Старшыня Савета Рэспублікі падрабязна азнаёмілася з работай прадпрыемства. Маршрут наведвання ўчасткаў быў пабудаваны ў адпаведнасці з працэсам вытворчасці. Дырэктар прадпрыемства Іван Цішчанка праінфармаваў спікера аб дзейнасці завода, а таксама яго рэканструкцыі, праектах, якія рэалізоўваюцца і будуць рэалізоўвацца. Наталля Качанава пагутарыла з працоўным калектывам. Падчас рабочай паездкі ў Наваполацк таксама адбылася сустрэча са старшынёй Фарынаўскага сельскага Савета дэпутатаў.
«Дзейнасць гэтага прадпрыемства я адсочвала на працягу многіх гадоў, яшчэ калі яны выкупілі тыя памяшканні, якія былі пустымі, — кажучы аб заводзе тэхналагічных металаканструкцый, праінфармавала Старшыня Савета Рэспублікі. — Я тады яшчэ працавала на полацкай зямлі, неаднаразова сустракалася з кіраўніцтвам прадпрыемства. Але тое, што я ўбачыла сёння, заслугоўвае самых добрых слоў. Перш за ўсё гэта тыя ўмовы, якія тут створаны. Гэта выпуск выдатнай канкурэнтаздольнай прадукцыі, якая пастаўляецца ў тым ліку практычна ва ўсе рэгіёны Расійскай Федэрацыі. Гэта перспектывы развіцця прадпрыемства, бо тут будуць рэалізаваны яшчэ два праекты, якія дазволяць выконваць ацынкавальныя работы, пашырыць магутнасці і асартымент прадукцыі».
Па словах спікера, на прадпрыемстве вельмі добры калектыў. «Яго колькасць прырастае, — адзначыла Наталля Качанава. — Тут добры канструктарскі аддзел. Гэта значыць, мазгавы цэнтр, які робіць усё для таго, каб прадукцыя, якая выпускаецца, была і канкурэнтаздольнай, і разам з тым сучаснай і запатрабаванай. Вельмі важна, што створаны добрыя ўмовы для людзей. Усё гэта рэалізацыя ў жыцці праекта, аб якім заўсёды кажа Прэзідэнт, — „Адзін раён — адзін праект“. Гэта дазваляе людзям тут працаваць і мець годны заробак. Гэта сучаснае прадпрыемства, якое працуе на перспектыву. Кіраўніцтва прадпрыемства клапоціцца аб людзях, і людзі гэта шануюць».
Наталля Качанава сустрэлася з калектывам прадпрыемства. Размова атрымалася насычанай. Старшыня Савета Рэспублікі расказала аб палітыцы, якая праводзіцца ў дзяржаве, расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, нязменнай пазіцыі кіраўніка дзяржавы ў пытанні захавання міру на беларускай зямлі, рабоце эканамічнага блока, а таксама павіншавала супрацоўнікаў з надыходзячым дзяржаўным святам — Днём Канстытуцыі.
«За мінулы год у Віцебскай вобласці выкананы ўсе прагнозныя паказчыкі сацыяльна эканамічнага развіцця, — праінфармавала спікер. — Вобласць — на другім месцы пасля Мінска. Гэта ўклад усіх, хто працуе ў Віцебскай вобласці».
Наталля Качанава адзначыла, што за 30 гадоў у нашай краіне аб’ём прамысловай вытворчасці павялічыўся ў чатыры разы, рэальныя грашовыя даходы насельніцтва — у дзесяць разоў, пенсіі — больш як у 14 разоў. Працягласць дарог з удасканаленым пакрыццём павялічылася ў два разы.
«З нашай краінай, самастойнай, суверэннай і незалежнай, сёння на міжнароднай арэне лічацца, нас паважаюць, — акцэнтавала ўвагу спікер. — Палітыка, якая праводзіцца ў нашай краіне, — гэта перш за ўсё людзі і іх дабрабыт. Знешняя палітыка — гэта толькі мір і згода».
Звяртаючыся да калектыву, Наталля Качанава заўважыла, што беларусы зрабілі абсалютна правільны выбар 26 студзеня 2025 года, калі прыйшлі на выбарчыя ўчасткі і выбралі лідара сваёй краіны. «Ад кіраўніцтва краіны залежыць вельмі шмат, — падкрэсліла яна. — Наш Прэзідэнт працуе ў імя народа і на карысць народа. Мы павінны рабіць усё, каб захаваць мір, стабільнасць і спакой. А для гэтага мы павінны быць адзіныя. Прэзідэнт даў мясцовым органам улады яшчэ больш паўнамоцтваў. Я лічу, што ад гэтых людзей залежыць практычна ўсё, бо сама была старшынёй Наваполацкага гарвыканкама, намеснікам старшыні Полацкага гарвыканкама. У пяцігодку якасці мы павінны зрабіць усё, каб наша прадукцыя і нашы тавары былі запатрабаваны».
У час рабочай паездкі Наталля Качанава таксама наведала Фарынаўскі сельсавет і азнаёмілася з яго дзейнасцю.
«Мы — орган тэрытарыяльнага прадстаўніцтва, каардынуем работу дэпутацкага корпуса ўсёй краіны, — нагадала Старшыня Савета Рэспублікі. — Таму асаблівую ўвагу ў сваёй рабоце ўдзяляем нашым калегам на месцах. Перш за ўсё, гэта сельскія Саветы. Вы ведаеце, якая ўвага аддаецца рэгіянальнаму развіццю нашай краіны, фарміраванню моцных рэгіёнаў. Ад работы сельскіх Саветаў залежыць вельмі многае, таму для нас вельмі важны гэты кірунак работы. Мы ўзялі сабе за правіла пры выездзе ў рэгіёны абавязкова наведваць сельскія Саветы, глядзець, як працуюць гандлёвыя аб’екты, установы аховы здароўя, установы культуры. Для нас важна, каб у кожным рэгіёне нашай краіны было выканана даручэнне Прэзідэнта: каб людзі адчувалі сябе камфортна і маглі мець усе магчымасці для самарэалізацыі».
Паводле БелТА і прэс-службы Савета Рэспублікі
Фота БелТА