Top.Mail.Ru

У абедзвюх палатах парламента адбыліся сустрэчы з моладдзю ў рамках серыі «Размова на роўных»

Слухаць і чуць маладых


Маладыя людзі з усіх куткоў нашай краіны 26 і 27 сакавіка прыехалі ў Мінск — горад, які сёлета носіць ганаровае званне «Маладзёжнай сталіцы». У другі дзень унікальнага рэспубліканскага праекта, адразу пасля народнай зарадкі на Нацыянальным алімпійскім стадыёне «Дынама» і працоўнай акцыі каля парку Народнага адзінства і Нацыянальнага гістарычнага музея ў рамках серыі сустрэч «Размова на роўных» маладыя людзі мелі магчымасць пабываць у Савеце Рэспублікі і ў Палаце прадстаўнікоў, шчыра пагутарыць з кіраўнікамі абедзвюх палат парламента. 

«Цаніць тое, што мы сёння маем» 

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава падчас размовы з моладдзю падрабязна расказала аб ключавых аспектах дзейнасці заканадаўчага органа. Асобна спікер спынілася на рабоце сенатараў у плане рэалізацыі маладзёжнай палітыкі. «Работа з моладдзю для мяне — гэта заўсёды аддушына. Сустракацца з вамі для мяне шчасце, таму што я бачу агонь у вашых вачах», — адзначыла Наталля Качанава, падкрэсліўшы, што падобныя сустрэчы ўсяляюць упэўненасць у бяспечнай будучыні, калі на месца старэйшага пакалення прыйдзе моладзь.


Наталля Качанава падрабязна адказала на ўсе пытанні, якія цікавілі прадстаўнікоў моладзі. Адзін з удзельнікаў, напрыклад, закрануў пытанне размеркавання і замацавання маладых спецыялістаў на месцах, асабліва ў рэгіёнах. У сувязі з гэтым Наталля Качанава падкрэсліла, што ў нашай краіне актыўна падтрымліваецца працоўная моладзь. 

«Вы павінны ведаць: усё, што сёння робіцца ў маладзёжнай палітыцы і ў нашай краіне — накіравана на тое, каб наша дзяржава развівалася. У маладзёжнай сферы ў нас дзейнічае каля 50 законаў, якія рэгламентуюць дзейнасць. Вы ведаеце, што ў абноўленую Канстытуцыю мы асобна ўнеслі артыкул, прысвечаны моладзі, — звярнула ўвагу Старшыня Савета Рэспублікі. — Дзяржава робіць усё, каб стварыць умовы. А далей кожны адказвае за сваё жыццё: хочаш вучыцца — калі ласка, хочаш працаваць — таксама, хочаш жыць у сельскай мясцовасці або горадзе — выбірай. Для многіх гэта шчасце, калі табе даюць першае месца работы і ты павінен туды паехаць. Прымусіць яго там застацца складана, калі няма жылля, таму сёння ў нас прадастаўляецца арэнднае жыллё».

Маладыя людзі таксама прасілі аказаць садзейнічанне ў рэалізацыі маладзёжных праектаў. Адзін з іх — інклюзіўны. Малады чалавек прапанаваў стварыць праект, магчыма, тэлевізійную перадачу, каб з яе дапамогай паказаць не толькі людзям з інваліднасцю, але і ўсім, што ў кожнага чалавека ёсць магчымасць развівацца, што людзі з інваліднасцю нічым не адрозніваюцца ад іншых. Наталля Качанава праект падтрымала і падкрэсліла, што трэба паказваць на прыкладах рэальных людзей з інваліднасцю, як яны актыўна жывуць, працуюць, ствараюць сем’і.

Яшчэ адно пытанне датычылася дзейнасці ШІ, у прыватнасці, магчымасці яго рэгулявання на заканадаўчым узроўні. «Мы заслухалі ўсіх спецыялістаў, якія працуюць і займаюцца штучным інтэлектам, — расказала Наталля Качанава. — І, вядома, падыходзім да таго, што нам трэба будзе гэта заканадаўча ўрэгуляваць. Думаю, што ў бліжэйшы час мы гэта будзем разглядаць і над гэтым трэба працаваць. Таму што, з аднаго боку, ШІ — гэта дабро, з другога — бяда, якая прыводзіць да трагедый». 

Спікер таксама расказала маладым людзям пра традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, важнасць стварэння сям’і і дзяржаўную падтрымку маладым і шматдзетным сем’ям. Акрамя таго, Наталля Качанава заклікала моладзь берагчы сваю краіну. «Усё за вамі. Мы пакаленне, якое сыходзіць. Краіну можна зберагчы тады, калі мы ўсе будзем цаніць, што зрабілі для нас старэйшыя пакаленні, і цаніць тое, што мы сёння маем, і думаць пра тое, што калі заўтра мы паступім не так, — гэтага ўсяго можна пазбавіцца адначасова», — рэзюмавала Старшыня Савета Рэспублікі.

Абапіраючыся на вопыт старэйшага пакалення

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка сустракаўся з удзельнікамі «Размовы на роўных» у Авальнай зале Дома ўрада, якая стала сведкам найважнейшых падзей найноўшай гісторыі. Тут у якасці дэпутата Вярхоўнага Савета працаваў Аляксандр Лукашэнка, тут жа ён прынёс сваю першую прэзідэнцкую прысягу 20 ліпеня 1994 года. Менавіта ў гэтых сценах 15 сакавіка 1994 года была прынята Канстытуцыя суверэннай Беларусі — дакумент, які ўвабраў у сябе гістарычны вопыт, мудрасць пакаленняў і выразна абазначыў прыярытэты маладой дзяржавы.


І сёння ў Авальнай зале ствараюцца законы, па якіх жыве наша краіна, падкрэсліў Ігар Сергяенка, адзначыўшы, што адной з задач парламента з’яўляецца забеспячэнне пераемнасці дзяржаўнага курсу, актыўнае прыцягненне моладзі да працэсу прыняцця дзяржаўных рашэнняў: «Удзел у гэтым форуме — высокая ацэнка вашай актыўнасці, вашай неабыякавасці і імкнення ўносіць уклад у развіццё нашай краіны», — адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. 

Яшчэ ў красавіку 2025 года было прынята рашэнне аб стварэнні Маладзёжнага савета пры Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, у склад якога ўвайшло 110 маладых людзей, адзначыў Ігар Сергяенка. Сярод задач Маладзёжнага савета — удзел у грамадска-палітычным жыцці, дапамога ў фарміраванні і рэалізацыі маладзёжнай палітыкі, а таксама выхаванне патрыятызму і маральных каштоўнасцяў. Так моладзь даносіць да сваіх аднагодкаў каштоўнасці і досвед беларускага парламентарызму. 

Член Маладзёжнага савета пры Палаце прадстаўнікоў Надзея Міхайленка падкрэсліла: моладзі важна быць пачутай: «Дарослае пакаленне дзеліцца з намі досведам, каб мы ведалі, як у далейшым будаваць нашу будучую краіну, нашу маладзёжную палітыку, ад чаго нам адштурхоўвацца і з чым яе параўноўваць, — сказала дзяўчына. — Каб гэта палітыка ўжо была не маладзёжнай, а па-сапраўднаму дарослай».

«Адкрыты і шчыры дыялог», — так ахарактарызаваў сустрэчу Арцём Лявіцкі, курсант Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі. Ён прызнаўся, што было цікава даведацца пра работу Палаты прадстаўнікоў, меры падтрымкі моладзі і маладых спецыялістаў, а таксама пра тое, якім чынам можна ўнесці свой уклад у развіццё Радзімы. 

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ, Аміна НАЗАРАВА 

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю