Top.Mail.Ru

Качанава: Вы становіцеся грамадзянамі нашай краіны, якія ўжо нясуць адказнасць за будучыню

Урачыстая цырымонія ў рамках Усебеларускай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі!», прымеркаванай да Дня Канстытуцыі, адбылася ў Савеце Рэспублікі. 14-гадовыя пераможцы алімпіяд, спаборніцтваў, конкурсаў, грамадскія актывісты з розных рэгіёнаў краіны атрымалі з рук Старшыні Савета Рэспублікі найважнейшы дакумент — пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.


Уручэнне пашпартоў моладзі з нагоды Дня Канстытуцыі Наталля Качанава назвала добрай традыцыяй. «Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь — Асноўны Закон краіны, па якім жыве і развіваецца наша дзяржава, які вызначае нашу палітыку, сацыяльную скіраванасць», — адзначыла спікер. 

Наталля Качанава нагадала, што ў 2022 годзе ў Беларусі быў праведзены рэспубліканскі рэферэндум па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Свой унёсак у распрацоўку гэтага найважнейшага дакумента ўнеслі і заканадаўцы. 

«У 2024 годзе мы адзначылі 30-годдзе Асноўнага Закона нашай краіны, — звярнула ўвагу Наталля Качанава. — Канстытуцыя, паказвае сталасць нашага грамадства, славутую гісторыю, якую наш народ у многім выпакутаваў. У год 80-годдзя Вялікай Перамогі мы разумеем, што мы павінны захаваць святую памяць аб тых людзях, якія цаной свайго жыцця адстаялі свабоду і незалежнасць нашай краіны». Гэтыя тэзісы, як дадала спікер, адлюстраваны і ў Асноўным Законе.

Старшыня Савета Рэспублікі заўважыла, што кожны раз хвалюецца, калі ўручае маладым людзям пашпарты. «З трапятаннем прымаю ўдзел у гэтай акцыі, бо разумею, што наколькі для вас гэта важна, — удакладніла яна. — Для кожнага чалавека важна адчуваць значнасць і датычнасць да сваёй краіны. Сёння жыццё так склалася, што пашпарт можна мець з самага нараджэння. Але гэту традыцыю (уручэнне пашпартоў маладым людзям па дасягненні 14-гадовага ўзросту. — „Зв.“) мы захоўваем, бо ўсялякі раз хочацца паглядзець на вас: як вы ўспрымаеце нашу краіну, ці любіце вы яе. Дакладна ведаю, што гэта так».

Наталля Качанава адрасавала маладым людзям пажаданні: «Найперш вы павінны любіць сваю краіну, ганарыцца сваёй краінай. Наша краіна гэтага заслужыла. Вы павінны сябраваць. Сваімі адносінам да краіны, навучання, бацькоў, да школы, настаўнікаў вы павінны быць прыкладам для іншых хлопцаў і дзяўчат. І не проста прыкладам. Вы павінны падтрымліваць адзін аднаго, падказваць адзін аднаму. Ваша слова вельмі важнае для тых, хто побач з вамі, а дзеці розныя. Таму ўмейце сябраваць, шанаваць сяброўства, а самае галоўнае — умейце шанаваць чалавека. Мы павінны любіць кожнага і адносіцца па-добраму адзін да аднаго». 

«Атрымліваючы пашпарт, вы становіцеся грамадзянамі нашай краіны, якія ўжо нясуць адказнасць за будучыню, — падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі яна. — Мы вельмі спадзяёмся, што тыя пакаленні моладзі, якія прыйдуць за намі, зробяць усё для таго, каб захаваць тыя традыцыі, што былі закладзены ў нашай краіне, і захаваюць нашу краіну такой жа — мірнай, прыгожай, дагледжанай».

У падарунак хлопцы і дзяўчаты атрымалі Дзяржаўны сцяг і Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, вокладку на пашпарт і кніжнае выданне «Сімвалы суверэннай Беларусі». 

«Пашпарт — гэта не толькі дакумент, а і вялікая адказнасць за сваю краіну, — лічыць вучаніца сярэдняй школы № 1 г. Паставы Яна Савасцюк. — Цяпер я — сапраўдная грамадзянка краіны. Магчыма, у будучыні давядзецца неяк уплываць на яе лёс. Адчуваю за гэта вялікую адказнасць. Грамадзяне — гэта не толькі тыя, хто мае правы, а і тыя, хто выконвае абавязкі перад краінай, грамадствам. Ганаруся тым, што з’яўляюся яго часткай, і веру, што разам мы зможам зрабіць нашу краіну яшчэ лепшай».

Сапраўдным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь пасля атрымання пашпарта адчувае сябе і вучань сярэдняй школы № 60 г. Гомеля Іван Лук’яненка. «Мець гэты дакумент — вельмі вялікі гонар для мяне, — падзяліўся ён. — Я — жыхар гэтай краіны. І як сапраўдны грамадзянін магу ўдзельнічаць ва ўсіх справах дзяржавы».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю