Top.Mail.Ru

Качанава: Парадак на зямлі, чысціня ў гарадах і раёнах — гэта брэнд нашай краіны

Клопат аб краіне і яе добраўпарадкаванне — справа агульная. Таму і акрэсліваць планы, дзяліцца дасягненнямі і вырашаць праблемы варта разам. Галоўным пытаннем пашыранага пасяджэння Прэзідыума Савета Рэспублікі стала роля дэпутацкага корпуса ў рэалізацыі задач, пастаўленых кіраўніком дзяржавы па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні тэрыторый.


Старшыні мясцовых Саветаў дэпутатаў абласнога, Мінскага гарадскога і базавага тэрытарыяльных узроўняў, якія прынялі ўдзел у пасяджэнні, разам з членамі Савета Рэспублікі абмеркавалі, як зрабіць кожную асобную вобласць і ўсю краіну ў цэлым яшчэ больш акуратнай і камфортнай для людзей. 

Адкрываючы пасяджэнне, Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава заўважыла, што навядзенне парадку ва ўсіх сферах жыццядзейнасці і стварэнне камфортнага асяроддзя для жыцця грамадзян — адна з ключавых задач, якія стаяць перад краінай. «Гэта тэма, без перабольшання, тычыцца кожнага з нас, бо парадак і прыгажосць вакол — гэта не толькі залог шчаслівага жыцця, але і важны фактар фарміравання нашай нацыянальнай ідэнтычнасці, культуры і павагі да сваёй зямлі, — звярнула ўвагу спікер. — Гэта паказчык нашай адказнасці і любові да сваёй Радзімы. Як неаднаразова падкрэсліваў Прэзідэнт, на зямлі павінен быць ідэальны парадак. Чысціня, эстэтыка — гэта не проста наш брэнд, гэта стыль жыцця і ў рэшце рэшт гэта ж здароўе людзей. Менавіта таму кіраўнік дзяржавы ўдзяляе такую пільную ўвагу гэтай тэме, ставіць перад намі канкрэтныя задачы і патрабуе іх няўхільнага выканання». 

Наталля Качанава зрабіла акцэнт на тым, у вырашэнні гэтых задач ключавая роля адводзіцца дэпутацкаму корпусу. Па яе словах, менавіта народныя выбраннікі з’яўляюцца сувяззю дзяржаўнай палітыкі з рэальным жыццём на месцах. «Вы павінны забяспечваць эфектыўнае ўзаемадзеянне паміж уладай і грамадствам, ствараючы ўмовы для актыўнага ўдзелу грамадзян у развіцці і паляпшэнні тэрыторый. Бо вы лепш за іншых ведаеце, якія пытанні патрабуюць першачарговага рашэння ў вашых рэгіёнах», — звярнулася Старшыня Савета Рэспублікі да калег.

«Нам ёсць чым ганарыцца»

Спікер адзначыла, што палітыка, якая праводзіцца ў дзяржаве, накіравана на павышэнне дабрабыту і якасці жыцця нашых грамадзян. За апошнія гады нямала зроблена для стварэння камфортнага асяроддзя, якое садзейнічае развіццю вялікіх і малых населеных пунктаў, паляпшэнню інфраструктуры. «Нам ёсць чым ганарыцца! Сёння, сапраўды, парадак на зямлі, чысціня і парадак у нашых гарадах і ў нашых раёнах — гэта брэнд нашай краіны», — канстатавала Наталля Качанава. У прыклад яна прывяла рэальныя факты. За тры дзесяцігоддзі амаль у два разы павялічыўся кіламетраж дарог з цвёрдым пакрыццём, на сёння гэта — амаль 90 тысяч кіламетраў. Толькі з пачатку бягучай пяцігодкі аб’ёмы фінансавання рамонту і рэканструкцыі аўтамабільных дарог і маставых збудаванняў на іх павялічыліся больш як у два разы. У парадак прыводзяцца не толькі дарогі, але і тэрыторыі каля іх, устаноўлена калі дзвюх тысяч малых архітэктурных форм, высаджана больш за 200 тысяч дрэў. Старшыня Савета Рэспублікі звярнула ўвагу, што за гэты перыяд рэалізаваны маштабныя задачы па развіцці інфраструктуры населеных пунктаў. Адрамантавана больш за 20 тысяч квадратных метраў вулічна-дарожнай сеткі; абноўлена і рэканструявана звыш 5 тысяч прыдамавых тэрыторый, высаджана амаль 3 мільёны дрэў і кустоў; устаноўлена больш за 15 тысяч кантэйнерных пляцовак для збору адходаў; знесена больш за 17 тысяч пустых і трухлявых жылых дамоў. Працягваецца работа па падтрыманні ў належным стане месцаў пахавання, тэрыторый садаводчых таварыстваў, гаражных кааператываў, а таксама запаведнікаў і заказнікаў.

«Але нам трэба яшчэ шмат зрабіць, — акцэнтавала Наталля Качанава. — У гэтай працы важная роля кожнага — і органаў дзяржаўнай улады, і службаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, прадпрыемстваў усіх форм уласнасці і, вядома, грамадзян нашай краіны». Яна падкрэсліла, што для дасягнення пастаўленых задач мясцовыя Саветы дэпутатаў усіх узроўняў павінны актыўна ўдзельнічаць у распрацоўцы і рэалізацыі рэгіянальных праграм па комплекснаму развіццю тэрыторый, забяспечваць своечасовае і якаснае выкананне запланаваных мерапрыемстваў.

«Асаблівую ўвагу дэпутацкаму корпусу трэба ўдзяліць мясцовым ініцыятывам па добраўпарадкаванні. Уцягванне грамадзян у гэты працэс — адна з найважнейшых задач мясцовых Саветаў. Неабходна падтрымліваць і заахвочваць грамадзянскія ініцыятывы, ствараць умовы для актыўнага ўдзелу насельніцтва ў навядзенні парадку як на асобна ўзятых прыдамавых тэрыторыях, так і ў цэлым у сёлах, гарадах, раёнах», — адзначыла Наталля Качанава. Спікер падкрэсліла, што ў год святкавання 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне неабходна пільную ўвагу ўдзяліць уладкаванню мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр войн, месцаў масавага пахавання грамадзянскага насельніцтва. 

«Дзе парадак, там і лад»

Наталля Качанава адзначыла, што беларусы ганарацца сваёй краінай, таму ў Год добраўпарадкавання і пяцігодку якасці трэба зрабіць яе яшчэ больш цудоўнай. «Кожны павінен рабіць сваю справу адказна, разумеючы, што робіць гэта не толькі для сябе, але і на карысць сваёй краіны і будучых пакаленняў. Бо як кажуць у Беларусі — «Дзе парадак, там i лад», — падсумавала яна. 

Старшыня Савета Рэспублікі пацікавіліся не толькі дасягненнямі, але і праблемнымі пытаннямі, якія трэба вырашыць, каб работа па добраўпарадкаванні была яшчэ больш эфектыўнай. Удзельнікі пашыранага пасяджэння Прэзідыума Савета Рэспублікі шчыра і адкрыта абмеркавалі шырокі спектр пытанняў, звязаных з рэалізацыяй пастаўленых кіраўніком дзяржавы задач. Сярод іх арганізацыя работы садовых таварыстваў, меры, якія прымаюцца, каб даць новае жыццё закінутым дамам, добраўпарадкаванне могілак і памятных месцаў і шэраг іншых пытанняў, ад якіх залежыць парадак, а значыць, і лад на зямлі. 

Удзельнікі пасяджэння дзяліліся досведам сваіх раёнаў, якія могуць пераняць і іншыя. Напрыклад, старшыня Пухавіцкага раённага Савета дэпутатаў Марыя Клімовіч расказала, як жыхары раёна разам займаюцца азеляненнем тэрыторый. А старшыня Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў Ірына Краўчук расказала пра дапамогу сельскіх стараст у добраўпарадкаванні сельскіх тэрыторый. 

«Да гэтай работы павінны падключыцца ўсе»

Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў у размове з журналістамі звярнуў увагу, што якасць жыцця, Год добраўпарадкавання азначаюць больш, чым толькі чысціню вуліц ці дагледжанасць паркаў. «Гэта наша стаўленне да сваёй роднай зямлі, да сваёй Айчыны. Таму, вядома, у гэтую работу павінны ўключыцца ўсё. А дэпутацкі корпус пры гэтым павінен узяць на сябе кансалідуючую ролю, таму што немагчыма займацца добраўпарадкаваннем, аддаўшы гэтую работу на водкуп жыллёва-камунальнай гаспадарцы або іншым спецыялізаваным арганізацыям. Павінны далучыцца абсалютна ўсе: установы, арганізацыі, ініцыятыўныя грамадзяне. Толькі тады мы зможам зрабіць нашу краіну яшчэ больш прыгожай і дагледжанай. Прычым і ў глабальным маштабе, і ў кожным канкрэтным населеным пункце», — падкрэсліў ён. 

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Наталля Марковіч адказвае за Ушацкі раён, у якім узначальвае раённы Савет дэпутатаў. Яна расказала, што жыхары раёна з вялікім пазітывам адгукаюцца на ініцыятывы, звязаныя з добраўпарадкаваннем, самі выступаюць з адпаведнымі прапановамі. Зразумела, не застаюцца ў баку дэпутацкі корпус, актыў раёна, старшыні сельсавета і грамадскія аб’яднанні. Па словах Наталлі Марковіч, людзі выдатна разумеюць, што толькі самі могуць зрабіць свой раён, вобласць, краіну лепшымі. «Літаральна два дні таму адбылося чарговае пасяджэнне абласнога штаба па добраўпарадкаванні, дзе былі пастаўлены вельмі сур’ёзныя задачы. Мы актыўна рыхтуемся да гэтай вялікай працы. Зараз распрацоўваецца план мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні ў раёне, да 1 сакавіка ён будзе падпісаны раённым выканаўчым камітэтам, зацверджаны і прыняты да выканання. Акрамя таго, будзе распрацаваны і зацверджаны дадатковы комплекс мерапрыемстваў па Году добраўпарадкавання», — расказала Наталля Марковіч. Яна заўважыла, што ва Ушацкім раёне пераважае сельскае насельніцтва, таму акцэнт — на паляпшэнне якасці жыцця людзей на вёсцы. «Асаблівую ўвагу нададзім дарогам, азеляненню нашага гарадскога пасёлка Ушачы. Традыцыйна ў поле зроку — помнікі, воінскія пахаванні. Гэта значыць работа, якая ўжо праводзілася, будзе прадоўжана», — адзначыла сенатар. 

«Зробленае сумесна, сваімі рукамі дарагога варта»

Старшыня Хадасоўскага сельскага Савета дэпутатаў Мсціслаўскага раёна Анатоль Пруднікаў заўважыў, што работа па добраўпарадкаванні праводзіцца пастаянна, але ў Год добраўпарадкавання ёй будзе надавацца яшчэ больш увагі. Безумоўна, максімальна ў яе будуць уцягнуты і мясцовыя жыхары. «Будзем рэалізоўваць задуманыя ідэі і ініцыятывы, якія мы намецілі на год. Планы ў нас амбіцыйныя: стварэнне некалькіх архітэктурных форм, стварэнне памятнага знака да стагоддзя ўтварэння нашага сельскага савета. Вопыт у нас ёсць, нядаўна стварылі Алею герояў у аграгарадку Хадасы, на якой размясціліся тры памятныя знакі нашым заслужаным землякам. Усё гэта робіцца сумесна з нашымі грамадзянамі», — расказаў Анатоль Пруднікаў. Па яго словах, сумесная праца фарміруе культуру паводзін грамадзян. «Зробленае сумесна, сваімі рукамі дарагога варта. І людзі больш адказна ставяцца да гэтага. Прычым, калі мы толькі пачыналі, пераважалі ў асноўным людзі сталыя. Але з часам, бачачы зробленае, у тым ліку для моладзі, сталі ўсё больш уключацца ў агульную работу і маладыя людзі. Яны ўжо самі прыходзяць да нас з ініцыятывамі. Так, у 2023-2024 гадах у нас быў створаны цэлы спартыўны гарадок. І гэта вельмі прыемна, што моладзь не застаецца ўбаку, прыходзіць цэлымі сем’ямі», — адзначыў ён.

Анатоль Пруднікаў звярнуў увагу, што сумесная работа аб’ядноўвае не толькі жыхароў аднаго населенага пункта, але і кансалідуе ўсю нацыю. Ён успомніў і гістарычны досвед беларускага народа: «Калі казаць па-простаму, гэта тая самая талака, якая раней была і гуртавала людзей. І мы не павінны саромецца гэтага слова. І такой вось талакой рухаць нашу моладзь і наш народ наперад, каб разам рабіць вялікія справы». 

Фота: БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю