Top.Mail.Ru

Качанава: Мы павінны паказаць гісторыю нашай дзяржавы, свае традыцыі

Першае пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па правядзенні мерапрыемства адбылося ў Савеце Рэспублікі. Пад эгідай Міжпарламенцкай Асамблеі краін СНД па ініцыятыве Кыргызстана форум праходзіць з 2013 года. У 2021 годзе форум «Дзеці Садружнасці» прымала Расія, а ў 2023 годзе — Узбекістан. Сёлета гэта адказная місія выпала Беларусі.


«Памяць — той фундамент, які дапамагае выхоўваць патрыётаў»

«Ужо стала добрай традыцыяй, калі, праводзячы пасяджэнне Міжпарламенцкай Асамблеі, падводзім вынікі гэтага мерапрыемства, — праінфармавала Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. — Па нашай ініцыятыве, па ўзгадненні з Прэзідэнтам нашай краіны, было прынята рашэнне, што ў 2025 годзе гэты форум прыме Беларусь».

Χ Міжнародны культурна-адукацыйны форум «Дзеці Садружнасці» пройдзе з 7 па 16 ліпеня ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня». У форуме возьмуць удзел хлопцы і дзяўчаты з 14 да 17 гадоў — па дзесяць чалавек з кожнай краіны. На бягучы момант запрашэнні паўдзельнічаць у мерапрыемстве накіраваны ў дзевяць краін.

Праграму знаходжання дзяцей на беларускай зямлі абмеркавалі падчас пасяджэння арганізацыйнага камітэта. «Мы павінны паказаць гісторыю нашай дзяржавы, свае традыцыі — усё, што сёння ёсць у Беларусі, — паставіла задачу Старшыня Савета Рэспублікі. — Праграму будзем фарміраваць так, каб хлопцам і дзяўчатам максімальна паказаць нашу Беларусь, тыя дасягненні, якія ёсць у нас». 

Тэматыка форуму — 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне: памяць і адзінства пакаленняў. Невыпадкова пастаўлена задача — пазнаёміць удзельнікаў форуму з трагічнымі старонкамі гісторыі беларускага народа. 

«Памяць — гэта святое, гэта той фундамент, які дапамагае нам выхоўваць патрыётаў сваёй краіны, — патлумачыла важнасць звароту да гэтай тэматыкі Наталля Качанава. — Гэта ініцыятыва была накіравана на тое, каб дзеці з розных рэспублік былога Савецкага Саюза маглі ведаць гісторыю сваёй краіны і не толькі». 

Спікер акцэнтавала ўвагу на тым, што форум добра сябе зарэкамендаваў. Дзеці з Беларусі кожны год прымалі ў ім удзел. «Таму мы павінны з вамі на самым высокім узроўні падрыхтаваць і правесці гэта мерапрыемства, — рэзюмавала даручэнні спікер. — Перш за ўсё трэба, каб была цікавая праграма. У яе павінна ўвайсці наведванне такіх знакавых месцаў, як Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, мемарыяльны комплекс „Хатынь“. Гэта важнае мерапрыемства мы павінны правесці вельмі годна».

«Важна захаваць узровень простых чалавечых зносін»

Намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Сяргей Хаменка расказаў пра гісторыю форуму і адзначыў, што яго мэтамі з’яўляюцца патрыятычнае, маральнае, духоўнае выхаванне і аб’яднанне народаў краін, умацаванне сувязяў народаў і культур, а таксама развіццё лепшых нацыянальных традыцый.

«Мерапрыемства павінна прайсці з улікам мэтавай устаноўкі кіраўніка нашай дзяржавы, выкладзенай у кастрычніку мінулага года на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД, — падкрэсліў ён і працытаваў Прэзідэнта Беларусі: — «Нашы дзеці павінны ведаць агульныя гістарычныя дасягненні: такія, як Вялікая Перамога, працоўны подзвіг пасляваеннага пакалення, першы палёт у космас і многія іншыя. У кожным поспеху — сумесны ўнёсак нашы народаў. Гэту гісторыю мы проста абавязаны перадаць з рук у рукі тым, хто прыйдзе пасля нас». Па словах кіраўніка дзяржавы, тут мала расказваць, пісаць кнігі, здымаць фільмы — важна захаваць узровень простых чалавечых зносін. Гэтай задачы і адпавядае правядзенне форуму «Дзеці Садружнасці». 

Як праінфармавала па выніках пасяджэння арганізацыйнага камітэта член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Марына Ільіна, у праграме форуму запланавана вялікая колькасць мерапрыемстваў з лідарамі меркаванняў. «Спадзяёмся, што хлопцы і дзяўчаты змогуць трапіць у будынак Савета Рэспублікі і сустрэцца з Наталляй Іванаўнай Качанавай, — дадала сенатар. — Запланавана знакавая сустрэча і з нашай беларускай касманаўткай. Магчымы сустрэчы з міністрамі. Праграма настолькі шырокая, што хлопцы і дзяўчаты змогуць пазнаёміцца як з нашай кранай, так і адно з адным. Прадугледжаны дні краін: дзеці змогуць расказаць аб сваіх нацыянальных каштоўнасцях, традыцыях». 

Па словах Марыны Ільіной, стаіць няпроста задача — адабраць дзесяць чалавек з краіны для ўдзелу ў форуме. «Мы разумеем, што гэта павінны быць актыўныя хлопцы і дзяўчаты, якія любяць краіну, ведаюць і шануюць нашу гісторыю, змогуць прыехаць у свае класы, школы, гарады і расказаць аб тым, што сяброўства можа тварыць цуды», — канкрэтызавала парламентарый і выказала ўпэўненасць, што сяброўства, якое завяжацца на тэрыторыі Беларусі, стане платформай сяброўства моладзі краін і ў далейшым. 

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю