Top.Mail.Ru

Качанава: Рэгіянальнае супрацоўніцтва — адзін з асноўных напрамкаў у Саюзнай дзяржаве

Беларускі бок рыхтуецца да правядзення ΧII Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі. Традыцыйнае мерапрыемства, якое штогод праводзіцца пад эгідай Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу і Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу, сёлета пройдзе 25 — 27 чэрвеня ў Ніжнім Ноўгарадзе. Яго тэма — «Моладзь Беларусі і Расіі — нашчадкі Вялікай Перамогі і будучыня Саюзнай дзяржавы».


Адкрываючы пасяджэнне беларускай часткі арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні ΧII Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі, Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава выказала ўдзячнасць за добрую падрыхтоўку і высокі арганізацыйны ўзровень папярэдняга форуму, які ўпершыню праходзіў адразу ў трох гарадах (Віцебску, Полацку і Наваполацку). Асобныя словы падзякі прагучалі за рэальныя вынікі праведзенай работы .

«Рэгіянальнае супрацоўніцтва — адзін з асноўных кірункаў узаемадзеяння» 

«Калісьці прынятае абсалютнае правільнае мудрае рашэнне сёння дае такія цудоўныя вынікі, — акцэнтавала ўвагу спікер, кажучы аб значнасці гэтага мерапрыемства. — Па прыкладзе работы Форуму Расіі і Беларусі мы ўжо працуем з Узбекістанам і з іншымі краінамі. Мне бачыцца, што рэгіянальнае супрацоўніцтва — гэта адзін з асноўных кірункаў у нашым узаемадзеянні паміж рознымі краінамі».

Аб эфектыўнасці рэгіянальнага супрацоўніцтва, па словах спікера, ішла размова і ў ходзе леташніх візітаў парламентарыяў у Кітай і Азербайджан. «Гэта вельмі важна, калі ўзаемадзейнічаюць гарады, раёны, адміністрацыі, — канкрэтызавала Наталля Качанава. — Аб гэтым казаў Прэзідэнт нашай краіны, калі адзначаў ролю рэгіянальнага супрацоўніцтва: гэта можа быць хутчэй і больш якасна, чым вырашэнне нейкіх іншых пытанняў, якія часам зацягваюцца». 

Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што за сваю гісторыю Форум рэгіёнаў стаў узорам канструктыўнай дыялогавай пляцоўкі для вырашэння і абмеркавання найшырэйшага кола перспектыўных кірункаў беларуска-расійскага супрацоўніцтва, новых ідэй і ініцыятыў. 

«За 11 гадоў яго правядзення разгледжаны актуальныя аспекты развіцця ўзаемадзеяння ў галіне аграрнай, прамысловай палітыкі, сацыяльнай, інавацыйнай і культурнай сферах, прадметна абмяркоўваліся пытанні захавання нашай агульнай гістарычнай памяці, патрыятычнага выхавання, пабудовы інавацыйнай эканомікі Саюзнай дзяржавы, — канкрэтызавала спікер. — Усяго на форумах рэгіёнаў падпісана 588 пагадненняў шматлікага ўзроўню, заключана камерцыйных кантрактаў на суму больш як 20,5 мільярда беларускіх рублёў».

«Мы ганарымся сваёй краінай, сваім народам»

Наталля Качанава нагадала, што сёлета мы будзем адзначаць 80-годдзе Вялікай Перамогі, а таму тэматыка форуму, які пройдзе ў Ніжнім Ноўгарадзе, вельмі сугучная знакавай даце. «Мы ведаем, які для нас важны палітычны год 2025-ты: мы правялі выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, — дадала яна. — Мы ў чарговы раз ганарымся сваёй краінай, сваім народам, бо выбраны курс нашым Прэзідэнтам на развіццё нашай краіны, на падтрымку нашага народа. І дзяржава для народа — гэта абсалютна правільная палітыка, дакладна вывераная».

Кажучы аб сустрэчы з губернатарам Ніжагародскай вобласці, якую спікер правяла ў снежні, гэты рэгіён вельмі сур’езна рыхтуецца да мерапрыемства. «Мы са свайго боку павінны падрыхтаваць усе неабходныя дакументы, — паставіла задачу спікер. — Мы ж працуем з вамі на працягу года: працуем над заключэннем кантрактаў і пагадненняў, рэалізацыяй тых пытанняў і задач, якія былі вызначаны на папярэднім форуме. У нас працуе Міжпарламенцкая камісія Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі, якая падводзіць вынікі таго, што зроблена за перыяд падпісання пагадненняў на форуме, як рэалізоўваюцца гэтыя ўсе дамоўленасці. Гэта эфектыўная пляцоўка, калі мы падводзім такія вынікі».

Пры гэтым спікер акцэнтавала ўвагу на тым, што ўжо варта ажыццяўляць падрыхтоўку да ΧIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які ў 2026 годзе пройдзе на беларускай тэрыторыі. «Нам трэба ўжо сёння вызначыць месца правядзення, вобласць правядзення, — канкрэтызавала даручэнне Наталля Качанава. — Мы прынялі рашэнне, што будзем наведваць розныя рэгіёны нашай краіны». 

Пасля заслухоўвання даклада кіраўніка арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні ΧII Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі з беларускага боку, намесніка Старшыні Савета Рэспублікі Сяргея Хаменкі, які агучыў тэматыку секцыйных пасяджэнняў, Наталля Качанава адзначыла, што праз прызму маладзёжнай палітыкі работа секцый будзе весціся па ўсіх кірунках. «Гэта і прамысловасць, і сельская гаспадарка, і гуманітарная сфера», — удакладніла яна.

Спікер прапанавала ўважліва перагледзець тэматыку секцый і заклікала членаў аргкамітэта актыўна ўключыцца ў работу. «Гэта не прахадное мерапрыемства, — падкрэсліла яна. — Мы павінны ў рабоце нашых секцый разглядаць найбольш актуальныя сёння пытанні. Перш за ўсё праблемныя, каб прымаць рашэнні, якія для нас вельмі важныя». 

Акрамя таго, Старшыня Савета Рэспублікі паставіла задачу максімальна прадставіць айчынныя прадпрыемствы на выставачных пляцоўках форуму, годна паказаць краіну ў мерапрыемствах культурнага характару.

Фота БелТА

Як адзначыў у размове з журналістамі кіраўнік арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні ΧII Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі з беларускага боку, намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Сяргей Хаменка, асноўнай мэту форуму з’яўляецца далейшае развіццё ўзаемадзеяння па самых шматлікіх кірунках сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў дзвюх саюзных дзяржаў. "«Мерапрыемства вельмі сур’ёзнае: па выніках ΧI Форуму Расіі і Беларусі было падпісана звыш ста кантрактаў на суму больш 1 мільярда 300 мільёнаў рублёў, — канкрэтызаваў ён. — У форуме ўдзельнічала больш як 300 суб’ектаў гаспадарання. Мы ставім цяпер рэальныя мэты па развіцці ўзаемадзеяння паміж рэгіёнамі дзвюх братэрскіх дзяржаў і, вядома, па развіцці ўзаемадзеяння паміж маладзёжнымі арганізацыямі і аб’яднаннямі. Кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, рэгіёнаў заўсёды вельмі актыўна ўдзельнічаюць у гэтым мерапрыемстве: яны ведаюць, што на падобных форумах набываюцца новыя партнёры, развіваюцца старыя сувязі і, вядома, пераймаецца той вопыт, які назапашаны ў дзвюх дзяржавах».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю