Top.Mail.Ru

Падведзены вынікі адзінага дня прыёму грамадзян членамі Савета Рэспублікі ў Брэсцкай вобласці

Калі звароты фарміруюць парадак дня


Выязное пашыранае пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі адбылося ў Мікашэвічах. Сенатары разгледзелі пытанне «Аб выніках работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у Брэсцкай вобласці».

У пасяджэнні ўдзельнічалі старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр ПАРХОМЧЫК, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый ВАКУЛЬЧЫК, старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Ігар БРЫЛЕВІЧ, члены Савета Рэспублікі, старшыні райсаветаў і райвыканкамаў Брэстчыны.

Адкрываючы пасяджэнне Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА, нагадала, што выязныя прыёмы сенатараў у абласцях праводзяцца раз у квартал. «Пазаўчора мы праводзілі прыём, паступіла каля 100 зваротаў, — сказала Наталля Іванаўна. — У іх структуры асабліва нічога не змянілася. Варта сказаць, што цяпер на першы план выходзяць пытанні выкарыстання па мэтавым прызначэнні зямельных участкаў. Наколькі мы можам гэта вырашаць? Чаму ўзнікае пытанне менавіта ў Брэсцкай вобласці? Відаць, яшчэ і таму, што тут жывуць людзі-працаўнікі, яны шмат працуюць на зямлі. У нас таксама вялікая колькасць зваротаў па сямейных адносінах. Ёсць праблема па спагнанні аліментаў, асабліва калі бацькі з’язджаюць працаваць за мяжу. Трэба паглядзець, што ёсць у нашым заканадаўстве, як лепей прымяняць законы, што яшчэ можна зрабіць, дзе найбольш складаныя моманты, якія патрабуюць нашага ўмяшальніцтва».

У самым пачатку Наталля Качанава заклікала да адкрытай размовы:

«У нас краіна для народа. Тыя пытанні, з якімі звяртаюцца людзі, павінны быць урэгуляваны ў рамках закона. Калі ёсць праблема, яе нельга замоўчваць. Найперш яе трэба агучваць. І калі для вырашэння пытання трэба адкарэкціраваць закон, то яго трэба карэкціраваць. Няма нічога застылага, жыццё мяняецца».

Начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян сакратарыята Савета Рэспублікі Максім ШЭКО адзначыў павелічэнне колькасці зваротаў да сенатараў у цэлым па краіне. За год на 30 працэнтаў узрасла колькасць паўторных зваротаў. Не страчваюць актуальнасць праблемы ЖКГ і землекарыстання, на другім месцы — ахова здароўя, сацыяльныя пытанні.

Дакладчык прывёў прыклад: пад зваротам з Косава Івацэвіцкага раёна падпісалася 500 чалавек, ледзь не трэць насельніцтва маленькага горада. Жыхары ўказалі, што не першы раз звяртаюцца з ініцыятывамі па добраўпарадкаванні. Самі, як могуць, упрыгожваюць свой населены пункт, адкрылі нават рахунак у банку, а мясцовая ўлада не праяўляе актыўнасці. Пасля звароту ў Савет Рэспублікі была сфарміравана праграма комплекснага развіцця Косава на два гады.

Шматдзетная маці з Баранавіцкага раёна змагла ўзяць участак зямлі для развіцця асабістай падсобнай гаспадаркі толькі пасля звароту ў Савет Рэспублікі. Дарэчы, рашэнне было знойдзена тымі ж органамі ўлады, у якія яна раней не раз звярталася. «Тут ужо ў нас узнікае пытанне: чаму не дапрацоўваюць з грамадзянскімі ініцыятывамі, са зваротамі грамадзян мясцовыя органы ўлады?» — указаў Максім Шэко.

Старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Брылевіч прывёў шэраг прыкладаў таго, як праблематыка зваротаў служыць падставай для разгляду праблем на сесіях, прэзідыумах аблсавета. На выязных пасяджэннях брэсцкія дэпутаты разглядалі выкананне дзяржаўных сацыяльных стандартаў па рамонце вулічнай і дарожнай сеткі, гандлёвае абслугоўванне вяскоўцаў, будаўніцтва жылля ў сельскай мясцовасці. У ходзе форумаў былі сфармуляваны прапановы па многіх актуальных праблемах, напрыклад, па паляпшэнні работы з бадзяжнымі жывёламі, павышэнні прадукцыйнасці сельскагаспадарчай жывёлы ў прыватным сектары.

Некалькі канкрэтных прапаноў па паляпшэнні функцыянавання гарадской гаспадаркі і рацыянальнага выкарыстання зямлі ўнеслі старшыня Брэсцкага гарвыканкама Сяргей ЛАБАДЗІНСКІ і начальнік галоўнага ўпраўлення землеўпарадкавання аблвыканкама Віталь КАРМАНАЎ, кіраўнік спраў Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрый УЛАСІК.

Наталля Качанава падзякавала брэсцкім дакладчыкам за тое, што агучылі шмат розных прапаноў па ўдасканаленні заканадаўства, і запэўніла, што ўсе яны будуць уважліва разгледжаны: «Я заўсёды стаю на баку мясцовых органаў улады. Бо ніхто так глыбока не ведае пытанні, як людзі, якія працуюць на зямлі».

У размове з журналістамі Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла ўменне мясцовых органаў Брэстчыны прыцягваць насельніцтва да агульнай работы на карысць добраўпарадкавання і паляпшэння якасці жыцця. Паводле яе ацэнкі, вельмі важна, што людзі збіраюць грошы, акумулююць іх на спецыяльным рахунку, потым рэалізоўваюць праекты з падтрымкай дзяржавы. Яшчэ Наталля Качанава нагадала пра станоўчы вопыт першага рэгіёна па рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў.

Пасля заканчэння выязнога пасяджэння сенатары накіраваліся на РУВП «Граніт». Генеральны дырэктар сенатар Эдуард ГАЎРЫЛКОВІЧ расказаў аб гісторыі, напрацоўках і перспектывах прадпрыемства.

Затым дэлегацыя Савета Рэспублікі накіравалася да брацкай магілы воінаў і партызан, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць герояў і ахвяр вайны, усклалі кветкі да падножжа манумента.

г. Мікашэвічы

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю