У гэты чацвер Нацыянальная бібліятэка Беларусі ўрачыста сустракала гасцей — выпускнікоў Мінскага дзяржаўнага каледжа лічбавых тэхналогій з ліку асоб з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі. Уручыць доўгачаканыя дыпломы, заслужаныя ўзнагароды і павіншаваць маладых людзей з заканчэннем вучобы прыехалі Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін.
«Мы не проста ў вас верым — мы вас любім і ганарымся, — звяртаючыся да прысутных, адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. — Вы зрабілі ўсё для таго, каб сёння, прайшоўшы шлях навучання, атрымаць спецыяльнасць. І, вядома, вы павінны ведаць, што ў нашай краіне вы ўсе нашы дзеці. Мы разам — адзіная сям’я. Прэзідэнт Беларусі самую сур’ёзную ўвагу ўдзяляе моладзі, дзецям і заўсёды гаворыць аб тым, што ў нашай краіне кожны малады чалавек можа рэалізаваць свае магчымасці і патрэбы. І, вядома, вельмі важна, што ў Беларусі ёсць такія выдатныя ўстановы, дзе працуюць такія цудоўныя людзі, якія аддаюць сваё сэрца і душу гэтым дзецям».
Спікер Савета Рэспублікі падзякавала педагогам і кіраўніцтву каледжа, бацькам — тым, хто зрабіў усё, каб гэтыя дзеці змаглі атрымаць спецыяльнасць: «Мікраэлектроніка, на мой погляд, — гэта так няпроста, так складана... Але гэта будучыня не толькі нашай краіны. Зусім нядаўна кіраўнік дзяржавы наведваў „Інтэграл“ і гаварыў пра тое, наколькі сёння запатрабавана ў свеце мікраэлектроніка. У нашай краіне ёсць сур’ёзныя кампетэнцыі ў дадзеным кірунку. За гэтым — будучыня развіцця любой краіны».
У Беларусі робіцца ўсё для таго, каб кожны чалавек мог рэалізаваць свае магчымасці і патрэбы, сказала Наталля Качанава: «Прыняты законы, дзейнічае пастанова ўрада, усё неабходнае створана ў сістэмах аховы здароўя, адукацыі і сацыяльнай абароны. І мы разумеем, што нам трэба ісці яшчэ далей, каб гэтыя дзеці, атрымаўшы прафесію, пачалі паспяхова працаваць. Вельмі важна, каб у гэтым былі зацікаўлены нашы прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы. Таму я шчыра дзякую кіраўнікам прадпрыемстваў, якія падтрымліваюць гэтых дзяцей, не толькі прымаючы іх на работу, але і адсочваючы іх вучобу ў каледжы, дапамагаючы ім у гэтым».
У размове з журналістамі Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла: «Для нас няма чужых дзяцей. „Усе дзеці нашы“, — так кажа Прэзідэнт. І гэта асноўная задача нашай сацыяльнай палітыкі. Чалавек, які жыве ў нашай краіне, павінен рэалізаваць усе свае магчымасці. Зыходзячы з тых зваротаў, якія паступаюць да нас, мы таксама сталі адсочваць, як рэалізоўваюцца гэтыя магчымасці. У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам у кожнага чалавека ёсць права на падтрымку ў сістэме аховы здароўя, сацыяльнай абароны і, вядома, пры атрыманні адукацыі. І смела магу запэўніць, што ў нашай краіне робіцца ўсё для таго, каб маладыя людзі маглі атрымаць спецыяльнасць і ў далейшым працаваць».
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін адзначыў, што любая вучоба — гэта няпростая праца. «А спецыяльнасць „Мікраэлектроніка“ — гэта дадатковыя складанасці, няпросты працэс. Але вы пераадолелі яго дзякуючы таму, што ў гэтай агульнай справе былі аб’яднаны многія людзі, — сказаў ён выпускнікам. — Адчуваючы падтрымку іншага чалавека, абапіраючыся на яе, можна дасягнуць многага, і гэта мы бачым у маштабах працоўных калектываў, у навучальных аўдыторыях і ў маштабах усёй нашай краіны... Гэта новая радасць вашага жыцця — мець магчымасць дапамагаць іншым, адкрыць для сябе новы шлях і новыя гарызонты. У добры блаславёны шлях! Шлях, які прайшлі вы разам, шлях, які мае добры працяг, і няхай Гасподзь бласлаўляе вас на ўсё добрае і карыснае!».
Дырэктар Мінскага дзяржаўнага каледжа лічбавых тэхналогій Георгій Козел акцэнтаваў: «На апошнім пасяджэнні Усебеларускага народнага сходу Прэзідэнт нашай краіны акрэсліў адну са стратэгічных задач, якую трэба будзе нам вырашыць усім разам. У наступныя пяцігодкі мы павінны пабудаваць дзяржаву небывалага ўзроўню камфорту для яе жыхароў, і нам прыемна ўсведамляць, што наш калектыў, нашы навучэнцы бяруць самы актыўны ўдзел у рэалізацыі ўстаноўкі нашага нацыянальнага лідара. Нам прыемна, што тры гады запар уручэнне дыпломаў навучэнцам з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі адбываецца з удзелам Старшыні Савета Рэспублікі і ўладыкі Веніяміна ў самых прыгожых залах сталіцы. Гэта робіцца для таго, каб даць сігнал усяму беларускаму грамадству: не бывае чужых людзей і не бывае ў нашай дзяржаве чужых праблем».
Паводле яго слоў, у каледжы ўпершыню пачалі навучаць дзяцей з расстройствам аўтыстычнага спектра: «Мы адкрылі першы ў сістэме прафесійнай адукацыі краіны Цэнтр духоўна-маральнай інклюзіўнай культуры. На сёння там было праведзена 15 міжнародных канферэнцый, 12 міжнародных семінараў, больш за 20 рэспубліканскіх семінараў і нарад па тэме інклюзіўнай адукацыі. Гэты цэнтр мы стваралі не проста так. Мы дзелімся вопытам і разумеем, што не павінны спыняцца на дасягнутым. Сёлета будзем ажыццяўляць зусім незвычайны, новы для нас праект — фарміраваць набор татальна невідушчых дзяцей з расстройствам аўтыстычнага спектра, з парушэннем слыху, маўлення і парушэннямі апорна-рухальнага апарату. На жаль, нам няма дзе паглядзець падобны вопыт — і мы зноў будзем першапраходцамі ў гэтых пытаннях».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
У тэму
У жніўні 2024 года ў Мінскім дзяржаўным каледжы лічбавых тэхналогій адбылося пасяджэнне кансультатыўнага савета пры Савеце Рэспублікі па пытаннях сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. На ім удзельнікі пасяджэння на чале са Старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай разгледзелі пытанні прафесійнай падрыхтоўкі маладых людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і стварэння ўмоў для іх сацыялізацыі на прыкладзе работы горада Мінска. Дарэчы, адбылося ўжо пяць пасяджэнняў экспертна-кансультатыўнага савета пры Савеце Рэспублікі па дадзенай тэме.