Top.Mail.Ru

Качанава: Канстытуцыя ўвасабляе ўсе гістарычныя этапы развіцця Беларусі

Падчас мерапрыемства «Асоба. Грамадства. Дзяржава» мінчане, якія прадэманстравалі актыўную пазіцыю падчас электаральнай кампаніі, зрабілі важкі ўнёсак у развіццё не толькі сталіцы, але і дзяржавы, былі ўзнагароджаны Падзячнымі лістамі Прэзідэнта, узнагародамі дзяржаўных органаў.


Віншуючы прысутных з Днём Канстытуцыі, Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава адзначыла, што Асноўны Закон увабраў у сябе ўсе славутыя этапы развіцця нашай краіны. «Гісторыю, духоўнасць, маральнасць, захаванне нашых традыцый, — канкрэтызавала спікер. — І сёння наша дзяржава прававая і жыве па законах нашай краіны. Прытрымліваючыся строгага выканання Асноўнага Закона нашай краіны, мы сёння жывём у суверэннай і незалежнай Беларусі — дзяржаве для народа. Гэта вялікае дасягненне нашай краіны».

Па словах Наталлі Качанавай, у гэтым складаным свеце, які вельмі хутка мяняецца, грамадзяне Беларусі павінны дакладна разумець, што ад кожнага з нас залежыць будучыня нашай краіны, нашага народа.

Спікер звярнула ўвагу на тое, што ў зале прысутнічаюць людзі, якія кожны дзень сваёй працай уносяць важкі ўклад ва ўмацаванне эканамічнай магутнасці сталіцы, у цэлым рэспублікі. Тыя, хто праяўляе грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да сваёй краіны і робіць усё для таго, каб у ёй панавалі мір і спакой.

«Па выніках 2024 года горад Мінск прызнаны найлепшым у выкананні прагнозна-эканамічных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, — адзначыла Наталля Качанава. — Рэалізаваны ў Год якасці вельмі знакавыя праекты, якія, несумненна, годна ацэнены жыхарамі сталіцы: на артэзіянскую ваду пераведзены ўсе раёны горада, уведзены новыя станцыі метрапалітэна, пабудаваны інтэрнат для нашых студэнтаў, уведзены карпусы бальніц і многія іншыя аб’екты. Усе тыя задачы, якія ставіць перад намі Прэзідэнт, выконваюцца з гонарам і годнасцю».

Спікер нагадала: сёлета адбылася найважнейшая палітычная падзея — выбары кіраўніка дзяржавы. «Народ праявіў адзінства ў падтрымцы той палітыкі, якая праводзіцца ў нашай краіне», — падкрэсліла яна.

Як звярнуў увагу намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў, беларусам ёсць чым ганарыцца. «Наша Канстытуцыя — адна з самых сучасных, пятая па ліку, пачынаючы з 1919 года, — канстатаваў ён. — Нядаўна ў яе былі ўключаны новыя артыкулы: напрыклад, 89-ы (аб Усебеларускім народным сходзе). Гэта азначае, што наша краіна жыве, заканадаўства мяняецца і адказвае тым пасылам, якія яму накіроўвае наша цывілізаванае грамадства, людзі, якія хочуць жыць у сваёй краіне і па сваіх законах».

Уладзімір Пярцоў выказаў удзячнасць прысутным за тое, што галоўны іспыт пяцігодкі — выбары Прэзідэнта — здадзены паспяхова. «З годным вынікам, спакойна, без хваляванняў і ўзрушэнняў, на злосць усім нашым ворагам, — канкрэтызаваў ён. — У гэтым вялізная, каласальная работа, якая была не толькі ў электаральны перыяд, але і на працягу ўсіх пяці папярэдніх гадоў».

Як акцэнтаваў увагу ў размове з журналістамі старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка, беларуская дзяржаўнасць прайшла дастаткова працяглы шлях у гістарычным развіцці. «І, вядома, сёння Канстытуцыя з’яўляецца магутным фундаментам, які забяспечвае суверэнітэт і незалежнасць нашай Рэспублікі Беларусь як дзяржавы, якая на працягу ўжо больш як 30 гадоў пасля прыняцця першай Канстытуцыі выбудавала сваю знешнюю, унутраную палітыку, атрымала прызнанне на міжнароднай арэне, праводзіць сацыяльна арыентаваную палітыку», — канстатаваў ён.

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю