуры «Віцебск», бацька двух сыноў Глеб Лапіцкі. Як чалавек творчы ён правёў аналогію паміж сям’ёй і аркестрам. У вялікім музычным калектыве важны кожны інструмент. Паасобку яны не ўспрымаюцца, і толькі разам даюць паўнацэннае ўнікальнае гучанне. 

NPET1583_1.jpg


«У кожнай сям’і свая палітра каштоўнасцей, — падзяліўся назіраннямі Глеб Лапіцкі. — Нават стаўшы дарослым, чалавек карыстаецца той сістэмай каштоўнасцяў, якая закладзена ў ім у дзяцінстве. Дзіця нясе ў соцыум тое, што заклалі ў яго ў сям’і. Але нельга адмаўляць і ўплыў грамадства на сям’ю. Самы лепшы сродак выхавання — уласны прыклад. Паўтараючы за бацькамі, сваімі лідарамі, пэўныя дзеянні, дзеці вучацца разумець каштоўнасць іх працы, а таксама прыносіць карысць тым, хто побач. Так сямейны аркестр пачынае гучаць зладжанай сімфоніяй на ўсё асяроддзе. 

Вопытам сваёй сям’і падзяліўся намеснік начальніка аддзела ўпраўлення аховы Дзяржаўнай граніцы Мазырскага пагранатрада, падпалкоўнік, бацька траіх дзяцей Дзяніс Веракса. Ён узгадаў, як хлопчыкам пачуў ад свайго прадзеда, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, кавалера ордэнаў Славы III і ІІ ступеняў Якава Капоры словы, якія сталі жыццёвым дэвізам Вераксаў-малодшых: «Моцны той род, які сваіх продкаў памятае і беражэ, памятае гісторыю сваёй дзяржавы». Таму разам з жонкай Юліяй Дзяніс падштурхоўвае дзяцей быць дзейснымі захавальнікамі гісторыю сваёй сям’і. Па-першае, яны рэканструявалі пабудаваную прадзедам пасля вайны хату, пераехалі жыць у яе. Вёскі не баяцца, нездарма сталі пераможцамі рэспубліканскага праекта «Уладар сяла — 2022». 

Сям’ёю корпаліся ў архівах, шукалі дакументы і фотаздымкі — і аднавілі свой радавод. Старэйшыя хлопцы сталі аўтарамі кнігі «Мы з дынастыі ваенных. Наша будучая прафесія — Радзіму абараняць». Вераксы выступілі з ініцыятывай «Паклон табе, бацькоўскі край», яна рэалізавана, і цяпер на ўездзе ў навакольныя вёскі ўстаноўлены таблічкі з QR-кодамі, перайшоўшы па якіх, можна даведацца пра гісторыю і выбітных асоб гэтых населеных пунктаў. А яшчэ яны пераможцы конкурсу Саюзнай дзяржавы «Маладая сям’я — 2024», а Юлія летась стала фіналісткай конкурсу прыгажосці сярод шматдзетных маці «Краса Беларусі». 

— Дзяржава дае магчымасці сем’ям жыць цікава і насычана, рэалізоўвацца ў розных накірунках, — даводзіў Дзяніс Веракса. — Толькі не лянуйцеся, рухайцеся самі — гэта дасць падставы для гонару сабой, будзе што пакінуць пасля сябе.

Удзельнікі мерапрыемства апладысментамі падтрымалі прапанову Наталлі Качанавай правесці форум «Размова аб важным: шчаслівая сям’я — моцная дзяржава» на міжнародным узроўні. «Мы запросім нашых калег з іншых краін, якія падзяляюць з намі духоўна-маральныя і традыцыйныя каштоўнасці нашых сем’яў», — паабяцала Старшыня Савета Рэспублікі.

Святлана ЯКАЎЛЕВА

Полацк

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю