У гістарычным цэнтры горада над Сожам, у Палацы Румянцавых і Паскевічаў сабраліся члены Савета Рэспублікі розных скліканняў, якія пакінулі значны след у развіцці Гомельскай вобласці і краіны ў цэлым і сёння працягваюць традыцыі айчыннага парламентарызму.
Школа жыцця, любові да народа і дзяржавы... Такім успрыманнем і адчуваннем найважнейшага ў іх жыцці досведу парламенцкай работы на па-сапраўднаму душэўнай сустрэчы дзяліліся сенатары, якія ў розныя гады прадстаўлялі Гомельшчыну ў Савеце Рэспублікі.
— Сёння мы сустракаемся з тымі, хто стаяў каля вытокаў станаўлення парламентарызму ў нашай краіне. Вельмі прыемна, што тут прысутнічаюць прадстаўнікі першага склікання, тыя, хто сапраўды пачынаў гэтую няпростую работу, калі, уласна кажучы, трэба было ствараць усё практычна з нуля, — адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.
Як нагадала спікер Савета Рэспублікі, двухпалатны парламент з’явіўся ў 1996 годзе, калі на рэферэндуме беларусы падтрымалі гэту прапанову Прэзідэнта.
— Вядома, першапраходцам было няпроста, тады быў няпросты час, і тым, хто стаў побач з маладым Прэзідэнтам разам, плячо ў плячо, для таго, каб стварыць прававы фундамент нашай краіны, таксама было няпроста, але яны працавалі вельмі інтэнсіўна і эфектыўна. Толькі ў першае скліканне было прынята 18 кодэксаў. Сёння мы разумеем, што гэта была цяжкая праца, але мы з гонарам працягваем тыя слаўныя традыцыі, — падкрэсліла Наталля Качанава.
На сустрэчы прагучалі самыя цёплыя словы падтрымкі і ўдзячнасці тым жыхарам Гомельскай вобласці, парламентарыям, патрыётам краіны, прафесіяналам сваёй справы, якія працавалі на сваіх месцах, займаліся грамадскай работай, працавалі з людзьмі і над вырашэннем праблем
людзей, годна прадстаўлялі рэгіён у заканадаўчым органе. За 30 гадоў дзейнасці Савета Рэспублікі з 395 чалавек з усіх рэгіёнаў краіны 56 чалавек прадстаўлялі Гомельскую вобласць.
— Мы стараемся не падвесці тых, хто працаваў у пачатку станаўлення нашага парламента, стараемся зрабіць усё для таго, каб прадоўжыць гэтыя традыцыі і прымножыць усё тое, што сёння трэба для нашай краіны, таму што час мяняецца, жыццё мяняецца, прыходзяць новыя выклікі і пагрозы, з’яўляюцца новыя задачы, якія стаяць перад Саветам Рэспублікі.
Мы стараемся зрабіць так, каб гэта было эфектыўна, каб пра нашу краіну ведалі праўду, далёка за яе межамі. Мы вельмі сур’ёзна сёння не толькі працуем над законапраектамі, не толькі працуем з людзьмі, калі выязджаем у рэгіён і праводзім прыёмы па асабістых пытаннях, разглядаем звароты, стараемся дапамагчы і падтрымаць, мы сёння вельмі сур’ёзна працуем і на міжнародным трэку, — асабліва падкрэсліла Наталля Качанава.
Так, звярнула ўвагу спікер, Савет Рэспублікі сёння бярэ ўдзел у 10 міжнародных арганізацый, пры парламенце створаны 42 рабочыя групы па супрацоўніцтве з рознымі краінамі, 6 камітэтаў камісій высокага ўзроўню.
Наталля Качанава звярнула ўвагу на работу Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі (прадстаўнікі Гомельшчыны ў ім таксама прысутнічалі на сустрэчы), адзначыўшы важнасць пераемнасці пакаленняў у заканадаўчай дзейнасці.
Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко на ўрачыстым мерапрыемстве падзякаваў усім сенатарам за адказную работу.
— Сёння перад намі стаіць сур’ёзная задача — развіццё прамысловасці і прыцягненне інвестыцый, мадэрнізацыя прадпрыемстваў, умацаванне сельскай гаспадаркі, будаўніцтва жылля і сацыяльнай інфраструктуры, развіццё малых гарадоў і вёсак. Для вырашэння гэтых пытанняў неабходны не толькі рэсурсы і кіраўніцкія рашэнні, але і пастаяннае ўзаемадзеянне ўсіх узроўняў улады. Наш Прэзідэнт даў вельмі дакладную ацэнку работы сенатараў з людзьмі. Людзі гэта вельмі цэняць, яны хочуць бачыць уладу. Змяняецца склад парламента, эканамічныя ўмовы, задачы, якія стаяць перад краінай, але ў цэнтры дзяржаўнай працы нязменна застаецца чалавек, — падкрэсліў кіраўнік рэгіёна.
Аб выпрабаваннях у гады станаўлення сельскай гаспадаркі ў Гомелькім рэгіёне, задачах, якія даводзілася вырашаць кіраўніку, парламенцкай дзейнасці падзяліўся член Савета Рэспублікі трэцяга і чацвёртага скліканняў, генеральны дырэктар ААТ «Мазырсоль» Уладзімір Дворнік.
Словы падзякі за неацэнны вопыт парламенцкай дзейнасці, магчымасць вучыцца і працаваць побач з найлепшымі прадстаўнікамі краіны ва ўсіх абласцях выказалі член Савета Рэспублікі пятага склікання, дырэктар ААТ «Отар» — Таццяна Струк і член Савета Рэспублікі шостага склікання, дырэктар ААТ «Зорка» Галіна Трыбунах.
А член Савета Рэспублікі трэцяга склікання, кіраўнік Гомельскага абласнога клінічнага кардыялагічнага дыспансера з 2003-га па 2013 год Ганна Лапаціна ўпэўнена:
— Усіх нас яднае любоў да нашай краіны, да людзей, якія жывуць на гэтай зямлі, добрых, працавітых і мэтанакіраваных.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота БелТА