Маштабнае шоу і эмацыянальнае адзінства абяцаюць арганізатары Міжнароднага музычнага конкурсу «Інтэрбачанне-2025», фінал якога ўжо заўтра пройдзе на маскоўскай Lіve Arena. Творчае спаборніцтва збярэ ў сталіцы Расіі прыхільнікаў музыкі і топавых выканаўцаў з усяго свету. Слоган мерапрыемства — «Музыка ў сэрцы тваёй краіны». Змагацца сёлета будуць прадстаўнікі 23 краін-удзельніц. У іх ліку Беларусь прадстаўляе Анастасія Краўчанка з кампазіцыяй «Матылёк».
- Артыстка, нягледзячы на малады ўзрост, ужо мае як вялікую колькасць прыхільнікаў, так і пэўныя творчыя дасягненні. За яе плячыма — выступленні на галоўных музычных конкурсах і ўласны стыль, дзе спалучаюцца сучасныя рытмы і шчырасць асобы самой выканаўцы. Хіты Насці «Рамонкі», «Фіялетава» і іншыя гучаць у эфіры радыёстанцый, а кліпы набіраюць мільёны праглядаў. Летась артыстка была прызнана «Найлепшым радыё-выканаўцам» на «Песні года Беларусі». Пацвярджаюць яе запатрабаванасць і папулярнасць у публікі таксама выступленні на фестывалі «Славянскі базар у Віцебску», на цырымоніі закрыцця ІІ Гульняў краін СНД. На «Інтэрбачанні-2025» Анастасія Краўчанка прадставіць аўдыторыі песню «Матылёк». Як расказала сама артыстка, кампазіцыя адлюстроўвае яе асабістую гісторыю, сімвалізуе ўнутраную сілу, пераадоленне цяжкасцяў і веру ў сябе на шляху да запаветнай мары.
Правіламі конкурсу прадугледжана, што песня канкурсанта павінна быць напісана не раней, чым за год да конкурсу ў жанры поп-музыкі і працягласцю да трох хвілін. Кампазіцыя можа выконвацца на любой мове. На сцэне разам з выканаўцам павінна знаходзіцца не больш за шэсць чалавек. Задача артыста-ўдзельніка — паказаць ідэі і вобразы, якія асацыююцца з яго краінай.
Трэба адзначыць, што палітра ўдзельнікаў конкурсу атрымалася цікавай. На мінулым тыдні 12 верасня прайшла жараб’ёўка сярод фіналістаў. Наша Анастасія выйдзе на сцэну пад нумарам 21. Адкрываць шоу выпала прадстаўніцы Кубы Сулеме Іглесіас Саласар з песняй «Guaguanko», а апошнім выступіць Ірхам Малік з Індыі з кампазіцыяй «Іshq» («Любоў»). Прадстаўнік Расіі Яраслаў Дронаў (SHAMAN) з песняй «Прама да сэрца» з’явіцца ў фінале пад нумарам 9. Сярод удзельнікаў пабачым і пачуем таксама выканаўцаў з Кітая, Кыргызстана, Казахстана, Бразіліі, Венесуэлы, Сербіі, Узбекістана, Эфіопіі і іншых краін. Як традыцыйна бывае на рознага кшталту конкурсных спаборніцтвах, не абыходзіцца без сюрпрызаў. Так, напрыклад, як паведамілі ў тэлеграм-канале «Інтэрбачання» арганізатары, ЗША будзе прадстаўляць не заяўлены раней Брэндан Ховард (ён не змог удзельнічаць па сямейных абставінах), а спявачка, аўтар песень і прадзюсар, сусветная зорка танцавальнай музыкі VASSY.
Найлепшага з найлепшых на конкурсе вызначыць міжнароднае журы, у якое ад Беларусі ўвайшла генеральны прадзюсар Белтэлерадыёкампаніі Вольга Шлягер, а ад Расіі прадзюсар, кампазітар Ігар Матвіенка. У адным з нядаўніх інтэрв’ю ён зазначыў, што канкурсантам недастаткова проста праспяваць прыгожа, выканаць трук, а важна выступіць з такой песняй, якая раскрые культуру краіны. «Хітовасць мяне не вельмі цікавіць, а вось аўтэнтычнасць, арыгінальнасць будуць для мяне на першым месцы падчас ацэнкі», — адзначыў ён.
Ацэнка ўдзельнікаў будзе праходзіць без галасавання гледачоў. Як патлумачыў галоўны прадзюсар музычных і забаўляльных праграм Першага канала і сапрадзюсар «Інтэрбачання-2025» Юрый Аксюта, пакінулі толькі ацэнку прафесійнага журы, каб выключыць любую падтасоўку галасавання. Таму кожны з 23 суддзяў, з улікам агульнай колькасці ўдзельнікаў, выставіць свае балы ад 1 да 23, размяркоўваючы месцы. Галоўныя прызы, якіх будзе ўдастоены пераможца «Інтэрбачання-2025», — гэта крыштальны кубак і 30 мільёнаў расійскіх рублёў.
Прамая трансляцыя конкурсу будзе ісці ў эфіры шэрагу буйнейшых замежных тэлеканалаў. Беларусы таксама маюць магчымасць назіраць за шоу ў рэжыме рэальнага часу — фінал маштабнага творчага спаборніцтва ў прамым эфіры пакажа тэлеканал «Беларусь 1». Пачатак трансляцыі 20 верасня ў 20.30.
Алена ДРАПКО