Вось ужо 17-ы год запар у нашай краіне з размахам праходзіць светлая акцыя «Белая Русь — з любоўю да дзяцей!». У яе рамках члены рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» віншуюць наваспечаных мам, чые дзеці нарадзіліся ў знакавы дзень — 3 ліпеня.
Віншуюць шчаслівых жанчын, якія сталі мамамі ў Дзень Незалежнасці, ва ўсіх кутках нашай краіны. Асаблівая атмасфера панавала і ў сталічным гарадскім клінічным радзільным доме № 2.
«У нашай суверэннай, незалежнай Беларусі за 30 гадоў ужо склалася шмат традыцый. Адна з іх — у Дзень Незалежнасці, калі адзначаем галоўнае свята нашай краіны, мы сочым за тым, колькі дзетак нарадзілася ў гэты дзень. І сёлета — 173 дзіцяці па ўсёй Беларусі, з іх большасць — хлопчыкі, 99 чалавек. У гэтым радзільным доме 21 жанчына стала матуляй. Хтосьці першы раз, хтосьці ўжо не першы. Вядома, мы шчыра рады таму, што ў нашай краіне нараджаюцца новыя грамадзяне. І асабліва сімвалічна, калі гэта адбываецца ў такое светлае свята, калі мы ўсёй краінай адчуваем яднанне нашых душ, адзначаем свята незалежнасці нашай краіны. А сёлета яно асаблівае, таму што напярэдадні мы адзначалі 80-годдзе Вялікай Перамогі», — звяртаючыся да прысутных, адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава
Спікер заўважыла: «Выхоўваць дзяцей — самая цяжкая праца. Яна вельмі цяжкая, адказная, але самая шчаслівая. Вы ведаеце, якая ўвага ўдзяляецца ў нас сацыяльнай палітыцы. Беларусь — сацыяльна арыентаваная дзяржава, і для нас самае галоўнае — людзі. Аб гэтым заўсёды гаворыць Прэзідэнт нашай краіны. І, што немалаважна, асаблівая ўвага ў нашай краіне — сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей. Дзяржава робіць усё для таго, каб аказваць усялякую падтрымку нашым сем’ям, таму што на гэтым этапе важна падтрымаць нашу моладзь, каб маладыя людзі прымалі гэтыя важныя для сябе рашэнні».
Віншуючы мам, Наталля Качанава заўважыла: цяпер яны будуць адначасова адзначаць дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Дзень Незалежнасці і дзень нараджэння сваіх дзяцей: «Я ўпэўнена, што гэты дзень назаўжды застанецца ў памяці як самы галоўны ў вашым жыцці». Яна таксама падзякавала медыцынскаму персаналу за складаную працу: «Яна настолькі цяжкая! Мне здаецца, што цяжэйшай няма, калі ты адказваеш за жыццё жанчыны, за жыццё дзіцяці... Вам даручана такая адказнасць, і вы несяце яе з гонарам! Нізкі паклон і словы ўдзячнасці вам за вашу працу».
Сваё першае дзіця ў Дзень Незалежнасці нарадзіла мінчанка Ульяна. Нованароджаную дзяўчынку маладыя бацькі назвалі Евай.
«Гэтае дзіця сапраўды доўгачаканае. Мы з мужам вельмі даўно планавалі — і вось наша мара спраўдзілася. І асабліва прыемна, што дачушка з’явілася на свет у Дзень Незалежнасці. Для нас, для нашай сям’і гэта насамрэч вельмі адказны дзень. А цяпер мы будзем адзначаць двайное свята. Асабліва хочацца падкрэсліць той клопат і падтрымку, якія аказваюцца маладым мамам з боку нашай дзяржавы. Для нас гэта вельмі важна»
Сярод шчаслівых мам, якія нарадзілі сваіх дзяцей у Дзень Незалежнасці, — шматдзетная мінчанка Аксана: 3 ліпеня яна нарадзіла чацвёртае дзіця.
«У гэтае цудоўнае свята ў мяне нарадзіўся хлопчык. Таксама выхоўваю старэйшую дачку і яшчэ двух сыноў. Паколькі гэта ўжо не першае маё дзіця, я практычна ні пра што не перажываю. Ды і дзяржаўная падтрымка, асабліва для шматдзетных сем’яў, даволі вялікая. Мы вельмі ўдзячныя дзяржаве за ўсё, што робіцца для такіх сем’яў», — паведаміла шчаслівая мама. Дарэчы, імя сыну бацькі пакуль яшчэ не прыдумалі. «У нас ёсць такая традыцыя — імя дзіцяці мы даём толькі пасля таго, калі тата ўпершыню возьме яго на рукі. Таму крыху пазней вырашым разам, як назваць сына»
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ,
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА.