Top.Mail.Ru

Часовая экспазіцыя «Адзінства народаў — залог Вялікай Перамогі» прадстаўлена ў холе Савета Рэспублікі

Адзін подзвіг на ўсіх


Выстаўка, падрыхтаваная супрацоўнікамі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, сведчыць аб інтэрнацыянальным подзвігу савецкага народа. Фотаздымкі, дакументы і экспанаты з музейнага фонду, якія знаёмяць з асабістымі гісторыямі ўдзельнікаў вайны, падзеямі на франтах, падполлі і ў партызанскай зоне, паказваюць адзінства народаў, дзе кожная нацыя ўнесла істотны ўнёсак у Вялікую Перамогу.

Напрыклад, Брэсцкую крэпасць абаранялі воіны 30 нацыянальнасцяў. А ў складзе 374 тысяч удзельнікаў партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі з ворагам змагаліся прадстаўнікі 70 нацыянальнасцяў. Разам з брацкімі народамі беларусы вызвалялі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і сваю зямлю.

«Мы павінны казаць аб тым подзвігу, які здзейсніў савецкі народ»

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА адзначыла, што кожны год Дзень Вялікай Перамогі ў нашай краіне адзначаецца з асаблівымі пачуццямі. «Беларусь першая прыняла ўдар на сябе, і, вядома, гэтыя трагічныя падзеі, якія адбываліся на нашай зямлі, у нашых сэрцах, — канстатавала спікер. — Мы бачым, што сёння адкрываюцца ўсё новыя і новыя факты генацыду беларускага народа. Мы павінны памятаць гісторыю і перадаваць яе з пакалення ў пакаленне. Гэта Перамога была інтэрнацыянальная. Людзі розных нацыянальнасцяў, плячо да пляча, змагаліся за сваю Айчыну. Мы не павінны гэта забываць».

На мінулым тыдні Наталля Качанава прымала ўдзел ва ўрачыстым пасяджэнні Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД, прысвечаным 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. «Усе спікеры, мае калегі з розных краін Садружнасці, казалі аб Вялікай Перамозе і тым укладзе, які кожны народ унёс у гэту Перамогу, — удакладніла Старшыня Савета Рэспублікі. — Хтосьці прымаў людзей у эвакуацыю, хтосьці для ўсёй краіны пастаўляў нафту (а гэта паліва для нашай ваеннай тэхнікі), многія ваявалі на палях бітваў — разам, усе. Таму сёння мы павінны шанаваць памяць усіх, хто прымаў удзел у вызваленні нашай роднай Беларусі».

Спікер падкрэсліла, што так заўсёды і было. Беларускія вуліцы носяць імёны герояў розных нацыянальнасцяў, прадстаўнікам іншых народаў, якія змагаліся за Беларусь, на тэрыторыі нашай краіны ўстаноўлены помнікі, ім прысвечаны мемарыяльныя дошкі.

Кажучы аб сімвалізме выстаўкі, Наталля Качанава звярнула ўвагу на тое, што ўдзельнікі Міжпарламенцкай Асамблеі краін СНД як ніхто іншы разумеюць, наколькі важнае адзінства ў адстойванні сваёй Айчыны. «Сёння мы ў розных краінах, але мы разам, — падкрэсліла спікер. — Мы гаворым аб гэтай Вялікай Перамозе, ганарымся сваімі продкамі, якія разам ваявалі, адстойвалі свабоду і незалежнасць нашага тады агульнага дома — Савецкага Саюза. І, вядома, мы будзем усё рабіць для таго, каб гістарычная праўда перадавалася з пакалення ў пакаленне».

Старшыня Савета Рэспублікі акцэнтавала ўвагу на тым, што ў Беларусі робіцца многае для таго, каб моладзь разумела і шанавала ўсё, што было зроблена старэйшымі пакаленнямі для жыцця ў нашай цудоўнай краіне. «Мы не проста захоўваем усё, што было раней зроблена (помнікі, мемарыяльныя знакі, мемарыяльныя дошкі, брацкія магілы, мемарыяльныя комплексы), мы адкрываем новыя факты і робім усё для таго, каб наша моладзь, людзі ўсяго свету ведалі аб тых зверствах, якія былі на нашай зямлі, — канкрэтызавала спікер. — Нізкі паклон Генеральнай пракуратуры, яе супрацоўнікам, якія па крупінках аднаўляюць праўду аб тых падзеях».

Па словах Наталлі Качанавай, сустрэчы з Маладзёжным саветам пры Нацыянальным сходзе, хлопцамі і дзяўчатамі з розных навучальных устаноў, школьнікамі паказваюць, што моладзь цудоўна гэта разумее. «Мы бачым, як яны адносяцца — дакладна гэтак жа трапятліва — да той Вялікай Перамогі і тых страшных падзей, якія былі на нашай зямлі, — удакладніла яна. — Магчыма, камусьці здаецца, што мы шмат кажам аб вайне. Калі мы забудзем, то гісторыя можа паўтарыцца. Каб не дапусціць гэтага, мы павінны пра гэта казаць. Мы павінны казаць аб тым подзвігу, які здзейсніў савецкі народ».

Спікер удакладніла, што варта казаць не толькі аб гераічных учынках тых, хто змагаўся з ворагам на фронце або ў падполлі, але і тых, хто жыў у акупацыі. «У Санкт-Пецярбургу мы ўскладалі кветкі на Піскароўскіх могілках, дзе пахаваны 500 тысяч мірных жыхароў, ваеннаслужачых — усе, хто апынуўся ў гэтым катле, — праінфармавала Старшыня Савета Рэспублікі. — У Беларусі таксама — людзі жылі ў акупацыі, іх знішчалі, здзекаваліся з іх, але яны рабілі ўсё для таго, каб змагацца з фашызмам: ішлі ў падпольныя арганізацыі, стваралі іх, ваявалі ў партызанскіх атрадах. Яны працавалі на нашу агульную Перамогу. Гэта немагчыма забыць. Гэта немагчыма не ацаніць. Таму нізкі паклон усім тым, хто перажыў тыя страшныя падзеі».

«Пакуль б’юцца нашы сэрцы — героі з намі»

Па словах дырэктара Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра ВАРАПАЕВА, выстаўка, якая паказвае інтэрнацыянальную барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі Беларусі, у рамках рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі «Марафон адзінства» пабывала ў розных рэгіёнах краіны. Дырэктар музея падкрэсліў, што ў нашай рэспубліцы заўсёды шануецца памяць прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў, якія абаранялі Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны. «Уся краіна робіць усё магчымае, каб памяць аб тых падзеях ніколі не згасла, заўсёды была разам з намі, — заўважыў ён. — Пакуль б’юцца нашы сэрцы — героі з намі».

Уладзімір Варапаеў праінфармаваў, што ў музеі вядзецца вялікая работа, накіраваная на азнаямленне наведвальнікаў з імёнамі пераможцаў, дакументамі тых людзей, якія не заўсёды экспануюцца. Асобным блокам прадстаўлены новыя факты, выяўленыя Генеральнай пракуратурай падчас расследавання аб генацыдзе беларускага народа. Па яго словах, добра зарэкамендавала сябе і практыка абмену выстаўкамі з музеямі краін Садружнасці.

Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю